Людзі старэйшага пакалення памятаюць, як яны, калі вучыліся ў школе, былі цімураўцамі, дапамагалі састарэлым, нямоглым людзям. Колькі радасці было бабульцы, калі прыходзілі да яе хлопчыкі і дзяўчынкі. Яны і ў двары прыбяруць, і посуд памыюць, і ў магазін збегаюць. Паступова гэты рух страціў сваю актыўнасць. А шкада. Патрэба ёсць вялікая. Лічыце самі. У Вілейскім раёне пражывае 49246 чалавек, а 13246 з іх – пенсіянеры. 7 952 пенсіянеры, якія пражываюць адзінока, 1059 – зусім адзінокія, 426 чалавек – інваліды 1 групы, 1471 – 2 групы. Шмат каму патрэбна сацыяльная дапамога, а на даму абслугоўваецца толькі 1825 чалавек.
У раёне робяцца розныя захады, каб не пакінуць без увагі нямоглых, адзінокіх людзей. Гэта і бальніца сястрынскага догляду ў Іжы, і дом састарэлых і інвалідаў у Куранцы, аказваецца сацыяльная і матэрыяльная дапамога. Мы не можам пакінуць без увагі тых, хто змагаўся на франтах Вялікай Айчыннай вайны, хто адбудоўваў разбураную вайной Беларусь, паднімаў калгасную гаспадарку.
Нягледзячы на тое, што ў нашым раёне нямала робіцца для такіх людзей, ёсць праблемы, якія могуць вырашыць валанцёры. У 2013 годзе раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа працавала над праектам “ З клопатам”. У рэалізацыі задач актыўную дзейнасць праявілі валанцёры. Беларускім Аб’яднаннем Чырвонага Крыжа дзейнасць валанцёрскага руху атрымала высокую ацэнку. Нам даручылі прадоўжыць рэалізацыю праекта і ў 2014 годзе.
У гэтым годзе стартавалі яшчэ два праекты: “МОСТ – міласэрнасць, зносіны, супрацоўніцтва, талерантнасць”, якім кіруе спецыяліст цэнтра па сацыяльнай рабоце Марына Макарава, і “Удасканаленне сістэмы валанцёрскай дапамогі слабым катэгорыям насельніцтва Літвы, Латвіі і Беларусі” – кіраўнік,старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Святлана Лях. Над вырашэннем пастаўленых праектамі задач і працуем сёння.
Дык хто ж яны, валанцёры? На першы погляд, гэта моладзь. Сапраўды, нядрэнна, каб моладзь клапацілася аб пажылых людзях. Сувязь пакаленняў – гэта цудоўна! І гэта работа праводзіцца. Ствараюцца маладзёжныя атрады валанцёраў, зацікаўлены ў гэтым піянерскія атрады, камсамол. Вучні сярэдніх школ №1 і №3 выказалі жаданне працаваць валанцёрамі, а навучэнцы каледжа ўжо даўно працуюць у гэтым накірунку. Але сёння той-сёй са здзіўленнем глядзіць на тое, што людзі сталага ўзросту займаюцца валанцёрскай справай. Ды ці можна гэту дзейнасць назваць работай? Хутчэй за ўсё – гэта кліч сэрца, боль душы, жаданне дапамагчы таму, хто слабейшы за цябе, каму патрэбна сустрэча, размова, парада.
Валанцёрскі рух на Вілейшчыне зацікавіў нашых суседзяў у Літве і Латвіі. Зараз шмат што робіцца ў гэтым накірунку: праводзяцца семінары, кансультацыі, вучоба валанцёраў. Так што кпіны і з’едлівыя насмешкі з валанцёраў сталага ўзросту не да месца. Мы дапамагаем актывізаваць дзейнасць пажылых, нямоглых людзей, запрашаем на канцэрты, адзначаем сумесна святы, юбілеі, арганізуем экскурсіі, выступаем перад хворымі з канцэртамі, ствараем умовы для ўдзелу ў выставах “Умелыя рукі”, “Мае захапленні”.
Давайце рабіць дабро. Твая дабрачыннасць патрэбна не толькі іншым, але і табе. Запрашаю ўсіх, у каго добрае сэрца, чыстая душа, хто ўмее быць міласэрным, стаць валанцёрамі.
Антаніна ГАРЧАКОВА,
старшыня ініцыятыўнай групы валанцёраў
В этом году стартовали два проекта Красного Креста
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ