Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Любанскай сярэдняй школе адбылася калядная сустрэча для ветэранаў педагагічнай працы

Нараджэнне Хрыстова аб’ядноўвае людзей і ўсяляе ў душу чалавека Любоў, Надзею, Веру. Яно з’яднала і нас, настаўнікаў-ветэранаў горада і раёна.
Добрай традыцыяй стала арганізацыя калядных сустрэч для ветэранаў педагагічнай працы ў нашым раёне. І гэта вельмі прыемна. Людзі, якія шмат гадоў аддалі высакароднай справе выхавання будучых пакаленняў, у час такіх сустрэч маюць магчымасць пагутарыць з калегамі, аддацца ўспамінам аб школе, вучнях, аб сабе.

Вось і сёлета такое мерапрыемства адбылося 10 студзеня ў Любанскай сярэдняй школе. Вельмі шчыра прынялі нас у гэтай установе. Абаяльныя, добразычлівыя, ветлівыя, з пачуццём глыбокай павагі да кожнага дырэктар школы Васіль Аляксандравіч Кісель і яго жонка – настаўніца Вольга Фёдараўна знайшлі цёплыя словы віншавання ў гэты святы дзень. Калектыў работнікаў школы, як адна дружная сям’я, стварылі атмасферу ўрачыстасці і дабрыні. Сустрэлі нас хлебам-солью, арганізавалі цікавую экскурсію па школе. А паглядзець сапраўды ёсць што. Усюды чыста, прасторна, утульна. Відаць, што школа шануе гісторыю сваёй мясцовасці. На другім паверсе знаходзіцца галерэя славутых землякоў, дзе змешчаны іх партрэты, напісаныя прафесійнымі мастакамі. Багаты матэрыял сабраны ў школьным музеі (кіраўнік Трубач Ала Іванаўна). Доўга затрымаліся перад выставай работ вучняў у пакоі працоўнага навучання і ў фае, дзе выстаўлены незвычайныя навагоднія ёлкі. Шмат што нас уразіла. Ды ўсяго і не пералічыць!
Прадуманы сцэнарый сустрэчы па-сямейнаму шчыра вяла настаўніца школы Гатоўка Людміла Леанідаўна. Адчуваецца, што гэта чалавек неабыякавы, творчы, здольны. Дапамаглі ёй, як вядзецца на калядныя святы, Дзед Мароз і Снягурачка, ролі якіх выконвалі настаўнікі Любанскай школы Вяжэвіч Вольга Васільеўна і Шайко Вольга Аляксееўна.
Радаваў прысутных работнік школы Косця (яго так і называлі, не інакш, як проста Косця). Ён, як сапраўдны прафесіянал, валодае музыкай, цудоўна спяваў. Пранікнёна выконвала песні, чаруючы сваім голасам і прыгожасцю, кіраўнік школьных гурткоў Таццяна Мікалаеўна Занкавіч.
Вельмі ўсім спадабаліся вершаваныя і музычныя творы, якія выканала Зінаіда Васільеўна Крупская. Дарэчы, многія з іх яна стварыла сама.
Запамінальным было выступленне настаўнікаў гімназіі № 1 «Логас». Яны спявалі песню на словы і музыку таленавітай Ірыны Есіс пад акампанемент аўтара.
А які атрымаўся ансамбль з прадстаўнікоў кожнай школы-удзельніцы сустрэчы! Спявалі «Вальс выпускнікоў», а зала падпявала. Не абышлося без смеху ў час конкурсу, дзе трэба было без слоў, толькі жэстамі паказаць указанага ў заданні героя. Цікава прайшла «абарона» столікаў. Прадстаўнікі школ спявалі, чыталі вершы. Наколькі ж цікавымі былі выступленні! А якія ж усе таленавітыя! І вершы, і песні, і танцы паказалі, што і талент, і запал настаўніка з гадамі не губляецца.
Хвалюючымі былі сустрэчы з людзьмі, сваімі калегамі, з якімі не бачыліся нават дзясяцігоддзі. Напрыклад, з настаўніцай, знаёмай з моладасці, калі разам пачыналі працоўную дзейнасць – Ліліяй Цімафееўнай Хадановіч. Яна і цяпер па-ранейшаму абаяльная і жартаўлівая. Добра ведае і шануе беларускую мову. Таму такім пранікнёным было яе выступленне. Вельмі спадабаліся ўдзельнікам сустрэчы эмацыянальныя, змястоўныя выступленні прадстаўнікоў сельскіх школ: Залескай, Ільянскай, Іжскай, Куранецкай, Чурлёнскай. Трэба адзначыць, што на вёсцы на пенсіі людзі актыўныя жывуць менш цікава і насычана, чым у горадзе.
Сярод віншаванняў і пажаданняў было і выступленне настаўніцы-ветэрана СШ № 3 Хрысціч Алы Сямёнаўны. Яна сказала цёплыя словы ў адрас калектыву гаспадароў сустрэчы. А яшчэ Ала Сямёнаўна ўспомніла, як ёй было камфортна, калі на непрацяглы час была запрошана ў гімназію № 2, дзе ў той час працаваў дырэктарам В.А.Кісель.
Сваімі найлепшымі ўспамінамі аб працы ў гімназіі № 2 падзялілася і Ясюкевіч Таіса Іванаўна.
Усім прысутным было прыемна адчуваць клопат і павагу з боку аддзела адукацыі. Начальнік Аляксандр Часлававіч Пуцэйка выказаў словы ўдзячнасці калектыву Любанскай школы за такі цудоўны прыём. І як кіраўнік расказваў ветэранам, чым цяпер жывуць школы раёна, якіх поспехаў дабіваюцца ў навучанні і выхаванні. А нам гэта ўсё цікава ведаць.
Трэба адзначыць, што многа старання і ініцыятывы пры арганізацыі такіх сустрэч праяўляюць людзі, нераўнадушныя, апантаныя. У першую чаргу, гэта Святлана Леанідаўна Валынец, старшыня Вілейскай раённай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі. Святлана Леанідаўна шмат старання і душы ўкладвае ў работу з настаўнікамі, у тым ліку з ветэранамі. Яе паважаюць, да яе прыслухоўваюцца. Яна валодае лепшымі чалавечымі якасцямі: чулая, добразычлівая.
Вялікай падзякі заслугоўвае старшыня раённага Савета ветэранаў педагагічнай справы Ніна Сцяпанаўна Жвалеўская. Для яе няма проста нейкай чарговай справы. У кожнай яна праяўляе сябе як здольны арганізатар, лідар, які ведае і ўмее зрабіць усё на «выдатна».
У свой час мы стараліся і стваралі святы для сваіх вучняў. А зараз гэта сустрэча – цудоўнае свята для нас. Нездарма гавораць, што нараджэнне Хрыстова – свята цуда. Вось мы яго і атрымалі.
«Каждому суждено собрать жатву от того, что посеял», – сказаў мудры чалавек Ахмад Джалі. Сустрэча пасеяла ў нас на цэлы год радасць, добры настрой, веру ў жыццё, зарад бадзёрасці. Упэўнены, што і арганізатары, і гаспадары сустрэчы ў поўнай меры атрымаюць ураджай такіх жа пачуццяў і для сябе.
Галіна КАПЦЮГ, Вера ЛАШУТКА, настаўнікі-
ветэраны, удзельнікі каляднай сустрэчы

Ад рэдакцыі. Арганічна ў канву свята ўпісалася выступленне прадстаўніка СШ № 1 Галіна Ігнацьеўна Капцюг. Яна сказала, што настаўнік застаецца заўсёды настаўнікам. А жыццё на пенсіі залежыць ад нас саміх. Вось яна жыве актыўна. Спявае ў народным хоры ветэранаў, даражыць гэтым калектывам. Па адукацыі – выкладчык рускай мовы і літаратуры. Разам з тым вельмі любіць родную беларускую мову. На гэтай мове піша вершы. Дачка падаравала падпіскай на часопіс «Я на пенсіі», куды Галіна Ігнацьеўна дасылае свае артыкулы і вершы. Вось і ў студзеньскім нумары часопіса змешчаны адзін з яе вершаў, дзе ёсць такія радкі:
Мой шлях жыццёвы немалы,
Чалавек я ўжо немалады,
Але сэрца спакою не мае,
Людзям дабро рабіць жадае.
Новы год спяшаецца да нас,
Магу сказаць я без прыкрас:
Хачу застацца няўрымслівай такой,
Пакуль жыву, не трэба мне спакой.

Фота Святланы ВАЛЫНЕЦ

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 145 queries