Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Вілейскім музее 20 лістапада адбудзецца персанальная выстаўка Анатоля Бяляўскага

Творчасць Анатоля Іванавіча Бяляўскага добра вядома ў Мінску. Яго карціны маюць вялікую папулярнасць сярод калекцыянераў, многія з іх знаходзяцца ў вядомых заходніх калекцыях.

Яго жыццёвы і творчы шлях пачынаўся на Смаргоншчыне, нарадзіўся мастак 23 сакавіка 1961 г. у в. Дзенавішкі. Пазней яго сям’я пераехала ў в. Вішнева Смаргонскага раёна, тут Анатоль пайшоў у школу. Значную ролю ў фарміраванні асобы будучага мастака адыграў яго бацька — Іван Сцяпанавіч, які працаваў не толькі дырэктарам школы, але і настаўнікам: выкладаў беларускую мову і літаратуру, нямецкую мову і маляванне. Менавіта ён даваў сыну першыя ўрокі малявання, вучыў карыстацца фарбамі і ўжо ў пятым класе Анатоль дакладна ведаў, што ён будзе толькі мастаком. У 1984 г. закончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, некаторы час працаваў на адным з мінскіх заводаў і працягваў актыўна пісаць карціны. Прымаць удзел у мастацкіх выстаўках пачынае з 1983 г. З 1994 г. з’яўляецца членам Саюза мастакоў Беларусі.

Мастак шмат падарожнічае. На яго погляд самая прыгожая прырода — беларуская. Адпраўляючыся ў падарожжа, абавязкова бярэ з сабою відэакамеру, каб зняць тыя месцы, якія ён наведваў. У мастака шмат работ, прысвечаных роднай Смаргоншчыне, яе людзям. Але больш за ўсё Анатоль Іванавіч любіць маляваць ваду. Па яго словах, вада — гэта сімвал жыцця, яна, так ці інакш, прысутнічае на яго карцінах.

Сёння Анатоль Бяляўскі жыве ў Мінску, мае ўласную майстэрню і працуе ў розных жанрах — пейзаж, партрэт, нацюрморт, гістарычны жанр, абстракцыя, камп’ютэрная графіка. Прымае ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках. Характарызуючы яго творчасць, можна сказаць словамі М. Сар’яна, «мастацтва — гэта дрэва, карані якога ў роднай зямлі, а крона шуміць усяму свету». Адкрываючы 20 лістапада персанальную выстаўку Анатоля Бяляўскага, хочацца спадзявацца, што знойдзецца нямала людзей неабыякавых і зацікаўленых, якія прыйдуць у выставачную залу музея, каб пазнаёміцца з творчасцю гэтага выдатнага мастака.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 128 queries