Астраномія вучыць бачыць зоркі. Фізічныя законы вытлумачваюць сутнасць развіцця акаляючага матэрыяльнага свету. І ўсё гэта – для дапытлівых, ахопленых жаданнем пазнання, аматараў вылучаць гіпотэзы і шукаць для іх доказы. Шлях да мэтанакіраваных маштабных ведаў пачынаецца са школы, дзе ставяць эксперыменты юныя аматары дакладных і гуманітарных навук. Лепшыя з іх на пачатку тыдня сабраліся ў актавай зале Вілейскага прафесійнага каледжа на ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства. Навучальная ўстанова прадставіла ім не толькі пляцоўку для саперніцтва, але і забяспечыла ўсімі неабходнымі ўмовамі пражывання.
Прадстаўнікі ад рэгіёнаў Міншчыны былі настроены сапернічаць ва ўзроўні валодання прадметамі, крэатыўнасці думкі – адным словам, тых крытэрыях, па якіх іх і павінна ацэньваць журы.
– Тут сабралася, так бы мовіць, вучнёўская эліта з усіх рэгіёнаў Міншчыны, – можна пагадзіцца са словамі начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Аляксандра Пуцэйкі. Выступаючы на ўрачыстым адкрыцці гэтых своеасаблівых іспытаў, Аляксандр Часлававіч зазначыў, што нават перамога ў другім этапе – гэта ўжо веха ў школьным жыцці кожнага. Ён пажадаў удзельнікам мерапрыемства і надалей захаваць творчае натхненне, здароўе і бадзёрасць.
Для стварэння адпаведнага настрою перад напружанымі алімпіяднымі днямі на сцэну выйшлі юныя артысты навучальных устаноў горада. Разам са сваімі творча настроенымі настаўнікамі яны прапанавалі гасцям каларытную канцэртную праграму.
У рэспубліканскім этапе прымаюць удзел 28 вучняў Вілейшчыны, якія сталі лепшымі на раённым узроўні. Адначасова з Вілейкай, пераможцаў раённага ўзроўню па філалагічных дысцыплінах, грамадазнаўству, біялогіі, хіміі, замежнай мове, працоўнаму навучанню прымалі іншыя рэгіёны Міншчыны – Мінск, Маладзечна, Барысаў, Жодзіна, Дзяржынск. У камандзе віляйчан – прадстаўнікі гімназіі № 2 і № 1 «Логас», сярэдніх школ № 3 і № 1, Куранецкай, Любанскай, Даўгінаўскай, Людвіноўскай.
У чацвер падведзены вынікі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды. Наконт іх газета праінфармуе чытачоў у наступным сваім выпуску.
Марыя КУЗАЎКІНА.
На здымках: моманты адкрыцця алімпіяды.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА.
У Вілейцы праходзіць трэці этап рэспубліканскай алімпіяды
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ