Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У «Нарачанскіх зорах» «злавілі» вільгаць

На гэтым тыдні ў «Нарачанскіх зорах» пачалі сеяць аўсы. «Злавіць вільгаць» – такую задачу паставіла перад сабой агранамічная служба гаспадаркі. Яе поўнасцю падтрымлівае кіраўнік акцыянернага таварыства Генадзій Кучко.
– Мы не самачынна такое рашэнне прымаем, з «навукай» раімся, – дзеліцца Генадзій Мечыслававіч. Навука – гэта інстытут земляробства Нацыянальнай акадэміі навук, з якім у сельгаспрадпрыемства даўнія і цесныя кантакты.
Праязджаючы паўз палеткаў «Нарачанскіх зораў», заўважаем, што глеба не паўсюдна вольна дыхае. Ёсць лагчыны, набрынялыя талай вадой. Гэта рыса прыроднага рэльефу. І чакаць, пакуль сонца і вецер выпьюць з іх вільгаць – марны лёс.
– Гэтыя кавалкі будуць дасеяны потым, – разважае галоўны аграном Віктар Драчылоўскі. – Галоўнае, каб зерне трапіла ў вільготную зямлю цяпер. Бо яна ўжо рассыпаецца, калі кінуць камочак зверху. – Не толькі ад свайго суразмоўцы, а і ад некаторых яго калег чула пра гэтую прыкмету.
– Няхай насенне ляжыць у глебе, яно само ведае, калі яму прарасці, – дапаўняе свайго спецыяліста дырэктар таварыства. Такая пазіцыя кіраўніцтва вызначае тэмп і маштабы палявых работ, абумоўлівае ўмовы працоўнага саперніцтва.
…Палетак перад аграгарадком, які амываецца хуткаплыннай Нарачанкай, адным з першых атрымаў усе неабходныя сезонныя запраўкі. Менавіта з яго меркаваў аграном пачаць урачыстае шэсце пасяўных агрэгатаў. Час – поўдзень. А на паверхі глебы – лёгкая шэрань інею.
– Тут яна доўга будзе трымацца, – перахоплівае мой погляд галоўны аграном. – Вакол густы цень ад дрэў. Так бывае штогод.
А яшчэ штогод на поле ўбіраецца каменне. Яно нібыта расце з зямлі. І працэсу гэтаму, пэўна, не будзе канца.
– Каменне, як і ўся жывая прырода, рухаецца, – пацвярджае мае здагадкі трактарыст Аляксандр Даўгушыц, нібыта запісваючыся да мяне ў аднадумцы.
Прадстаўнікі раённай службы занятасці – пастаянныя памочнікі таварыства ў справе добраўпарадкавання палеткаў. З усімі астатнімі работамі яно спраўляецца само, паколькі і тэхнічна аснашчана, і кадрамі масавых прафесій забяспечана. Контурнасць палёў у гаспадарцы вялікая, прама з шашы адчыняецца шырокі далягляд. Як на далоні – увесь комплекс палявых работ. А яшчэ тут многа азёр: не прыродных, а рукатворных, выкапаных на нізкіх месцах, у лагчынах, дзе і так застойвалася талая вада. На штучных вадаёмах, якія круглы год збіраюць з неба вільгаць, ствараюцца свае біагеацэнозы. Гэта значыць пачынае фарміравацца лакальная флора і фауна. Механізатары ўсе сведчаць, што бачылі ўжо на такіх штучна створаных сажалках лебядзей. Каго не зачаруе сустрэча з гэтым каларытным птахам, што апошнім часам усё больш горнецца да кантактаў з чалавекам… Але гэта так, для лірычнага адступлення. Паколькі сёння на палетках часцей можна сутыкнуцца з рэальнай прозай жыцця. У якой, аднак, таксама свая адметнасць.
Для гутаркі і фотаздымка ўдзельнікаў механізаванага атрада па ўнясенню арганікі давялося запрасіць прагуляцца па вільготнай раллі. Абутак журналіста рызыкнуў утапіцца ў каламуці пракладзенай коламі дарогі. Аляксандр Броўка, Леанід Радзевіч і Фёдар Тумаш без ваганняў фарсіравалі недалёкі шлях і ахвотна дзяліліся адчуваннямі ад вясны, яе нечаканых сюрпрызаў у выглядзе ранняга цяпла. І аб сваім жаданні хутчэй закончыць з арганікай і памяняць раскідвальнікі на сеялкі.
І яшчэ адна прыемная сустрэча адбылася на палетках «Нарачанскіх зораў». З трактарыстам Алегам Балгарскім, прызнаным лепшым па прафесіі на выніках мінулага года і занесеным на раённую Дошку гонару. Яго «ФЭНДТ» з чызельным культыватарам літаральна прасаваў зямлю, ствараючы з яе раўнюткі, цёмны і пульхны дыван, камфортна расхінуты пад небам. На гэтым 100-гектарным участку будзе пасеяны ячмень.
А калі ўжо нумар быў падрыхтаваны да друку, аўтару гэтых радкоў па тэлефоне паведамілі, што Алег Балгарскі першым вывеў свой агрэгат на пасяўную. Ну, і няхай благаславіць Неба хлебаробскае старанне і клопат.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 144 queries