Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У зале выстаў краязнаўчага музея адбылася імпрэза, прысвечаная Льву Альпяровічу

Як дзіўна супадаюць колеры! Якая еднасць фарбаў у жаночым уборы і марской хвалі. Сёння яна ласкава абдымае прыбярэжнае каменне, што прыродным пірсам высунулася ў неаглядную даль. Заўтра засваволіць, праявіць неўтаймаваны нораў, загалосіць у гневе – і будзе доўга біцца аб тыя самыя камяні. Ці то з адчаю, ці з адзіноты… Бо мала хто рызыкне ступіць на набрынялы вільгаццю пляж і даць нырца ў халодныя і такія непрытульныя хвалі. Жанчына і мора… Якімі думкамі кіраваўся мастак, выбіраючы менавіта гэты сюжэт да свайго ўражальнага палатна? У чым шукаў аналогію – у фарбах, характарах, звычках.. Даследчыкі кажуць, што карціна адлюстроўвае галоўную рысу творчасці Льва Альпяровіча – спалучэнне агульнага рамантычнага ўражання і рэалізма дэталяў.

У мінулую суботу ў зале выстаў краязнаўчага музея адбылася імпрэза, прысвечаная 140-годдзю з дня нараджэння мастака. Аб яго жыццёвым і творчым шляху досыць падрабязна расказала ў матэрыяле, апублікаваным напярэдадні ў раёнцы, Вольга Коласава, старшы навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея. А ў выставачнай зале панавала тая атмасфера камернасці, якая звычайна яднае аднадумцаў, людзей, аднолькава захопленых, уражлівых, з іскрынкай творчага гарэння ў душы.
«Зорка Венера» ў выкананні ансамбля «Адэліта» вілейскай школы мастацтваў, з яе шчымлівым мінорам,стала каларытным пралогам мерапрыемства. Запалена свечка памяці – працяг ідэі памінання адышоўшых у вечнасць, ініцыятыва якой належыць нашаму знакамітаму вілейскаму мастаку Эдуарду Мацюшонку. Забыццё не валадарыць над часам, пакуль жыве ў людскіх сэрцах успамін. І гэта яшчэ раз пацвердзіла імпрэза, прысвечаная Льву Альпяровічу, яго творчасці, прызнанай нацыянальнай вартасцю Айчыны. Рэпрадукцыі карцін мастака, па сведчанні знаўцаў, вельмі дакладна перадаюць тонкасці арыгіналаў. Заслуга музея, што ён змог арганізаваць выставу, на якой у дастатковай колькасці прадстаўлены работы нашага земляка. Гэта тая самая «Жанчына ля мора», а таксама «Партрэт Ю.Ю. Клевера», графічны малюнак «Партрэт дзяўчынкі» і многія іншыя. Большасць іх захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.
Цікавыя эпізоды з жыцця мастака нагадала Вольга Коласава. Пра Куранец часоў Льва Альпяровіча расказалі прысутным старшакласніцы мясцовай школы Марта Прусава і Анастасія Глуская. Быў агучаны цікавы гістарычны матэрыял з краязнаўчым ухілам. У ім знайшлося месца для ўпамінання аб паўстанні Кастуся Каліноўскага, сляды якога не зараслі травой забыцця. І, магчыма, іх роль у далейшым ходзе развіцця мястэчка, – этнічным, канфесійным, сацыяльным, – яшчэ прадстаіць вызначыць гісторыкам.
Эдуард Мацюшонак прааналізаваў асобныя штрыхі творчага почырку нашага земляка з пункту погляду мастака, адзначыўшы адчувальную пазітыўную энергетыку яго прац. Вершаваныя радкі, прысвечаныя малой радзіме Льва Альпяровіча, прысутныя пачулі з вуснаў Клаўдзіі Дубовік, іх аўтара. Паэзія, музыка наогул сталі своеасаблівым творчым фонам мерапрыемства. Гучала папуры на тэмы яўрэйскіх мелодый у выкананні Аксаны Жук і Уладзіміра Лапціка. І арганічным завяршэннем імпрэзы стаў верш Уладзіміра Цануніна, прысвечаны Льву Альпяровічу і на ўзроўні высокага эмацыянальнага ўздыму данесены да слухачоў дырэктарам эстэтычнага цэнтра Таццянай Захарыч.
На беразе рачулкі Пелы –
Кавалкі пасівелых жорнаў.
Храм на гары блакітна-белы,
Каля дарогі – камень чорны.
Стаіць ён вечным напамінам,
Каб не забылі мы, што колісь
Мастак тут нарадзіўся  слынны,
Каб славіць родны край і волю.

…Адбылося першае, праз шырокую плынь часу, вяртанне Льва Альпяровіча на сваю радзіму.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 134 queries