Дзе яшчэ знойдзецца столькі падставаў для замілавання, як на лінейцы 1 верасня! Букеты – большыя за саміх першакласнікаў, бацькі не выпускаюць з рук фота- і відэакамеры, баючыся прапусціць момант, калі роднае дзіця ўпершыню пераступіць парог школы.
Хоць яшчэ ўчора паўсюль было лета, Дня ведаў з асаблівым нецярпеннем чакалі многія. Загадваць жаданні прынята ў навагоднюю ноч, але 1 верасня – гэта таксама першы дзень новага года, толькі навучальнага. Такім чынам, і ў гэты дзень можна што-небудзь пажадаць самому сабе на будучыню, а тым больш, калі на стале святочны пірог…
Першы званок празвінеў ва ўсіх школах Вілейскага раёна. За парты ў 2016/2017 навучальным годзе селі каля 4530 школьнікаў, з іх каля 460 першаклашак.
На аснове агульнай базавай, агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі ажыццяўляецца навучанне ў Вілейскім дзяржаўным каледжы, дзе авалодваць рознымі прафесіямі ў гэтым навучальным годзе будуць больш 600 чалавек.
Загадалі ці не ў гэты дзень жаданне вучні вілейскіх школ, як і належыць, застанецца сакрэтам, а вось ці спраўдзяцца іх мары адносна паспяховай вучобы, можна будзе даведацца толькі ў канцы гэтага навучальнага года. А пакуль празвінеў першы званок, паклаўшы пачатак вялікім поспехам і новым адкрыццям.
Пасля ўрачыстай лінейкі, словаў з пажаданнямі радасныя ад таго, што іх прынялі ў вялікую і дружную школьную сям’ю, першаклашкі кожнай са школ з трапятаннем адправіліся ў клас на свой першы ўрок. Свята першага званка працягнулі тэматычныя ўрокі па фарміраванні грамадзянскасці і патрыятызму, выхаванню ў падрастаючага пакалення пачуцця гонару за краіну.
Мяркуючы па тым, як хлопцы і дзяўчаты ўважліва гарталі кнігу «Беларусь – наша Радзіма» – падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка, адказваючы на пытанні настаўніцы, пачатак іх яркім поспехам пакладзена.
Першы званок у сярэдняй школе № 5 г. Вілейкі ў гэтым годзе звініць вельмі звонка… Бо сказаць «Добры дзень, школа!» сюды прыйшло ажно 693 школьнікі, а ўпершыню за парты селі 83 першакласнікі, для якіх арганізаваны чатыры першыя класы. А гэта галоўная надзея на развіццё нашага горада – чым больш дзетак, тым большы будзе росквіт нашага раёна.
– Школа стаіць ля вытокаў усіх жыццёвых дарог, гэта пачатак усіх пачаткаў. Таму важна, каб для кожнага вучня яна стала светлым і ўтульным домам, дзе пануе атмасфера радасці і дабра, – упэўнена дырэктар гэтай ўтульнай школы Наталля Мікалаеўна Занкавіч.
У добры шлях, паважаныя навучэнцы!
Сяргей ГАНЧАР.
Фота аўтара
Средняя школа № 1
Гимназия № 2
Средняя школа №5
Вилейский профессионально-технический колледж
Долгиновская школа