Яны не па чутках ведаюць, што такое вайна, голад, шматлікія нягоды і страты… Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны не раз сутыкаліся з цяжкімі выпрабаваннямі, але рабілі ўсё магчымае, каб абараніць Радзіму ад ворага.

У год 75-й гадавіны Вялікай Перамогі ў Вілейскім раёне кожнаму ветэрану вайны кіраўніцтва райвыканкама, прадстаўнікі ваеннага камісарыята, савета ветэранаў, старшыні сельвыканкамаў уручаюць юбілейныя медалі «75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне».

Юбілейны медаль «75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», заснаваны Указам Прэзідэнта Беларусі, кожнаму з ветэранаў, што пражываюць у горадзе, уручылі ваенны камісар Вілейскага раёна Юрый Ганчыеўскі і старшыня савета ветэранаў Ганна Шэпелева.
– Тое, што мы жывем на гэтай зямлі – ваша вялізная заслуга. Для мяне гонар падзякаваць вам за вялікі подзвіг і выканаць даручэнне Прэзідэнта краіны, уручыць вам юбілейны медаль, – адзначыў ваенны камісар Вілейскага раёна Юрый Ганчыеўскі, уручаючы героям баёў, былым вязням канцлагераў і працаўнікам тылу высокія ўзнагароды.

Нягледзячы на перажытае і сталы ўзрост, Ніна Васільеўна Бохан, як і многія ветэраны, не губляе бадзёрасці духу. Планшэт са шматлікімі ўзнагародамі, фотаздымак пры парадзе з медалямі яна акуратна падрыхтавала на стале – зараз прыедуць паважаныя госці. І хаця ўрачысты момант уручэння юбілейнай ўзнагароды праходзіць у масках, каб захаваць бяспеку ў гэты няпросты час, Ніна Васільеўна просіць сфатаграфаваць хаця б яе адну без маскі побач з медалямі.

– Дай Бог усім вам не зведаць таго, што перажылі мы, – ветэран выцірае слёзы з вачэй. – Дзякую за павагу і за тое, што не забываеце.
На развітанне Ганна Шэпелева жадае шчасця, дабрабыту, усяго самага добрага і асабліва моцнага здароўя: «Беражыце сябе – Вы наш залаты фонд, Ніна Васільеўна».
Праязджаем адрас за адрасам, наведваем ветэранаў, былых непаўналетніх вязняў, працаўнікоў тылу – усім ім ужо за восемдзесят, а некаторым і каля ста гадоў. «Мы ганарымся вашымі самаадданымі подзвігамі», – не стамляецца казаць ваенны камісар і старшыня савета ветэранаў пры ўручэнні юбілейных узнагарод.

Антаніна Іванаўна Гарчакова сустракае гасцей ў парадным пінжаку з медалямі, які апранае на Дзень Перамогі, на мерапрыемствы да 3 ліпеня і калі запрашаюць на сустрэчы. Юбілейная ўзнагарода для яе не чарговая, а вельмі дарагая.
– Гэты медаль незвычайны для мяне – ён за выжыванне. Я сустрэла 9 мая ўжо за школьнай партай у першым класе, а да гэтага зведала столькі жудасных дзён канцлагераў. Мая маці – герой, бо ёй ўдалося перажыць канцэнтрацыйны лагер і захаваць жывымі траіх дзяцей. Як і герой мой бацька, які аддаў жыццё за Вялікую ПЕРАМОГУ. І я пра гэта памятаю кожную хвіліну.
Юбілейны медаль «75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне» ўручаць 81 ветэрану Вялікай Айчыннай вайны, якія пражываюць у Вілейскім раёне.
У год 75-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне мы жадаем кожнаму ветэрану моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця. Вы ўнеслі неацэнны ўклад у Вялікую Перамогу. Дзякуй за мірнае жыццё, за ўсё, што вы зрабілі для будучых пакаленняў.
Сяргей ГАНЧАР/Фота аўтара








