Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

В Илье прошёл районный праздник Сёмуха

27 мая ў аграгарадку Ілья адбылося раённае свята Сёмухі. Вось ужо трынаццаты год запар падобныя святы ладзяцца на Вілейшчыне, кожны раз вандруючы па розных вёсках і мястэчках нашага раёна. Ільянцы разам з гасцямі свята зладзілі сапраўднае народнае гулянне з абрадавымі песнямі, традыцыйнымі народнымі танцамі, жартоўнымі і эстраднымі нумарамі пад агульнай назвай «Як у нашай у Іллі дзеўкі Тройцу завілі».


На мяжы вясны і лета, у ажуры пяшчотнай лістоты і шчабятання птушак, святкуецца Сёмуха – адно з галоўных гадавых святаў, якое завяршае веснавы цыкл абрадавага кола беларусаў. У хрысціянскай культуры Троіца сімвалізуе спасланне Святога Духа на апосталаў пасля Узнясення Ісуса Хрыста і дэманструе трыадзінства Бога. Гэты дзень лічыцца днём нараджэння царквы, таму што менавіта пасля гэтай падзеі апосталы пайшлі па зямлі прапаведаваць слова Хрыста. Адзначаецца Сёмуха на пяцідзясяты дзень пасля Вялікадня, таму дата свята рухомая і змяняецца ад года да года. Сёмуха – і старажытнае земляробчае свята славянскіх народаў, у аснове якога культ зеляніны, маладосці і шанавання продкаў. Менавіта свята Сёмуха з’яўляецца заканчэннем веснавых палявых работ, а ўвесь тыдзень пасля Тройцы лічыцца святочным і называецца «Зялёныя святкі». Каб заручыцца падтрымкай на добры ўраджай, напярэдадні Сёмухі, у суботу, спраўляюцца Сёмушныя, ці Траецкія Дзяды, і тым самым ушаноўваецца памяць продкаў. Вернікі ў гэты дзень прыходзяць на службы, каб асвяціць галінкі аеру, клёну, бярозы, якія захоўваюць увесь год і лічаць абярэгам хаты.

На Вілейшчыне здаўна існуе звычай перад святам Сёмухі прыбіраць і ўпрыгожваць хаты і двары «маем» – аерам ці так званым у народзе яварам, галінкамі і дрэўцамі бярозы, іншай зеляніны. Бярозе надаецца асаблівае значэнне, бо яна зелянее раней за іншыя дрэвы і найбольш увасабляе жыватворную сілу зямлі. Ёю ўпрыгожваюць покуць, ставяць каля брамы, веснічак, на падлозе і па двары сцелюць явар.

– Галоўная наша задача – захаванне традыцыйнай культуры Вілейшчыны і далучэнне да народных традыцый моладзі, – падзялілася з намі дырэктар Цэнтральнай клубнай сістэмы Вілейскага раёна Віялета Сушко. – Падобныя святы мы ладзім ужо больш за дзясятак гадоў, пачынаючы з 2005 года, і кожны раз выбіраючы адзін з населеных пунктаў раёна цэнтрам гэтых святкаванняў. Сюды з’язджаюцца лепшыя калектывы раёна, сельскіх Дамоў культуры і клубаў, у тым ліку і дзіцячыя.

– Рады вітаць усіх на гасціннай ільянскай зямлі, – адзначыў у прывітальным слове Аляксандр Мікуцкі, старшыня Ільянскага сельвыканкама. – Мы абавязаны захоўваць і адраджаць нашу культурную спадчыну. А падобныя святы спрыяюць міжкультурнаму дыялогу і захаванню лепшых культурных здабыткаў нашага народа.

У святочны дзень на цэнтральнай плошчы Ільі супрацоўнікі клубных устаноў і ўдзельнікі калектываў аматарскай мастацкай творчасці прадставілі на сцэне сёмушны абрад «Ваджэнне куста», прадэманстравалі традыцыйныя беларускія побытавыя танцы, абрадавыя спевы. У былыя часы нашы прабабулі, будучы маладымі дзяўчатамі, з песнямі хадзілі ў лес і завівалі маладыя бярозкі паміж сабой стужачкамі, каб атрымаліся такія ўпрыгожаныя варотцы. Гэтыя дзеянні суправаджалася спевамі, карагодамі, праслаўленнем зеляніны, моцы прыроды. Менавіта гэта ў тэатралізаванай форме паказалі раённыя артысты наведвальнікам свята. У сваю чаргу, кожны з наведвальнікаў прытанцоўваў, спяваў разам з самадзейнымі артыстамі, адным словам – Ілья гуляла. Гаспадары свята, артысты ільянскага Дома культуры арганізавалі сапраўды шыкоўнае свята, адметнае спрадвечнымі народнымі песнямі, тэатралізаванымі пастаноўкамі і прадэманстравалі каларыт ільянскай зямлі – жарты, песні і тэатралізацыі. У гэты ж дзень на сцэне выступілі калектывы Даўгінаўскага, Куранецкага, Людвіноўскага, Шылавіцкага, Нарачанскага, Вязынскага сельскіх Дамоў культуры, прадэманстраваўшы ўсю шматгранную палітру прафесійнага і самадзейнага мастацтва. Радавалі ільянцаў і гасцей свята народны калектыў аўтарскай песні «Імпэт» Ільянскага сельскага Дома культуры, а таксама гурт «Бабіна лета» Вілейскага Палаца культуры, які, дарэчы, каларытна на запрэжаным кані, седзячы на ўпрыгожаным зелянінай вазку, прыехаў на свята. Акрамя гэтага для ўсіх наведвальнікаў свята працавалі шматлікія выставы-продажы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прадстаўленыя Вілейскім раённым Домам рамёстваў і Крывасельскім сельскім клубам, гандлёвыя рады і дзіцячыя атракцыёны, што поўніліся смехам і задорам юных ільянцаў.

– Вельмі добра, што ў нас арганізоўваюцца падобныя святы, – распавяла нам адна з наведвальніц свята спадарыня Алена. – Сёння мы разам з дзецьмі і роднымі наведалі з раніцы царкву, а зараз з задавальненнем прыйшлі на свята. Вялікія малайцы артысты, асабліва люблю слухаць, калі гэта ўдаецца, выступленне нашай ільянскай «Смехаты» – яны сапраўдныя артысты вялікага ўзроўню. Паглядзіце, з якім задавальненнем забаўляюцца дзеці, а ўсе дарослыя слухаюць выступленні артыстаў і пляскаюць у далоні. Мне асабліва падабаецца, калі спяваюць пад гармонік. А колькі таленавітых дзетак выступае!

Ільянцы годна адзначылі свята найвышэйшага росквіту прыроды, з песнямі, танцамі і гульнямі, выканаўшы сапраўдны гімн маці-прыродзе, сімвалічна правялі вясну і распачалі лета. Дзякуем ільянскім артыстам, а разам з імі і ўсім работнікам культуры раёна і самадзейным артыстам, за цудоўнае свята і іх прафесіяналізм.

Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара

 

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 44 queries