Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Лыцавіцкім Доме культуры стварылі пакой памяці

Ідэя стварыць у Лыцавіцкім Доме культуры пакой памяці прыйшла да загадчыцы гэтай установы Марыі Шарафановіч даўно. Не без уплыву, прызнаецца, мужа Дзяніса, які таксама загарэўся справай захавання светлай памяці мужных землякоў, удзельнікаў войнаў.

– І вось сёлета да Дня перамогі наш пакой памяці адкрыўся, – расказала Марыя Станіславаўна. – Інфармацыя пра герояў розных войнаў размяшчаецца ў трох раздзелах: «Забытая трагедыя», «Чурлёнскай зямлі гераічныя сыны» і «Афганістан: боль, памяць». Усе дакументы пра першую сусветную – у першым. Дарэчы, інфармацыі пра гэту вайну ў нас яшчэ нямнога, таму з удзячнасцю прымем яе ад тых, хто пажадае падзяліцца з намі.
Вялікае месца займае раздзел пра Вялікую Айчынную вайну. Тут аформлены багатыя стэнды і альбомы пра ветэранаў, змешчаны іх рэчы, узнагароды, пісьмы. З тых, хто быў непасрэдным удзельнікам тых страшных падзей, у жывых засталіся толькі двое – Іван Аляксандравіч Баравы і Антон Антонавіч Чабатар. У хуткім часе, падзялілася Марыя Шарафановіч, ветэраны наведаюцца на экскурсію ў пакой памяці, каб паглядзець і пераканацца, што іх гераізм не забыты ўдзячнымі патомкамі.
– Цікавыя панарамы мініяцюр стварыў Дзяніс Уладзіміравіч з дзецьмі, – расказвае Марыя Станіславаўна пра мужа. – Доты, вышкі, кулямёты, салдацікі – усё гэта ў нашым пакоі ёсць. Дарэчы, Дзяніс і бібліятэкар Зоя Карыба з’яўляюцца гідамі ў нашым пакоі і з задавальненнем раскажуць пра ўсе дакументы, сабраныя тут. Вось і зусім нядаўна занялі сваё месца гузікі ад салдацкага адзення, сапёрная лапатка, знойдзеныя людзьмі, што вядуць пошукі.
Асобнае месца ў пакоі адведзена героям-інтэрнацыяналістам. За багатую інфармацыю пра іх Шарафановічы шчыра дзякуюць дырэктару Іжскай школы Святлане Хадановіч. Успаміны афганцаў, іх вопратка, фотаздымкі – усё гэта з вялікай цікавасцю разглядаюць наведвальнікі пакоя памяці. Дарэчы, воіны-афганцы ўжо наведалі яго, выказалі словы падзякі супрацоўнікам Дома культуры і бібліятэкі за патрэбную справу.
А нядаўна на экскурсію зайшлі расіяне, якія адпачывалі ў раёне і пачулі пра пакой, падзялілася Марыя Станіславаўна. Былі здзіўлены, што ў звычайным Доме культуры з’явіўся такі вось міні-музей.
Інфармацыя пра гераічных землякоў усё паступае і паступае. І хто ведае, магчыма, з часам пры Доме культуры і сапраўды запрацуе свой музей. У памяць пра герояў і дзеля падрастаючага пакалення тут будуць праводзіцца экскурсіі, урокі мужнасці,памяці. Каб ніколі не забыць.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлена  Марыяй ШАРАФАНОВІЧ.
На здымку: ля панарамы мініяцюр юныя.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 143 queries