– Ай, нажалі, навязалі копачак, як у небе зорачак.
Фальклорны матыў ўплёўся ў свята дажынак, як каларытная кветка васілька ў перахоплены перавяслам сноп. Безумоўна, цікава было працаваць сцэнарыстам над такім багатым, заснаваным на традыцыйнай абраднасці і дапоўненым сюжэтамі сучаснасці матэрылам. У антуражы дажынак змясціліся і жнейкі з сярпамі, і агромністы вянок з сонечнага калосся, і парад караваяў, які прадставілі на ўсеагульны агляд сельгаспрадпрыемствы раёна. Караваі і жніўныя снапы аздобілі лесвічныя прыступкі па шляху да Людвіноўскага Палаца культуры. У аздобе шчодрых дароў вілейскай нівы рухалася да месца ўрачыстасці святочнае шэсце з удзельнікаў дажынак. І вітаў яго каля аплеценай палявымі краскамі брамы млынар, галоўны гаспадар свята. У тым, што зерне становіцца хлебам – яго адметная заслуга. Яго і гаспадыні, якая дасціпным словам, жартам і кідкай стаццю ўмее завабіць гасцей.
Момант гульні – адметная рыса фальклорнай абраднасці. І арганізатары дажынак у поўнай меры скарысталіся гэтым прыёмам. Тут і дзяўчына-жытніца благаслаўляе ўсіх караваем, і дбайныя гаспадыні частавалі іх разнастайным печывам. Прычым, так далікатна, ненавязліва, як у дзесяцігоддзямі выпрацаваным народным звычаі. Спакон веку каравай прынята наразаць лустамі і дзяліць яго між прысутнымі на бяседах рознага кшталту, але заўсёдна такія датасоўваюцца да самых лепшых хвіляў жыцця чалавечага – вяселляў, радзін, хрэсьбін.
Каравай – неад’емны атрыбут дажынак. У розных іпастасях ён фігурыраваў і на гэтым свяце. Знайшлося ў ім месца і сюжэту вясковай талакі, раней шырока распаўсюджанаму сярод сялянства. Дружна жалі, ставілі спавітыя перавясламі снапы ў мэндлікі (нар. выраз – М. К.) і прыпадносілі з жыта звіты вянок гаспадару. Час мяняе формы ўласнасці, пакідаючы аднак кіраўніку яго ранейшыя функцыі. А яны – у тым, каб аддзячыць, адзначыць і ўшанаваць жнеек. Вось гэта дзея ўшанавання і адбывалася на раённым свяце дажынак. Былі караваі з шаснаццаці сельгаспрадпрыемстваў раёна, якія прадэманстравалі ўмельства кандытараў ды хлебапёкаў. І быў галоўны каравай, што з паклонам прыняў ад хлебаробаў Вілейшчыны старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Кот. Акумуляваны ў ім вынік хлебаробскай працы стаў своеасаблівым сімвалам дажынак, знітаваўшым у сабе матэрыяльныя і духоўныя высновы. На яго фоне вяліся ўзнагароджанні лепшых сельгасарганізацый, камбайнавых экіпажаў, вадзіцеляў – усіх, хто на жніве прадэманстраваў узоры высокапрадукцыйнай працы і прафесійнага майстэрства.
Адметна, што на галоўным хлебаробскім свяце прысутнічалі ветэраны сельскагаспадарчай вытворчасці, імёны якіх назаўсёды ўвайшлі ў гісторыю гэтай вядучай у раёне народнагаспадарчай галіны. Ужо на трэці дзень пасля дажынак аўтару гэтых радкоў патэлефанавала адна з запрошаных на ўрачыстасць, былы начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Таіса Пятроўна Церахава. Пра многае мы гаварылі: новыя тэхналогіі ў раслінаводстве і вартасць старых, традыцыйных, незаслужана занядбаных. Пра кормавытворчасць, эфектыўнае выкарыстанне культурных пашаў, пра ролю спецыялістаў, асабліва агранамічнай службы. Мая суразмоўца даўно ўжо на заслужаным адпачынку, але яе хваляванне, яе душэўнае напружанне, з якімі яна гаворыць пра лёс зямлі, – няхай бы ўсё гэта да драбніц перадалося тым, хто сёння служыць збожжавай ніве.
Дарэчы, лепшыя хлебаробы тым і жывуць, што адчуваюць сваю асабістую адказнасць за ўсё тое, што сёння адбываецца на полі. Пра гэта гаварыў у сваім выступленні перад удзельнікамі свята старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Кот.
Ён, старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталія Радзевіч і начальнік райсельгасхарчу Ігар Шавялёў уручылі ўзнагароды лепшым – і працяг урачыстасці патануў у гуках святочнага канцэрта. У ім переважаў каларыт беларускасці, што вельмі характэрны для вёскі і густаў яе насельнікаў. Не гулкі гоман шматлюдных мегаполісаў нагадваем мы ў далёкіх вандроўках, а маркотную цішыню бярозавых гаёў, жытнёвы шум вясковых аколіц, палаючыя гронкі рабін на ўзлессі. Гэтыя вобразы ўвайшлі ў беларускія песні, што гучалі са сцэны раённых дажынак. Вакальны гурт «Крыніца» Нарачанскага сельскага Дома культуры, дуэт «Бульбашы з Людвінова», народная эстрадная студыя аўтарскай песні «Імпэт» пад кіраўніцтвам Галіны Кутас, народны вакальны гурт «Суквецце», народны хор «Любанія». Каларытныя творчыя калектывы, кідкія сваёй адметнасцю, уменнем ствараць сцэнічныя вобразы і паланяць гледача. Нездарма зала ў адзіным парыве паднялася, вітаючы фінальны акорд канцэрта і аддаючы даніну павагі артыстам. “Поле бацькава свеціць коласам, і пяе душа дзіўным голасам”. Ёсць хлеб – ёсць і песня.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота аўтара
У Людвінова прайшлі раённыя дажынкі
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ

























