Так-так, пакапайцеся ў сваіх каранях і абавязкова знойдзеце сярод продкаў чалавека ад зямлі. Нават калі вы, што называецца, выраслі на асфальце, не ўяўляеце, якім доўгім і няпростым шляхам трапляюць на наш стол хлеб і да яго і далей крамы вашы пазнанні пра гэта не распаўсюджваюцца. Хоць, прызнацца шчыра, няпроста нават уявіць такога чалавека… Дырэктар Вілейскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віктар Паўлоўскі і выконваючы абавязкі дырэктара вілейскага лясгаса Сяргей Філістовіч – людзі, здавалася б, ад вёскі далёкія. Вунь якія клопатныя гаспадаркі падначалены кожнаму з іх, і тут ужо яны – майстры сваёй справы і людзі вопытныя – кожны на сваім месцы. – Ды гэта толькі здаецца, што мы далёкія ад зямлі, – зазначыў на гэта Віктар Паўлоўскі. – Вось я, дапусцім, нарадзіўся ў Вілейцы, але ж кожнае лета школьнікам быў у бабулі ў Шылавічах. Не толькі ж гуляць прыязджалі ўнукі, але і дапамагаць па гаспадарцы. А што датычыць жніва, дык важнасць гэтай справы ўсведамляю ўжо з тых дзіцячых гадоў. Таму тое, адкуль прыходзіць хлеб на наш стол, і якой нялёгкай бывае бітва за ўраджай, ведаю добра. – Ну а я нарадзіўся і рос у Вязыні, – уключыўся ў размову Сяргей Філістовіч. – Не толькі ведаю ўсё пра клопаты хлебаробаў, але і сам па магчымасці працаваў у мясцовай гаспадарцы. Падчас жніва, дапусцім, мы, школьнікі, дапамагалі дарослым на зернетаках. Працавалі старанна, дружна. І зараз усё памятаецца і нярэдка прыгадваецца. З якой нагоды, прадбачу пытанне чытачоў, пачалася гэта размова пра жніво з кіраўнікамі зусім не сельскагаспадарчых галін? А нагода ёсць. Сёння на раённых дажынках мае суразмоўцы і яшчэ некалькі кіраўнікоў вілейскіх прадпрыемстваў атрымліваюць падзякі старшыні райвыканкама і падарункі за практычную дапамогу сельскагаспадарчым прадпрыемствам ва ўборцы ўраджаю збожжа і збожжавых культур. Якім жа быў уклад у агульны каравай Вілейшчыны гэтых прадпрыемстваў? – Дванаццаць нашых чалавек працавалі падчас жніва ў райаграсэрвісе, «Новай Любаніі», «Стайках», «Першым Беларускім», «Алай зары», «Новай Віліі», аграфірме «Ілья», – расказаў Сяргей Філістовіч. – Акрамя таго, шэсць адзінак нашай тэхнікі былі заняты на ўборцы саломы. Ды і не толькі ва ўборцы ўраджаю дапамагаем вяскоўцам, але і падчас пасяўной. І людзьмі, і тэхнікай сваёй. – Таму і лічым дажынкі нашым агульным святам, – уступіў у размову Віктар Паўлоўскі. – Вось і тры дзясяткі нашых працаўнікоў на час уборкі сталі хлебаробамі. Ды і на пасяўной дапамагаюць і нашы трактарысты, і вадзіцелі. Сёлета мы працавалі на жніве ў «Нарачанскіх зорах», «Даўгінаве», «Стайках», «Сцешыцах», «Новай Любаніі», «Чурлёнах»… Так што ёсць у вялікай справе і наш уклад. Такім вось атрымаўся наш сёлетні раённы каравай – дбайна сабраным мноствам людзей і арганізацый. І тым даражэйшым кожнаму з нас. Ірына БУДЗЬКО. Фота Алены ЦІМАФЕЕНКА










