Мы разам! Такую назву меў раённы фестываль, прысвечаны Году моладзі. Дакладней, яго вынікам. Адразу на некалькі пытанняў імкнуліся адказаць удзельнікі мерапрыемства. Па-першае, якія лепшыя якасці маладых ён прадэманстраваў? Па-другое, што новае прынёс у іх жыццё? Які адбітак пакінуў на марах, праектах, якія акрэсліў перспектывы? А яшчэ было і па трэцяе, і па чацвёртае… Год многае змясціў у сабе. Акрэсліўшы пэўны адрэзак часу, ён напоўніў яго асаблівым зместам, рэаліямі, што стварылі маладыя сваімі розумамі і сэрцамі.
Юнакі і дзяўчаты, якія сабраліся ў актавай зале гімназіі № 1 «Логас», былі ўсе неардынарнымі асобамі, удзельнікамі і пераможцамі рознага роду акцый, конкурсаў, спаборніцтваў, творчых і працоўных спраў.
Сцэнарый фестывалю быў пабудаваны такім чынам, што сюжэты многіх дзей года склалі яго змест, стварылі бачны малюнак спраў маладых, што яшчэ доўга будуць гучаць звонкім рэхам у іх сэрцах, натхняючы на палёт і напаўняючы жывой энергіяй крылы.
«Хачу жыць у чыстым свеце»,– заявіла агітбрыгада «ГРЫН» вілейскай гімназіі № 2, пераможца раённага конкурсу і дыпламант абласнога.
– Як ты думаеш – ці лёгка быць маладым? Ініцыяваны гэтым пытаннем дыялог вядучых зацікавіў і насцярожыў залу. Бо, пэўна, кожны з прысутных меў сваё меркаванне на гэты конт.
– Лёгка, – прагучала такая думка. Бо маладосць – гэта энергія жыцця, гэта час, калі чалавек поўны амбіцый і любая задача яму па плячу.
Ілюстрацыя таму – каманда КВН юных інспектараў руху «Логаса», пераможца занальных і прызёр абласных гульняў клуба.
Паспяховых і таленавітых тут – поўная зала. Віталь Рогач, напрыклад, вучань пятай сярэдняй школы, – дыпламант рэспубліканскага конкурсу ў намінацыі «Турнір эрудытаў».
У першынстве вобласці па пажарна-выратавальнаму спорту ўдзельнічала агітбрыгада выратавальнікаў – пажарных СШ № 1. Яе выступленне таксама віталі прысутныя. Знаходлівасць, бадзёрасць, пошук нестандартных рашэнняў прадэманстравала каманда КВН-2015 «Асенні марафон» сярэдняй школы № 3. Пераможцам раённага этапа спаборніцтваў атрадаў юных інспектараў дарожнага руху і ўдзельнікам абласных спаборніцтваў стала агітбрыгада ЮІД «НОН-СТОП» СШ № 5. Юныя ў фінальным выступленні прадэманстравалі свае навыкі, гарэзнасць, кемлівасць і творчы імпэт. Заключны акорд – як промень адкрытага сонца на захадзе восеньскага дня. І абяцанне таго, што наперадзе чарговы кругаварот прыроды. Ён здзейсніць самыя смелыя спадзяванні і надзеі. Пакуль вы – разам.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

















