«Мы ўдзячны вам за мірную дзяржаву!» – са светла-карычневага трохкутніка выпадае кавалак паперы, спісаны круглым дзіцячым почыркам. Пісьмо адрасавана ветэранам, дзецям вайны, удзельнікам мерапрыемства, арганізаванага цэнтрам эстэтычнага выхавання. «Ніколі не сцірайце з сэрца памяць» – назва яго красамоўная і гаворыць сама за сябе. У такіх трохкутніках, каля 70-ці год таму, сем’і атрымлівалі весткі з фронту. І пасля бясконца доўга захоўвалі гэтыя дарагія рэліквіі, пасля ўжо навобмацк пазнаючы сцёртыя літары.
Мерапрыемства праходзіла ў атмасферы таго духоўнага антуражу, які ладзіць адпаведны настрой, настройвае ўдзельнікаў на ўспрыняцце праграмы. Забягаючы наперад, скажам, што шчырыя слязінкі на вачах прысутных – пацвярджэнне таму, што пастаўленая мэта была дасягнута. Арганізаваная ў фае нядаўна адрамантаванага цэнтра выстава «У блакіце нябёсаў» прадэманстравала высокія творчыя здольнасці навучэнцаў народных студый «Чароўны квадрат» (кіраўнік І. В. Занкевіч), мяккай цацкі «Пушысцікі» (кіраўнік Н. М. Прушак), студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Куфэрак» (кіраўнік Л. А. Арол). «Маляваначка», «Чарадзейка» (кіраўнік Ала Судніковіч) і іншыя творчыя калектывы цэнтра палічылі неабходным прадэманстраваць прысутным каларытныя набыткі – вынік асабістай захопленасці іх удзельнікаў і крэатыўнага мыслення кіраўнікоў.
Пасля экскурсіі «Пад мірным небам», праведзенай дырэктарам установы, краўніком клуба «Крыніцы чысціні» Таццянай Захарыч, прагучала літаратурна-музычная кампазіцыя «Наша памяць». Вершаваныя радкі, разбаўленыя каларытнай празаічнай публіцыстыкай, – як матрыцы тых далёкіх ужо часоў. «Павінны ведаць вы: я – ваша памяць. Я ні на хвілю, ні на пядзю, ні на крок не адыходжу ад вайны мінулай…» На фоне мультымедыйнай прэзентацыі доўжыцца хвіліна маўчання. Яна – для нашага суперажывання, для еднасці з момантамі падзей ваеннага часу, перажытых нашымі дзядамі і бацькамі. Гісторыя не пакідае сведкаў. Спакваля яны сыходзяць у вечнасць. Менее ветэранаў, на гістарычным фоне памяці застаюцца дзеці вайны. Фотаздымкі франтавых рэпарцёраў занатавалі іх поўныя жаху вочы, ахопленыя полымем пажараў, стрэсам дарослага болю.
На сваё мерапрыемства цэнтр не выпадкова запрасіў дзяцей вайны – Антаніну Іванаўну Гарчакову і Зою Сцяпанаўну Наўрось. Дыялог «Незабыўнае» – кульмінацыйны момант імпрэзы. Для абедзвюх жанчын – і дагэтуль крываточыць успамін. Але сустрэча з юнацтвам імкліва бярэ ў палон, адкрывае сэрцы ветэранаў для шчырага дыялогу пакаленняў, у якім з двух бакоў – аднолькавы боль. Не саромеўся слёз паэт Уладзімір Цанунін, калі вядучая дэкламавала яго вершы, прысвечаныя дзецям вайны: Снарада посвіст непрыемна тонкі, ракет шыпенне мёртвае ў гары, матулі страшны крык над пахаронкай. І спаленыя карнікам сябры…» А пасля гучалі песні ваенных гадоў. «У зямлянцы», «Смуглянка». І Зоя Сцяпанаўна Наўрось, якая ў мірны час працавала завучам вілейскай музычнай школы, успамінала, што яна некалі была лаўрэатам конкурсу харавых калектываў. І цешылася, што і дагэтуль маладыя захоўваюць у памяці песні баявога юнацтва іх дзядоў. Што іх цікавіць гісторыя вайны, партызанскага руху, той газетна-часопіснай графікі, характэрнай для падпольнага друку, пра якую так цікава расказваў Уладзімір Цанунін.
«Нішто не прадказвала буру» – літаратурна-музычны міні-спектакль у пастаноўцы студыі «Дамісолька» (кіраўнік Г. Я. Гуркіна) стаў тым рознаколерным фейерверкам, які яшчэ раз прадэманстраваў творчыя здольнасці і таленты выхаванцаў цэнтра. «Мір – гэта ранак зялёны, сонца на парастку кожным…» – гэтыя радкі з фінальнага акорду тэматычнага вечара могуць служыць каларытным лейтматывам усяго праведзенага тут мерапрыемства.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА.