Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

В Копыле прошёл День белорусской письменности

Дзень беларускага пісьменства адбыўся ў старажытным Капылі, адлік гісторыі якога вядзецца з 1006 года.

Аб гэтым нагадаў нам знак на ўездзе ў горад. А тое, што Капыль рыхтаваўся да свята і прыезду гасцей, было відаць і так – бо сустракаў абноўленым, чыстым, адметнай атмасферай, разнастайнымі пляцоўкамі і гасцінна: сімвалічную саламяную кампазіцыю ў выглядзе кнігі з надпісам “Капыль вітае!” заўважыў кожны.

ёлета ХХVІІ Дзень беларускага пісьменства адзначае наша краіна – нагадалі вядучыя Алена Спірыдовіч і Яўген Лашкоўскі і запрасілі на сцэну для ўрачыстага адкрыцця свята старшыню арганізацыйнага камітэта намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігара Петрышэнку, старшыню Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Турчына, Міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Пярцова, мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі.

Прывітанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам і гасцям свята агучыў Ігар Петрышэнка. Гаварылася, што ў жыцці народа літаратура заўсёды была найважнейшым сродкам пазнання свету і выхавання асобы. І што невычэрпнай крыніцай нацыянальнага гонару з’яўляецца творчасць Максіма Багдановіча, Івана Шамякіна, Кандрата Крапівы, Івана Мележа і іншых айчынных пісьменнікаў. Дзякуючы славутым класікам і новаму пакаленню таленавітай і патрыятычнай
моладзі зберагаецца гістарычная памяць беларускага народа, усталёўваюцца ў грамадстве яго галоўныя каштоўнасці – сумленнасць, справядлівасць, талерантнасць, павага да чалавека працы і вялікая любоў да роднай зямлі. “Праўдзівае, адказнае і сумленнае роднае слова – залог кансалідацыі грамадства, на падмурку якога мы зможам і надалей паспяхова будаваць незалежную, моцную і квітнеючую краіну” – так завяршыўся зварот.

Капыльшчына заслужыла называцца сёлета сталіцай беларускага пісьменства – у гэтым меркаванні сышліся астатнія выступаючыя, адзначаючы багатую гісторыю, культуру краю і ўзгадваючы імёны яго славутых сыноў. Цэлае сузор’е імёнаў знакамітых пісьменнікаў дала свету Капыльшчына. Сярод іх Алесь Адамовіч, Цішка Гартны, Анатоль Астрэйка, Сцяпан Александровіч, Аляксей Коршак, Адам Русак. Да віншаванняў дадалося прывітанне з космасу ад беларускага лётчыка-выпрабавальніка касманаўта Алега Навіцкага і ад старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь Наталлі Качанавай.

Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў разам са старшынёю грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Мікалаем Чаргінцом абвясцілі імёны пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная літаратурная прэмія-2020”.

У намінацыі “Лепшы твор, зборнік твораў паэзіі” адзначаны Віктар Шніп за зборнік “Белае, чорнае і залатое”. У намінацыі “Лепшы твор прозы” пераможцам стаў Віктар Праўдзін за кнігу “Парыж, Эйфелева вежа і…”. Лепшым творам літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства за 2020 год стала кніга Алеся Карлюкевіча “Пухавіччына. Літаратурнае гняздо Беларусі”. Пераможцам у намінацыі “Лепшы твор публіцыстыкі” стаў Аляксандр Радзькоў. У намінацыі “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва 2020 года” адзначана Валянціна Паліканіна. “Лепшы дэбют-2020” – пераможцай у гэтай намінацыі стала Кацярына Страйлова.

Пасля ўрачыстасці ўдзельнікі свята атрымалі асалоду ад канцэртнай праграмы і змаглі ў поўнай меры адчуць атмасферу святочнага Капыля, якая разлілася па яго вуліцах. Паглядзець было што: у павільёнах працавалі разнастайныя тэматычныя экспазіцыі, інтэрактыўныя пляцоўкі, праходзілі сустрэчы з аўтарамі і навукоўцамі, прэзентаваліся праекты і кнігі, праводзіліся майстар-класы, віктарыны і гульні. “Слова пісьменніка“ – так называлася выстава-прэзентацыя выданняў членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Да Дня народнага адзінства, які ўпершыню адзначаць у Беларусі 17 верасня, была прымеркавана выстава-прэзентацыя кніг. Былі прадстаўлены аўтарскі праект лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” Уладзіміра Ліхадзедава, прысвечаны сродкам масавай інфармацыі 20-30-х гадоў мінулага стагоддзя, і выстава рарытэтных рэчаў, прысвечаная Году народнага адзінства.

Разнастайнай была пляцоўка Горада майстроў, дзе Вілейшчыну прадставілі Цэнтр эстэтычнага выхавання і Крывасельскі сельскі Дом культуры. Запомнілася адкрыццё Алеі пісьменнікаў Капыльшчыны і абрад ”Цары“, уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА. Прыемна, што віляйчане, якія прынялі ўдзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства, былі заўважаны. У іх ліку ільянская “Смехата”, адзначаная дыпломам ІІ ступені ў фестывалі гумару “Капыльскія пацехі”, і Мікіта Аўрэйцэвіч, узнагароджаны дыплома ІІ ступені ў абласным музычна-паэтычным конкурсе “Адкрытым сэрцам чую кліч Радзімы” ў намінацыі “Песня”. Педагог Вілейскай гімназіі №2 (і ён жа – дзіцячы пісьменнік, творы якога падабаюцца і дарослым) Віктар Кажура разам з унучкай Ангелінай Прохаравай удзельнічаў у пяці творчых пляцоўках. Ён упэўнены, што будучае беларускай літаратуры залежыць ад падрастаючага пакалення – і гэтым меркаваннем падзяліўся падчас Дня беларускага пісьменства. Годна нясе роднае слова і народны калектыў аўтарскай песні “Элегія” пад кіраўніцтвам Таццяны Захарыч – вілейскія артысты выступалі на пляцоўцы “Літаратурнае кафэ”, куды завіталі прыхільнікі іх таленту.

Таццяна ШАРШНЁВА/Фота аўтара

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 72 queries