На мінулым тыдні ў раёне прайшоў традыцыйны конкурс-атэстацыя спецыялістаў
па штучным асемяненні кароў. Спецыялісты сельгасарганізацый раёна сабраліся ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі на адказнае мерапрыемства, падчас якога
ім трэба было прадэманстраваць свой прафесіяналізм.
Ацэньвала іх тэарэтычныя веды і практычныя ўменні кампетэнтная камісія, у складзе якой былі дырэктар Вілейскага філіяла «Райплемстанцыя» РСУП «Мінскае племпрадпрыемства» Людміла Зінкевіч, спецыялісты гэтай службы Таццяна Брыль, Галіна Янчук, Ігар Хвалько, іх калега з Нясвіжскай племстанцыі Тамара Лейбук. У аргкамітэт конкурсу ўваходзілі першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Святлана Верамеева, Людміла Зінкевіч і старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Брыль.
Конкурс складаўся з тэарэтычнай і практычнай частак, і гэта, думаецца, дапамагло журы аб’ектыўна ацаніць прафесіяналізм кожнага з асеменатараў. Падчас тэарэтычнай часткі яны адказвалі на пытанні па білетах, а затым дэманстравалі свае практычныя ўменні. Спецыялісты па штучным асемяненні расказвалі пра тое, як праходзяць іх працоўныя дні, дзяліліся вопытам, закраналі праблемы.
– Здавалася б, нічога незвычайнага не было, – падзялілася пасля ўражаннямі Людміла Зінкевіч, – кожны канкурсант сутыкаецца з пытаннямі, на якія патрабуецца адказваць штодня ў рабочай абстаноўцы. Але ж гэта быў конкурс, і яго ўдзельнікі, безумоўна, крышку хваляваліся. Ды гэта толькі напачатку, а далей кожны з іх пастараўся прадэманстраваць усё тое, што ведае і ўмее.
Трэба адзначыць, што кампетэнтнае журы ацэньвала не толькі прафесіяналізм канкурсантаў, але і многае іншае. У прыватнасці, правільнасць вядзення дакументацыі, знешні выгляд. Па традыцыі, важным момантам, які ўлічваўся пры падвядзенні вынікаў, быў выніковы мінулагодні паказчык выхаду цялятак на сто кароў. Безумоўна, што больш балаў атрымлівалі тыя, у каго гэты паказчык быў вышэйшы.
Значэнне гэтага конкурсу не толькі ў тым, шо ён выяўляе лепшых спецыялістаў па штучным асемяненні кароў, але яшчэ і ў тым, што калегі атрымліваюць добрую магчымасць абмяняцца вопытам, павучыцца. А гэта заўсёды вельмі важна. Вось і на гэты раз вучыцца было ў каго. Усё сур’ёзна абмеркаваўшы і ацаніўшы, журы выканала сваю галоўную задачу – назвала пераможцаў. Першае месца аддадзена Валерыю Шылко з ААТ «Нарачанскія зоры» (летась у гэтым конкурсе ў яго было «серабро»), другое – Таццяне Аўгусціновіч з СУП «Усходні-агра», а на трэцім месцы – Алена Яўгель з ААТ «Даўгінава». Пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі. У намінацыі «За адданасць працы» адзначана Алена Шупляк з РУПС «Першы Беларускі», падарунак ад прафсаюза якой уручыў Аляксандр Брыль.
Працаваць над стварэннем высокапрадуктыўных парод сельскагаспадарчай жывёлы – гэта задача стаяла перад спецыялістамі жывёлагадоўлі заўсёды. Актуальная яна і сёння. І ў гэтай справе важнае месца адводзіцца метаду штучнага асемянення, займацца якім павінны высокаадукаваныя спецыялісты, прафесіяналы сваёй справы.
Ірына БУДЗЬКО/Фота Веранікі СТАЦІНА