Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Вілейскім краязнаўчым музеі стартуе культурна-выставачна-адукацыйны праект “Тыдзень калекцыянера”

Культурна-выставачна-адукацыйны праект “Тыдзень калекцыянера” стартуе 24 сакавіка 2015 года і пачнецца з нумізматыкі і баністыкі. Сёння ў свеце налічваецца прыкладна 270 краін і кожная з іх мае сваю асаблівасць, валодае ўнікальнымі традыцыямі і звычаямі. І ўсе яны аб’яднаныя таварна-грашовымі адносінамі.

Яшчэ ў старажытнасці людзі пачалі шукаць прадметы, якія б маглі выконваць ролю прымітыўных грошаў. Таму што ўжо тады яны вялі таргоўлю з суседнімі плямёнамі, а вось у якасці сродкаў плацяжу выкарыстоўваць буйны рагаты скот і мяшкі з зернем было не зручна. І вось тады людзі пачалі шукаць каштоўныя прадметы, якімі б маглі разлічвацца за тавар, а таксама набываць яго. У розных кутках свету людзі выкарыстоўвалі самыя дзіўныя рэчы за грошы, пачынаючы ад бабоў какао, ракавіны. Вось напрыклад ацтэкі выкарыстоўвалі ў якасці сродкаў плацяжу какао бабы. З іх можна было набыць фрукты, кукурузу, памідоры, кабачкі, арахіс, адзенне, зброю, посуд, ежу, а таксама алкагольныя напоі і рабоў. Калі іспанцы прыехалі ў Мексіку, яны і ў сваёй хроніцы запісалі “Грошы растуць на дрэвах”, маючы на ўвазе бабы какао. Захаваліся звесткі, што, яшчэ ў ХІХ стагоддзі, у некаторых раёнах Цэнтральнай Амерыкі ў якасці грошай выкарыстоўвалі какао бабы як мелкую разменную манету, а ў якасці больш высокай меры кошту выступаў кавалак баваўнянай тканіны.
Нарвежцы карысталіся ў якасці грошай маслам, а ў старажытныя часы для іх служыла сушаная траска, якую можна было лёгка пераўтварыць у іншы тавар або манеты пад час гандлю. У Кітаі, Паўднёвай Афрыцы і Міжземнамор’і людзі ператваралі грошы ў соль. І нават рымскім салдатам зарплату плацілі соллю, або выдавалі грошы на соль, каб надаць смак прэснай ежы. Пастушыныя плямёны часта выкарыстоўвалі жывых жывёл у выглядзе грошай, у якіх разлічвалі кошт усяго асноўнага. Сібірскія народы выкарыстоўвалі для гэтага аленей, жыхары Барнеа – быкоў, старажытныя народы Малой Азіі і Сірыі разлічвалі кошт авечкамі, а грэкі часоў Гамэра – рагатай жывёлай. Да сённяшняга часу яшчэ ў некаторых плямёнах Усходняй і Паўднёвай Афрыцы захавалася вымярэнне кошту “жывымі грашыма”.
Усім нам давялося бачыць прыгожыя марскія ракавіны. У якасці падарунка мы прывозім іх з адпачынку. А некалькі тысяч гадоў таму ракавіны кауры адыгралі вялікую ролю ў эканамічным жыцці чалавецтва. З невялічкага раёна Мальдзіўскіх і Лаккадзіўскіх астравоў гэта ракавіна распаўсюдзілася ў якасці грошай амаль на ўсё Паўночнае паўшар’е Зямлі. Яе ведалі Індыя, Цэйлон, Сіам і Афрыка. Знаходкі ракавін кауры, зробленыя археолагамі ў паўднёвай Германіі, Літве, Латвіі, на астравах Балтыйскага мора і пад Віцебскам, а таксама ў могільніках старажытных Англіі, Франціі, Швецыі, датуюцца 800-600 гадам да нашай эры. Кауры былі адным з асноўных сродкаў плацяжу пры гандлі рыбай. У 17 стагоддзі ў Камеруне за аднаго раба плацілі 60 ракавін. У Бельгіі ў канцы 18 стагоддзя быў зафіксаваны курс 3840 ракавін за адну індыйскую рупію. На будаўніцтва храма, у 1855 годзе, было сабрана 160 мільёнаў ракавін. Этнографы зафіксавалі яшчэ адзін цікавы факт у багатай гісторыі грошай. Пры даследванні Акеаніі на востраве Яп было зафіксавана існаванне асобных мужчынскіх і жаночых грошай. Жаночыя мелі выгляд браслета з ракавін, мужчынскія – каменныя жарнавы вышынёй у два чалавечыя росты. Яны маглі быць невялікія, але, чым большы камень, тым багацейшы яго ўладальнік. Пры заключэнні гандлёвых дамоў уладальнік камня ставіў на такой манеце свой знак, заціраючы знак папярэдняга ўладальніка – і купля-продаж быў завершаны.
З вынаходніцтвам металу пачынаюць узнікаць і металічныя грошы. Захаваліся звесткі аб тым, што першыя манеты чаканіліся ў малазійскай дзяржаве Лідзіі і датуюцца 7 стагоддзем да н.э., іх выраблялі са сплаву срэбра і золата. Крыху пазней манеты сталі вырабляць у грэчаскім горадзе Эгіне ўжо з срэбра. З Лідзіі і Эгіны манеты вельмі хутка распаўсюдзіліся па ўсёй Грэцыі і яе калоніях, у Іране, а затым у рымлян і ў многіх іншых варварскіх плямёнах.
Сярод шматлікіх вынаходніцтваў, якімі мы абавязаны Старажытнаму Кітаю, можна назваць і папяровыя грошы. Упершыню яны з’явіліся ў ІХ стагоддзі, як вынік спустошвання радовішча металаў, якія выкарыстоўваліся для чаканкі манет. Папяровыя грошы хутка сталі простым плацежным сродкам. Але толькі праз стагоддзе з’явіліся першыя паўнавартасныя банкноты, больш зручныя і лёгкія для карыстання, чым металічныя грошы.
У Еўропе папяровыя грошы сталі вядомы толькі праз 5 стагоддзяў пасля іх вынаходніцтва, дзякуючы італьянцу Марку Пола, які прывёз іх вяртаючыся са сваіх вандровак. Першая самастойная банкнота ў Еўропе з’явілася 16 чэрвеня 1661 года ў Швецыі. З з’яўленнем папяровых грошай узнікае неабходнасць у стварэнні прыватных банкаў і вынаходніцтве сейфаў.
На выстаўцы нумізматыкі і баністыкі можна будзе павандраваць па свеце, пазнаёміцца з таварна-грашовамі адносінамі розных краін, з традыцыямі, звычаямі і паданнямі. Наведаць яе можна з 24 сакавіка па 31 сакавіка ў будынку Вілейскага краязнаўчага музея.
Надзея АЎДЗЕЙ,
навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 131 queries