Напрыканцы лістапада супрацоўнікі раённага аддзела міліцыі – начальнік аддзялення аховы парадку і прафілактыкі Аляксандр Ломаць сумесна з участковымі інспектарамі міліцыі Дзмітрыем Субачам і Аляксандрам Кунавічам – у вёсцы Дубавое Хаценчыцкага сельсавета знайшлі ў гаспабудове дзеючы самагонны апарат, каля якога ў трох ёмкасцях знаходзілася… 2200 літраў самагоннай брагі. Такія вось маштабы…
Тут жа, ля апарата, затрымалі і дваіх непрацуючых з Маладзечна, якія ўжо паспелі вырабіць 300 літраў самагону. Як трапілі яны на гэту сялібу? Высветлілася, што аднаму з іх бабуля пакінула гэты дом у спадчыну. Вось і зладзіў унучык такі вось крымінальны заводзік, які, напэўна ж, прыносіў немалыя даходы. Урэшце, і за сваю «вынаходлівасць», і за тыя самыя даходы «прадпрымальнікам» цяпер прыйдзецца адказваць па законе.
Кацярына МЛЕЧКА.
Фота прадастаўлена аўтарам