Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Мядзеле, на плошчы Шаранговіча, адкрыты помнік Максіму Танку

З прэсы даведалася, што напрыканцы мінулага тыдня ў Мядзеле, на плошчы Шаранговіча, адкрыты помнік Максіму Танку. Народны паэт Беларусі, аўтар дзясяткаў паэтычных зборнікаў, класік нацыянальнай літаратуры – такім мы яго запомнілі яшчэ са школьных урокаў. У яго творчасці, безумоўна, пераважаў грамадзянскі матыў. Нават псеўданім сабе абраў з адпаведным падтэкстам.

Толькі мне асабіста больш імпануе яго лірыка, далікатная, цнатлівая і мілагучная. Якім шчырым суперажываннем лёсу юнай манашкі перапоўнена яго «Ave Maria!» «Нат пад жалобнай вопраткай чорнай ты адгадаеш стан непакорны, ножкі, якімі б на карнавалах і захапляла, і чаравала, смуглыя рукі, грудзі тугія – Ave Maria»… Свядомасць наша так уладкавана, што развагу над вартым увагі паэтычным радком яна аддае найперш сэрцу. Гэтым і прадвызначана асабістае, індывідуальнае ўспрыняцце верша.
Памятаецца, яшчэ ў школьныя гады пашчасціла наведаць Пількаўшчыну, вёсачку, якая ўжо тады, некалькі дзесяцігоддзяў таму, нагадвала хутар. Менавіта тут у 1912 годзе нарадзіўся будучы народны паэт. Стаяў ліпень – макаўка лета. Нясцерпна пякло сонца. Мы, купка вучняў-старшакласнікаў,прытуліліся ля паркану, які, як нам здавалася кідаў невялічкі цень. І слухалі Язэпа Семяжона, сваяка і даследчыка творчасці Максіма Танка. У Пількаўшчыне ён праводзіў свой водпуск. Шчабяталі птушкі. Наваколле пахла чаборам. Пругкія, самавітыя чмялі пешшу прахаджваліся па пахкіх суквеццях летніх красак… А пасля з хаты выйшла жанчына ў светлай хустачцы, туга сцягнутай пад падбародкам. Цёмная шырокая спадніца закрывала ногі. Загарэлыя худыя рукі перабіралі матузы зрэбнага фартуха. Гэта была маці паэта. Шчаслівая жанчына, з любоўю апетая сынам. Хтосьці з нас, школьнікаў, паддаючыся душэўнаму парыву, узяўся дэкламаваць верш «Рукі маці». Памятаю, як набрынялі слязьмі вочы гэтай худзенькай, немаладога веку жанчыны. «Толькі заўсёды, як мы зберымося дамоў і на стол пакладзе рукі маці, быццам ад сонца, ад іх пасвятлее ў хаце. І ў сэрцы».
«Ёсць адна песня з песняў – пра Радзіму», – гэтыя радкі аднаго з паэтычных твораў Максіма Танка выбіты на пастаменце помніка, работы скульптараў Івана Міско і Аляксандра Фінскага, архітэктара Армэна Сардарава.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота з сайта kraj.by

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 127 queries