Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Усяго ў 2015 годзе ў Вілейскі раён прыехалі па размеркаванні 186 маладых спецыялістаў, 57 з іх – з вышэйшай адукацыяй

Сёння яны ўжо робяць свае першыя прафесійныя крокі, а яшчэ зусім нядаўна сядзелі на лекцыях, штудзіравалі канспекты і здавалі сесіі. З якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца ўчарашнім студэнтам на сваім першым рабочым месцы, як прынялі ў працоўных калектывах і што чакае іх у плане кар’ерных перспектыў? Пра гэта і не толькі ішла размова на штогадовай сустрэчы маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам раёна.

На Вілейшчыне моладзь чакаюць і стараюцца аказаць неабходную падтрымку. Гэта даказала і форма правядзення злёту. Арганізатары свядома адышлі ад справаздачнасці, уласцівай такога роду сустрэчам. У праграме былі і ўшанаванне маладых, і спецыяльна падрыхтаваны фільм пра Вілейку, і культурная частка. Зрэшты, не абышлося без афіцыйнай, але вельмі патрэбнай і карыснай працэдуры – выступленняў прадстаўнікоў раённай улады. Кіраўнікі аддзелаў эканомікі, арганізацыйна-кадравай работы, адукацыі, а таксама галоўныя спецыялісты – былі кампетэнтныя ў любым пытанні, хвалюючым, як паказвае практыка, маладога спецыяліста, які прыбыў па размеркаванні (будаўніцтва жылля, працоўныя адносіны, льготы).
Усяго ў 2015 годзе ў Вілейскі раён прыехалі па размеркаванні 186 маладых спецыялістаў, 57 з іх – з вышэйшай адукацыяй. З 186 – 152 зараз працуюць, 7 – атрымалі пераразмеркаванне, 14 – служаць у арміі, 5 – знаходзяцца ў водпуску па доглядзе за дзіцём і адзін чалавек зволены з працы за прагулы.
Незадоўга да сустрэчы 78 маладых спецыялістаў, якія працуюць у розных галінах, прайшлі ананімнае анкетаванне, у якім яны выказвалі свае пажаданні альбо ўказалі на праблемы, што тычацца працы, жылля і заробку. Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Дзяруга падвяла вынікі апытання і адзначыла, што ў адказах маладых спецыялістаў былі як станоўчыя, так і адмоўныя моманты.
Так, што тычыцца заробку, то думкі рэспандэнтаў падзяліліся пароўну. 39 чалавек лічаць свой узровень даходу недастатковым, 39 – задаволеныя аплатай працы.
Па словах Святланы Міхайлаўны, абсалютнай большасці спецыялістаў аказваецца падтрымка на новым месцы працы, і толькі адзін адказаў, што падтрымку з боку калег і кіраўніцтва не атрымлівае. Прадстаўнік райвыканкама таксама адзначыла, што за кожным маладым спецыялістам павінен быць замацаваны настаўнік, 9 рэспандэнтаў адказалі адмоўна.
Што датычыцца перспектыў кар’ернага росту, то 35 чалавек усё ж такі яе бачаць, 43 – не. Сярод апытанных 56 стараюцца развівацца ў сваёй прафесіі і ўдасканальваюць свае прафесійныя навыкі, займаюцца самаадукацыяй, наведваюць курсы павышэння кваліфікацыі. А вось 11 чалавек, на жаль, удасканаленнем прафесійных навыкаў не займаюцца.
У будучым, па заканчэнні тэрміну адпрацоўкі, 36 чалавек плануюць застацца ў раёне, 37 збіраюцца звольніцца, яшчэ 5 чалавек думаюць пра тое, каб пераразмеркавацца. Рэспандэнтаў, якія плануюць з’ехаць пасля адпрацоўкі, не задавальняе ўзровень заробку, жыллё, умовы працы, адсутнасць перспектыў кар’ернага росту. «Рашэнне гэтых пытанняў, з-за якіх вы збіраецеся адпрацаваць і зволіцца з працы, залежыць у многім і ад вас саміх. Вы прыехалі да нас працаваць – праяўляйце сябе, будзьце ініцыятыўнымі, тады і заробак павысіцца, і мікраклімат у працоўным калектыве палепшыца. Асноўная задача, якую ставіць перад сабой кіраўніцтва раёна і прадпрыемстваў, дзе вы працуеце, – стварыць усе ўмовы, каб вы ўсё ж такі засталіся на Вілейшчыне», – зазначыла Святлана Дзяруга і падкрэсліла:
– У раён прыехалі працаваць актыўныя і творчыя людзі. Таму не саромейцеся пераймаць вопыт у старэйшых калег, актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах, што праводзяцца ў раёне.
Вітаючы ўдзельнікаў сустрэчы, старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч расказала пра асноўныя мэты дэпутацкага корпусу, а таксама адзначыла, што пытанне замацавання кадраў знаходзіцца пад пільнай увагай мясцовай улады. Бо менавіта моладзь будзе вызначаць заўтрашні дзень краіны і спрыяць далейшаму развіццю рэгіёна, які мае сваю гісторыю і традыцыі. Наталля Аляксандраўна пажадала юнакам і дзяўчатам здароўя, настойлівасці і поспехаў у працы, выказала надзею, што першае працоўнае месца стане добрай стартавай прыступкай у далейшай кар’еры.
Начальнік аддзела эканомікі Міхаіл Малевіч выступіў з інфармацыяй аб эканамічным патэнцыяле раёна, Людміла Елізарава, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы, пазнаёміла спецыялістаў са структурай райвыканкама, падказала, дзе і ў якія службы можна звяртацца маладому спецыялісту, калі ў таго ўзнікнуць якія-небудзь пытанні. Аляксандра Навумчык, галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, рассказала аб жыллёвым заканадаўстве і аб вырашэнні жыллёвых праблем, а Наталля Мароз, намеснік начальніка аддзела рознічнага бізнэсу Філіяла ААТ “Беларусбанк” – пра льготнае крэдытаванне насельніцтва і аб магчымасцях крэдытавання ўвогуле.
Малады спецыяліст Анжаліка Вавілава ўжо другі год працуе памочнікам урача-гігіеніста, урача-валеолага раёнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Дзяўчына падзялілася з аднагодкамі вопытам працы ў Вілейскім раёне, рассказала пра тое, у якіх мерапрыемствах яна прымае ўдзел і як прапагандуе здаровы лад жыцця.
– Безумоўна, у працэсе асваення на новым месцы і ў мяне ўзнікаюць пытанні. Аднак калі верыць у свае сілы, ісці па жыцці з аптымізмам і энтузіазмам, займацца самаадукацыяй і ўдасканаленнем сваіх прафесійных навыкаў, то ўсе праблемы паступова вырашаюцца. Таму галоўнае – зацікаўленнасць маладога чалавека, яго актыўная жыццёва пазіцыя і ініцыятыва, і тады ён зможа з задавальненнем праводзіць свой вольны час, – адзначыла малады спецыяліст.
– Думаю, што такі выдатны прыём натхніў не толькі мяне, – падзяліўся ўражаннямі Яўген Клямята, малады спецыяліст, рэжысёр цэнтра эстэтычнага выхавання. – Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў я вярнуўся ў родную Вілейку. Прыемна, што пра моладзь у нас праяўляюць клопат, а ў калектыве ўсе стараюцца падтрымаць, гэта вельмі важна.
У межах сустрэчы ўчарашнія студэнты мелі і магчымасць напрамую пагутарыць з кіраўніцтвам раёна. Усе агучаныя пытанні ўзяты на кантроль. А завяршылася мерапрыемства агляднай экскурсіяй па гораду і наведваннем вілейскага краязнаўчага музея, дзе маладых спецыялістаў старэйшыя навуковыя супрацоўнікі Вольга Коласава і Віктар Тонкавіч пазнаёмілі з гісторый Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войн на Вілейшчыне.
Кацярына КАРПІК.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 185 queries