23 студзеня ў выставачнай зале імя Нікадзіма Сілівановіча Вілейскага краязнаўчага музея пачала экспанавацца выстава “Вілейскія далягляды” творчай суполкі “Абуджэнне” мастакоў з Мінска і Узды.
Суполка невялікая, але вельмі мабільная, ужо некалькі гадоў яе ўдзельнікі наладжваюць творчыя падарожжы па раённых цэнтрах Беларусі і прапагандуюць рэгіянальную тэматыку, якая ўключае самы папулярны пейзажны жанр жывапісу і графікі, а таксама гістарычныя і сучасныя вобразы ў партрэтным і сюжэтным жанрах.
Пасля завяршэння кожнай выставы мастакі перадаюць у дар музейным установам частку сваіх твораў, каб папоўніць мастацкія калекцыі, якія потым рэгулярна выстаўляюцца ў раёнах і выхоўваюць эстэтычныя густы нашых сучаснікаў прыкладамі сучаснай творчасці. Як бачым, гэта творчая ініцыятыва мае вельмі прагрэсіўны і асветніцкі характар і таму выклікае шырокую падтрымку і павагу.
Нястомны арганізатар перасоўных выстаў суполкі, уздзенскі мастак і педагог Андрэй Лычкоўскі пазнаёміў гледачоў са сваімі пейзажнымі вобразамі Міншчыны, сярод якіх шмат матываў вілейскага краю.
Яго тэмпераментным жывапісным творам уласцівы яскравы і аптымістычны каларыт. І самі матывы яго пейзажаў, як бы заклікаюць у дарогу, каб наведваць усё новыя маляўнічыя мясціны роднай зямлі.
Фёдар Ладуцька прапануе ў сваіх пастэльных творах паглыбіцца ў свет цішыні, гармоніі і медытацыі на берагах рэк і азёр. Яго вобразныя адлюстраванні маюць вельмі прыцягальны, шматзначны і нават казачны характар.
Іншыя ўдзельнікі супольных выстаў Яўген Шунейка і Уладзімір Сайко прысвяцілі свае эксперыментальныя творы тэматыцы Першай сусветнай вайны, якая пакінула на Вілейшчыне свае незабыўныя гістарычныя сляды, а таксама партрэтным вобразам, сярод якіх і мастакі-наватары Уладзіслаў Страмінскі і Кацярына Кобра, якія ў 1920-х гг. пачыналі ў Вілейцы развіваць накірунак жывапіснага і скульптурнага стылю “унізм”.
У суполцы “Абуджэнне”, як бачым, толькі чатыры асноўных удзельнікаў, што дазваляе мабільна, хутка і адказна вырашаць усе творчыя і арганізацыйныя праблемы. Але існуе практыка запрашэння і іншых калег у выставачныя праекты, каб дапамагчы ім у творчым развіцці. На гэты раз госцем суполкі была мінская мастачка Вольга Гацко, якая з’яўляецца аўтарам вельмі дэкаратыўных і святочных пейзажаў і нацюрмортаў.
Вілейскі мастак-краязнаўца Эдуард Мацюшонак сказаў пра вартасць такіх творчых сустрэч для грунтоўнага ўмацавання патрыятычнага выхавання нашых землякоў.
Потым мастакі правялі творчы майстар-клас: паказалі свае свежыя эцюды з архітэктурным асяроддзем Вілейкі, якія яны паспелі намаляваць да адкрыцця выставы, а таксама прадэманстравалі як трэба маляваць партрэты і нацюрморты з натуры. Трэба сказаць, што такое творчае свята ніколі не забудзецца і будзе мець свой працяг. Бо мастакі суполкі “Абуджэнне” маюць намер яшчэ не раз наладжваць творчыя сустрэчы з зацікаўленымі і шматлікімі вілейскімі гледачамі.
Вольга КОЛАСАВА, старшы навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея.
Фота прадастаўлены аўтарам






