Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Любані, што на Вілейшчыне, асвечаны паклонны прыдарожны крыж

Кожная вёска Беларусі мела свае засцерагальныя крыжы. Высокія і статныя, яны аздабляліся маленькімі фартушкамі-павязкамі, іх упрыгожвалі ручнікамі, полкамі саматканага палатна, жывымі кветкамі, прычым усе тканіны амаль не здымаліся, а толькі дапаўняліся новымі. Кожны паклонны прыдарожны, вясковы, прыцаркоўны крыж успрымаўся як вобраз Хрыста.  

Аграгарадок Любань мае даўнюю гісторыю, яшчэ больш даўнія хрысціянскія традыцыі, што адлюстроўваюць значэнне хрысціянства для мясцовага насельніцтва. Менавіта тут захаваўся каменны крыж, які можа мець паходжанне з IX – XI стагоддзя, часу,калі пачыналася хрышчэнне нашых зямель. Знаходзіцца ён каля сучасных могілак і стаіць на невялікім пагорку як сімвал старадаўняй веры.
10 ліпеня для Любані вялікае свята, бо менавіта ў гэты дзень быў асвечаны паклонны прыдарожны крыж, які павінен ахоўваць жыхароў і аберагаць іх ад стыхіі, эпідэміі, пажару, ад усяго благога, ахоўваць Беларусь. А самае галоўнае быць аплотам веры і месцам пакланення і роздуму.
Паклонныя прыдарожныя крыжы, якія на Беларусі называюць яшчэ і абракальнымі, бо ставіліся яны не адным чалавекам, а вёскай, талакой – гэта калектыўнае памкненне ўратавацца ад бяды і нягодаў, заручэнне на добры зыход любой распачатай справы, на шчаслівае жыццё ўсёй мясцовасці, краіны.
На Беларусі існавала, а ў некаторых месцах па сёння існуе традыцыя вясковым абракальным крыжам ахвяраваць спецыяльна вырабленыя тканіны, якія выраблялі жанчыны адной вёскі за адну ноч ці адзін дзень, у час розных бедстваў, ці як калектыўная падзяка за добры сыход для аднавяскоўцаў ад якой-небудзь бяды. Так, старажылы на Вілейшчыне могуць распавесці пра такія вырабленыя ручнікі ці палатно, якое жыхары вёсак выраблялі за ноч – адны часалі лён, другія пралі, рабілі ніткі, трэція запраўлялі аснову і ткалі. Такую ахвяру, у выглядзе ручніка ці палатна аддавалі ў царкву ці вешалі на крыж, у асноўным апошнія такія традыцыі датычацца часу, калі ў вайну нейкім цудам усю вёску не спалілі, або не расстралялі жыхароў. У пасляваенныя гады так рабілі пры вялікай засусе, калі прасілі, каб пайшоў дождж і жанчыны спраўлялі ў выглядзе ручніка-ахвяры падзяку Богу пры сваіх просьбах.
У час атэістычнай барацьбы, калі шматлікія цэрквы і капліцы былі зачынены ці разбураны і не было дзе маліцца, то маліліся менавіта каля Крыжа пры раздарожжы, які звычайна ўсталёўвалі талакой, усёй вёскай.
Традыцыя «ўсім светам» была захавана і ў Любані. Гэтаму яскравае пацверджанне ў словах падзякі, якія выказваліся пры асвячэнні Крыжа кіраўніцтву ДСУП «ПМК-186», прыхажанам, сельскаму выканкаму, кіраўніцтву ААТ «Новая Любанія».
Любанскі крыж мае форму крыжа Ефрасінні Полацкай, якая з’яўляецца нябеснай апякункай Беларусі. Крэсны ход, які з царквы Сабору Беларускіх Святых,сабраўшы прыхажан, жыхароў Любані і гасцей пасля службы, накіраваўся да месца, дзе ўсталявалі крыж і дзе пачалося яго асвячэнне. Кожны, хто ішоў у працэсіі,адчуваў прыўзнятасць духоўнага настрою, бо Крыж усталёўваецца на вякі і павінен стаць ахоўнікам на дадзенай зямлі. Настаяцель храма Сабора Беларускіх Святых у агр. Любань протаіерэй Ігар Дражын правёў чын асвячэння паклоннага крыжа. Асвячэнне адбывалася з удзелам настаяцеля храма Св. Мікалая Цудатворцы ў в. Вялікая Ухалода Барысаўскага раёна протаіерэя Аляксандра Пачэнка.
Усіх прыхажан павіншавалі з гэтай важнай падзеяй у жыцці вёскі і пажадалі глядзець на Крыж вачыма глыбіннай веры. Святочнае мерапрыемства завяршыла канцэртная праграма, якая адбылася ў любанскім Цэнтры культуры і вольнага часу, дзе дэманстравалася і фотавыстава «Вілейшчына шляхетная».
Няхай словы,размешчаныя на камені пад Крыжам, будуць нашай штодзеннай малітвай: «Збаў, ахіні і памілуй нас Божа Тваёю дабрадаццю. Дабраславі Божа краіну нашу – Святую Беларусь!»
Сяргей ГАНЧАР. 

Фота Дзяніса Канецкага

IMG_3216

IMG_3210

IMG_3186

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 145 queries