Жнівеньская раённая канферэнцыя педагогаў – гэта старт да пачатку новага навучальнага года для ўсіх работнікаў адукацыі, свята сустрэч і творчых стасункаў. 30 жніўня, за дзень да першага школьнага званка, яна адбылася ў чарговы раз у Палацы культуры.
«Адукацыя Вілейскага раёна: рэзервы якасці і арыенціры ўстойлівага развіцця» – такой была тэма пленарнага пасяджэння. Асноўным лейтматывам канферэнцыі стала дэманстрацыя дасягненняў і абмеркаванне перспектыў развіцця раённай сістэмы адукацыі. Тут падвялі вынікі мінулага навучальнага года і вызначылі прыярытэты ў пастаноўцы задач на наступны.
Канферэнцыя стала сапраўдным святам для педагагічнай грамадскасці, сагрэтае цяплом апошніх летніх дзён. У бягучым годзе перад пачаткам афіцыйнай часткі мерапрыемства на другім паверсе ўтульнага Палаца культуры была арганізавана выстаўка аўтарскіх кампазіцый, можна сказаць, сапраўдны «кветкавы вернісаж», а таксама творчых прац педагогаў, якія захапляюцца самымі разнастайнымі відамі творчасці – ад бісерапляцення і саломапляцення да пластычнай лепкі.
І вось празвінеў «трэці званок»… У актавай зале сабраліся заслужаныя настаўнікі, ветэраны педагагічнай працы, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, словам, увесь педагагічны актыў раёна. У працы пленарнага пасяджэння ўдзельнічалі: старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Кот, яго намеснік Святлана Дзяруга, старшыня Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч, кіраўнікі ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў горада і раёна.
Першымі акордамі свята стала ўшанаванне тых, хто толькі ўступае на педагагічны шлях. Вітальныя словы і наказ дваццаці тром маладым спецыялістам былі сказаны намеснікам старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы Святланай Дзяруга, якая пажадала, каб для кожнага з іх Вілейскі раён стаў родным і яны змаглі тут стварыць сям’ю, пабудаваць дом і аддана працаваць на ніве педагагічнай дзейнасці. Таксама новаму пакаленню педагогаў былі ўручаны памятныя сувеніры аб Вілейскім раёне.
З асноўным дакладам, у якім былі падведзены вынікі працы за мінулы навучальны год і вызначаны перспектывы развіцця галіны на новы, выступіў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Пуцэйка. Падчас яго выступлення на экранах дэманстраваліся слайды аб дасягненнях і поспехах устаноў адукацыі ў 2015/2016 навучальным годзе. А ганарыцца ёсць чым.
У выступленні начальніка аддзела было адзначана, што Вілейскі раён валодае неабходным кадравым патэнцыялам, здольным забяспечваць якасць адукацыйнага працэсу, у тым ліку праз арганізацыю інавацыйнай дзейнасці. Забяспечана даступнасць дашкольнай адукацыі. Праводзіцца паслядоўная праца па стварэнні адукацыйнага асяроддзя, што адпавядае сучасным патрабаванням, у тым ліку і ў сельскай мясцовасці. Пашыраецца спектр розных формаў арганізацыі дашкольнай адукацыі, у тым ліку і на платнай аснове. Удасканальваецца дзейнасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, умацоўваецца іх матэрыяльна-тэхнічная база. Забяспечаны неабходны ўзровень камп’ютарызацыі адукацыйных устаноў, кожная ўстанова адукацыі шырокапалосны доступ інтэрнэт. Працягваецца праца па ўкараненню інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйны працэс. Пастаянна ўдасканальваецца сістэма работы па выяўленню і развіццю таленавітых і адораных дзяцей і моладзі. Вядзецца работа па фармаванню цікавасці да вынаходніцкай і даследчай дзейнасці, тэхнічнай творчасці вучняў.
Створаны ўмовы для фарміравання ў падрастаючага пакалення ідэйнасці і маральнасці, адказнасці і законапаслухмянасці, актыўнага ўдзелу ў рэалізацыі палітыкі дзяржавы праз больш шырокае выкарыстанне патэнцыялу грамадскіх і гуманітарных дысцыплін і папулярызацыі гістарычнай і нацыянальнай спадчыны.
Вялікая ўвага ў сферы адукацыі Вілейскага раёна надаецца захаванню і ўмацаванню здароўя дзяцей, у тым ліку дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці, дзяцей-сірот, сацыяльна неўладкаваных дзяцей. Праводзіцца мэтанакіраваная прафарыентацыйная работа з навучэнцамі – патэнцыяльнымі абітурыентамі сістэмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
У ходзе канферэнцыі адзначана, што новы навучальны год з’яўляецца працягам ва ўдасканаленні айчыннай адукацыі. І сёння галоўная задача педагагічнай грамадскасці – быць актыўнымі ўдзельнікамі інавацыйных працэсаў, падняць прэстыж настаўніцкай прафесіі на належную вышыню, захаваць і прымножыць лепшыя традыцыі айчыннай школы. І я мяркую, кожны пагадзіцца, што гэта не проста гучныя словы, а вялікая, штодзённая праца.
Педагагічная канферэнцыя праходзіла ў атмасферы творчасці і супрацоўніцтва і завяршылася ўзнагароджаннем ганаровымі граматамі і падзячнымі лістамі раённага выканаўчага камітэта і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама педагогаў за добрасумленную працу і высокія прафесійныя вынікі.
Хвалюючым момантам сустрэчы стала ўшанаванне кіраўнікоў дашкольных устаноў адукацыі, якія прысвяцілі сваёй пасадзе шмат год адданай працы і якія ў гэтым годзе пайшлі на заслужаны адпачынак. Шчырыя і добрыя словы падзякі за бездакорную працу сказала старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч і разам з старшынёй Вілейскага раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святланай Валынец уручылі памятныя падарункі Башлаковай Антаніне Антонаўне, дырэктару ДУА «Яслі-сад № 8 г.Вілейкі», Багдановіч Але Казіміраўне, дырэктару ДУА «Любанскі дзіцячы сад», і завочна Клімовіч Ядвізе Іванаўне, дырэктару ДУА «Яслі-сад № 11 г.Вілейка».
Гучалі падчас канферэнцыі і шчырыя словы падзякі ўсім шэфскім арганізацыям і тым, хто дапамагаў у паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановам адукацыі.
Сапраўдным падарункам для ўсіх педагогаў Вілейскага раёна стала канцэртная праграма другой часткі педагагічнай канферэнцыі, што была арганізавана Вілейскім раённым аб’яднаннем прафсаюзаў у рамках Рэспубліканскай грамадзянска-патрыятычнай акцыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Мы – разам!».
Канцэрт стаў яркім фінальным акордам педагагічнай канферэнцыі. Вілейскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў уключае ў сябе 118 прафсаюзных арганізацый і аб’ядноўвае каля 13 тысяч чалавек.
Падчас канцэрта Вілейскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў сумесна з Вілейскім раённым камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі адзначылі лепшых сярод педагогаў, за іх уклад у прафесійную дзейнасць.
Так, у красавіку-маі 2016 года ва ўстановах адукацыі раёна праводзілася раённая дэкада маладога педагога «Педагагічны дэбют». У дэкадзе прынялі ўдзел маладыя педагогі з 8 ўстаноў адукацыі раёна. Усе ўдзельнікі конкурсу паказалі свае педагагічныя здольнасці, але як у любым конкурсе ёсць пераможцы. Цікава, што імі сталі маладыя педагогі, якія пачалі сваю педагагічную дзейнасць у 2015 годзе. Усіх іх прадставілі і ўзнагародзілі дыпломамі і грашовымі сертыфікатамі. Дыпломам аддзела адукацыі, спорту і турызму Вілейскага райвыканкама, Вілейскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі былі адзначаны:
– Козел Юлія Анатольеўна, настаўнік фізікі і матэматыкі ДУА «Людвіноўская сярэдняя школа»;
– Станулевіч Наталля Іванаўна, настаўнік тэхнічнай працы ДУА «Вілейская гімназія №2»;
– Янчук Анастасія Сяргееўна, выхавальніца ДУА «Санаторны яслі-сад №10 г. Вілейкі» ;
– Ёрш Вольга Васільеўна, настаўнік-дэфектолаг ДУА «Сярэдняя школа №5 г. Вілейкі».
Асаблівых слоў павагі заслугоўваюць працоўныя дынастыі педагогаў, якім таксама былі ўручаны памятныя падарункі. Гэта педагагічная дынастыя Тупіцыны – Леберт ДУА «Даўгінаўская сярэдняя школа». Родапачынальнікам дынастыі з’яўляецца Тупіцын Васіль Іванавіч (1916-1995), настаўнік беларускай мовы і літаратуры, працаваў у Даўгінаўскай школе з 1936 да 1976 г. Тупіцына Галіна Васільеўна (дачка) нарадзілася ў 1949 годзе. Працавала настаўнікам англійскай мовы з 1970 года. З 1987 па 2009 год з’яўлялася дырэктарам Даўгінаўскага школы. І ў цяперашні час перадае свой вопыт і веды маладым педагогам. Узнагароджана знакам «Выдатнік народнай адукацыі БССР» і медалём «За працоўныя заслугі». Леберт Віталь Іванавіч, унук Васіля Іванавіча, працуе настаўнікам тэхнічнай працы ў Даўгінаўскага сярэдняй школе з 1995 года.
Педагагічная дынастыя Жынгілевіч – Рудак ДУА «Куранецкая сярэдняя школа». Дынастыя – у трох пакаленнях, 7 педагогаў, 268 гадоў агульнага стажу педагагічнай працы. Старэйшынай дынастыі з’яўляецца Рудак Паліна Фёдараўна 1922 г.н., ураджэнка г. Лепеля, якая з 1964 года працавала ў Куранецкай сярэдняй школе настаўнікам пачатковых класаў. Яе дачка, Рудак Наталля Юр’еўна, працуе настаўнікам біялогіі ў гэтай жа ўстанове з 1975 года. А унучка Жынгілевіч Вольга Валер’еўна з 1994 года працуе настаўнікам пачатковых класаў, педагогам-псіхолагам. Свякроў Вольгі Валер’еўны, Жынгілевіч Галіна Уладзіміраўна, таксама педагог Куранецкай школы, з 1989 па 2005 год – была дырэктарам гэтай установы. Яе сёстры таксама працавалі педагогамі.
У гэтых дзвюх дынастыях прасочваецца не толькі вернасць прафесіі, але і вернасць сваім установам – Даўгінаўскай і Куранецкай сярэднім школам, якія з’яўляюцца аднымі з найстарэйшых устаноў адукацыі раёна, не так даўно яны адзначылі сваё 150-годдзе.
Педагагічная дынастыя Мацейковіч – Мамай ДУА «Куранецкая сярэдняя школа». Агульны іх стаж педагагічнай працы – 164 гады. Родапачынальнік дынастыі Хадзінская Алена Васільеўна (1929-2007 гг.) – настаўнік нямецкай мовы, беларускай мовы і літаратуры Рэчкаўская БШ з 1950 па 1991 год. Тры дачкі сталі педагогамі. Дзве з іх працуюць у нас у раёне – Мацейковіч Ларыса Міхайлаўна, з 1985 года настаўнік матэматыкі ДУА «Куранецкая сярэдняя школа», Шпаковіч Валянціна Міхайлаўна, настаўнік абслугоўваючай працы гімназіі «Логас» г.Вілейка. Унучка Мамай Наталля Іванаўна з 1999 года настаўнік пачатковых класаў Вілейскай гімназіі «Логас».
Апафеозам свята стаў вялікі канцэрт фіналістаў Рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў «Новыя імёны Беларусі» і зорак беларускай эстрады, сярод якіх на вілейскай сцэне выступілі Вольга Плотнікава, народны артыст Беларусі Эдуард Ханок, заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева, Саша Нема і іншыя.
Сяргей ГАНЧАР.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА
завидую деткам в школах которых хороший уровень подготовки,в нашей же школе,новоиспеченные учителя,умеют только требовать унижать и оскорблять детей,и им за это ничего не будет,весь старший педагогический состав,закрывает на это глаза,ссылаясь на то,скажите спасибо,что в деревенскую школу хоть кто то идет *SORRY*