Год эканоміі і беражлівасці закончыўся, але справа, наладжаная па энергазахаванні, прадаўжаецца. У мінулым годзе Ільянская сярэдняя школа імя А.А.Грымаця пачала рэалізацыю праекта па расшырэнні сеткі грамадскай экалагічнай сертыфікацыі “Белы бусел” і ўкараненні сістэмы экалагічнага менеджменту (СЭМ). Праект ажыццяўляецца пры садзейнічанні Праграмы падтрымкі Беларусі, якая рэалізуецца Дортмундскім міжнародным адукацыйным цэнтрам (IBBDortmund) па даручэнні Міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (BMZ) і Грамадства па міжнародным супрацоўніцтве (GIZ).
Шмат розных мерапрыемстваў адбылося за гэты час у рамках праекта: праведзены папярэдні экалагічны аўдыт, выяўлены экалагічныя аспекты, распрацаваны экалагічная палітыка і экалагічная праграма школы, вызначаны мэтавыя і планавыя паказчыкі, уведзена Кіраўніцтва па СЭМ школы, рэалізаваны міні-праект “Удасканальванне сістэмы абыходжання з адходамі”.
Адным са шляхоў рэалізацыі экалагічнай палітыкі школы з’яўляецца правядзенне мэтанакіраванай адукацыйнай і выхаваўчай работы з дзецьмі, дарослымі і жыхарамі мікрараёна ў вобласці энергаспажывання і аховы навакольнага асяроддзя. Для павышэння кампетэнцыі саміх педагогаў у гэтым накірунку праводзяцца кансультацыйныя сустрэчы, экскурсіі ва ўстановы, дзе дзейнічае экалагічны менеджмент, навучальныя семінары, канферэнцыі.
Семінар-трэнінг “Экалагічны менеджмент. Як гэта працуе?”, арганізаваны менеджарам праекта Л.Якавюк (ГА “Жыццё пасля Чарнобыля”) сумесна з экспертам-кансультантам В.Свістуновай (настаўнік экалогіі гімназіі №19 г.Мінска), адбыўся 3 студзеня ў інфармацыйным цэнтры Ільянскай СШ імя А.А.Грымаця. Мэтай яго быў аналіз дзейнасці супрацоўнікаў школы па ўкараненні сістэмы экалагічнага менеджменту. Усім добра вядома, што перад экзаменам (сертыфікацыяй) неабходна прывесці ўсе справы ў парадак.
Пачаўся семінар з развіцця матывацыі экалагічных паводзін удзельнікаў праз прагляд відэафільма “Гісторыя рэчаў” А.Леанард. Потым Л.Якавюк паведаміла аб сутнасці экалагічнага менеджменту або сістэмы кіравання навакольным асяроддзем, аб патрабаваннях сістэмы стандартаў ІСО серыі 14000, аб стварэнні і функцыянаванні сістэмы. Затым былі падрабязна прааналізаваны элементы, прынцыпы і этапы ўкаранення сістэмы кіравання навакольным асяроддзем у нашай школе. Ільянская школа прайшла 5 з 6-ці этапаў, і зараз вядзецца актыўная работа па стварэнні экалагічнай дэкларацыі – дабравольнай экалагічнай справаздачы.
Упаўнаважаны па экалагічным менеджменце А.М.Міхалёнак прадставіла гасцям вопыт нашай школы па экалагічным выхаванні навучэнцаў па наступных накірунках: эканомія цяпла, вады, электраэнергіі, збор макулатуры, гальванічных элементаў і раздзельны збор смецця. Акцэнтавала ўвагу на выкарыстанне стэнда “Экалагічны веснік” у фарміраванні інфармацыйнай прасторы па прапагандзе, навучанні і выхаванні грамадскасці ў сферы энергазберажэння.
Затым слова ўзяла В.Свістунова. У сваёй прэзентацыі яна паведаміла аб праекце “Даем адходам другі шанс”, арганізаваным у гімназіі №19 г.Мінска. Падрабязна апісала ўсе этапы праекта. Падзялілася ўражаннямі аб розных экалагічных акцыях, якія праводзяцца ў гімназіі: “Даём другое жыццё ПЭТ бутылцы”, “Націсні на пластык”, “Выратуем беларускія лясы”, “Чыстая энергія, або аперацыя “Утылізацыя”, “Планета без адходаў”, “Экамода”, “Экалагічны выбар”, расказала аб праблемах, якія ўзнікалі ў працэсе работы, адказала на ўзнікшыя ў прысутных пытанні.
Эмацыянальна насычанай і творчай на трэнінгу была работа ў групах. Удзельнікі семінара абмяркоўвалі і запаўнялі звесткамі табліцы па відах і месцах збору смецця адміністрацыяй, настаўнікамі, навучэнцамі і персаналам школы. Былі ўлічаны розныя падраздзяленні школы – класы, сталовая, гаспадарчая дзейнасць і транспарт. Абаранялі свае напрацоўкі актыўна і прафесійна.
Акцыя “Белы бусел”, заснаваная на сістэме экалагічнага менеджмента, дазваляе Ільянскай школе рэзультатыўна праводзіць экалагічнае навучанне школьнікаў, работнікаў і бацькоў, далучыцца да шматлікіх прыхільнікаў ідэй устойлівага развіцця.
Зоя КІПЕЛЬ, кіраўнік рабочай групы праекта, Ільянская СШ
імя А.А.Грымаця











