Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У нас жыве «каралева»…

Віляйчанін Ількевіч (на жаль, імя і імя па бацьку не назваў) расказаў, што на цынцавіцкім могільніку (на тым, што ў бок Любані) зразалі старыя дрэвы. Справа, вядома, патрэбная. А вось тры вялізныя сасны чамусьці пакінулі… Менавіта наконт іх і званіў нам мужчына, які ўпэўнены: і гэтыя дрэвы трэба абавязкова зрэзаць. Ён звяртаўся ў сельсавет і нават у раённы Савет дэпутатаў, але пакуль справа не вырашаецца. Чаму? Таму, што дрэвы тыя, як растлумачыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч, не аварыйныя, прастаяць яшчэ доўга. Ды і сродкі на гэту справу патрэбны немалыя, а іх, як вядома, не заўсёды хапае і на больш важныя справы. Пытанне, узнятае Ількевічам, на кантролі, але яго вырашэння давядзецца крыху пачакаць.
Ёсць, праўда, і яшчэ адно выйсце: сабраць грошы на спілоўку дрэў з вяскоўцаў ды зрабіць справу – такая практыка ў раёне ўжо ёсць. Ды гэта асабістая справа людзей, прымусіць, вядома, іх ніхто не можа.
Віляйчанін Валерый Аляксандравіч (так прадставіўся яшчэ адзін наш чытач) патэлефанаваў, каб расказаць пра неналежныя,на яго думку, умовы ў гарадской лазні. Ён нават прапанаваў: няхай нехта з супрацоўнікаў рэдакцыі наведаецца ў лазню (размова ішла, у прыватнасці, пра мужчынскае аддзяленне) і паглядзіць, што і як. Мы пацікавіліся ў некалькіх пастаянных аматараў папарыцца пра ўмовы, і мужчыны толькі паціснулі плячамі, маўляў, усё нармальна. Так што, як кажуць, колькі людзей, столькі і меркаванняў.
Валерый Аляксандравіч сказаў, што ў кастрычніку павысілася плата за наведванне лазні – зараз за гэта трэба заплаціць 30 тысяч рублёў. У сувязі з чым гэта? Як растлумачыла галоўны эканаміст жыллёва-камунальнай гаспадаркі Ала Якубік, новыя тарыфы зацверджаны Пратаколам пасяджэння калегіі ўпраўлення антыманапольнай і цэнавой палітыкі Мінаблвыканкама №11 ад 9 кастрычніка гэтага года і яны абавязковыя для ўсіх. Адсюль і новы кошт за паслугу – 30 тысяч.
Адна з нашых чытачак закранула, як мне здаецца, таксама важнае пытанне.
– Жыву ў кааператыўным доме, – расказала жанчына. – У нас няма прыбіральшчыкаў пад’ездаў, самі трымаем іх у парадку. А для гэтага кожны з пражываючых павінен у свой дзень мыць сваю пляцоўку. Так усе і робім, акрамя адной асобы, якая лічыць вельмі нізкім для сябе займацца гэтай чарнавой работай. Так і жывём: мы ўсе – чысцім, мыем, а яна – ніколі. Ужо і старшыня кааператыва ўшчуваў ды ўгаворваў – як аб сценку гарох. Такая вось у нас «каралева» жыве… Проста дзіву даешся: як гэта можа так сябе весці жанчыне? Няўжо не сорамна?
Выслухала нашу чытачку і міжволі прыгадала той час, калі і мая сям’я з двума дзецьмі даволі працяглы час жыла ў інтэрнаце з агульнай кухняй і калідорам. Жылі там людзі самых розных прафесій: рабочыя, медыцынскія работнікі, бухгалтары, вадзіцелі, журналіст. І кожны вечар агульныя калідоры і кухня прыбіраліся па чарзе. Як кажуць, не звалілася карона ні з адной галавы. Не памятаю, каб нехта ўвільваў ад свайго абавязку. А тут… Калі ўжо тую «каралеву» не мучыць сумленне, то, мне думаецца, сваё слова павінны сказаць старшыня кааператыва, сход жыхароў гэтага дома. І не проста ўгаворваць, а з дапамогай лічбаў ды дакументаў растлумачыць, што «каралевам» месца не ў шматкватэрных дамах – няхай жывуць у палацах…
Закончыць хочацца на прыемнай ноце. Пенсіянерка Людміла Кавальчук, якая на днях наведалася ў рэдакцыю, ад усяго сэрца дзякуе работнікам філіяла ДУ «Мінаблпаліва» і персанальна вадзіцелю Г.А. Раманоўскаму – за своечасова дастаўленае ёй паліва. Здавалася б, звычайная справа, а яе можна зрабіць так, што чалавек будзе дзякаваць і пасылаць самыя найлепшыя пажаданні – здароўя, поспехаў у справах, шчасця ў сям’і. Як гэта робіць Людміла Кавальчук.
Ірына БУДЗЬКО

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries