Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Касуце прайшло храмавае свята ў імя святых Пятра і Паўла (фота)

«Едзем у Касуту «на петушкі» – такі заклік ведаюць многія, бо з дзяцінства яшчэ на веласіпедах, з самай раніцы ехалі на касуцкі фэст, каб набыць салодкія прысмакі ў выглядзе «пеўня», «вавёрачкі», каб паспрабаваць салодкіх «пернікаў». Але трэба было спяшацца –  можа і не хапіць, бо заўжды збіраецца «поўна» народу…

Традыцыі старадаўніх фэстаў, калі ў беларускіх вёсках адзначаюць прастольныя святы, трывала захаваліся на Вілейшчыне. Не адно пакаленне штогод хадзіла на фэст у Бараўцы «на цыбулі» – на свята нараджэння Прарока Іаана Прадцечы, альбо «на Ганны» ў Ручыцу (Гануту), «на Іллю» ў вёску Ілья. Амаль кожная вёска мела сваё вясковае прастольнае свята, у гонар якога былі пабудаваны капліцы, цэрквы і касцёлы. І кожная вёска мела свой асаблівы святочны дзень, як кажуць старыя людзі – фэст «на Казянскую», «на Міколу», «на Яна» і г.д. Час імкліва мяняе традыцыі, зыходзяць старажылы на вёсках, карэнным чынам змяняецца лад жыцця.

З кагорты традыцыйных вясковых святаў застаюцца толькі некаторыя, але яны па-ранейшаму адзначаюцца гучна, з вялікімі кірмашамі і натоўпам людзей, якія штохвілінна прыбываюць да храма, а галоўнае, па-ранейшаму збіраюць усіх родзічаў разам у старой бацькоўскай хаце…
«Едзем у Касуту «на петушкі» – такі заклік ведаюць многія, бо з дзяцінства яшчэ на веласіпедах, з самай раніцы ехалі на касуцкі фэст, каб набыць салодкія прысмакі ў выглядзе «пеўня», «вавёрачкі», каб паспрабаваць салодкіх «пернікаў». Але трэба было спяшацца, бо калі прыпазніцца можа і не хапіць, там заўжды збіраецца «поўна» народу…
12 ліпеня ў прыходзе Святых Першавярхоўных Апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Касута прайшоў штогадовы фэст. Гэта свята, што ўжо на працягу каля сотні год збірае карэнных жыхароў вёскі і тых, хто родам з Касуты, а таксама жыхароў з навакольных вёсак і гасцей з усіх куткоў Вілейшчыны і Беларусі. Кожны імкнецца пабываць на набажэнстве, прайсці з роднымі і сябрамі тры разы вакол царквы хрэсным ходам, накупляць сабе і сваякам салодкіх вырабаў, а самае галоўнае мець дачыненне да прадаўжэння сталай традыцыі сваіх бацькоў і дзядоў. Так было і ў гэтым годзе. Вялікі кірмаш з разнастайнымі вырабамі для дзяцей, з выязным гандлем таварамі на любы густ, з арганізаванымі выставамі і прыездам украінскіх сяброў, традыцыйна суправаджаў святое набажэнства. Нікога не спалохала пахмурнае надвор’е і, як заўжды, каб прыстасаваць аўтамабіль трэба гэта было рабіць у пачатку вёскі. Уся былая вясковая брукаванка паабапал была запоўнена людзьмі і транспартам. Паўсюль было бачна, як вітаюцца і абдымаюцца старыя знаёмыя, родныя сваякі, бо ўжо цэлы год не сустракаліся і не бачыліся – усіх сабраў фэст.
«На Пятро», а менавіта так у народзе называецца гэта свята, заканчваліся «зялёныя святкі», што доўжыліся ад Сёмухі, потым працягваліся на Купалле і завяршаліся на Пятро. Аб’яднаны яны адзіным культам расліннасці, адзіным земляробчым культам урадлівасці зямлі, абагульняюцца па часе, матывах абрадавых песен, што сведчыць пра сувязь гэтых святаў у старажытнасці з адзіным значным летнім абрадам. Тым больш, прыкладна 5 – 7 дзён на працягу летняга сонцастаяння і гэтых трох святаў, сонца ўзыходзіць і заходзіць у адзін і той жа час, у гэтым прамежку не мяняецца і даўжыня дня, таму, магчыма, у далёкія часы на працягу дадзенага перыяду дзён і праходзіла святкаванне адзінага старажытнага беларускага свята, агульная назва якога магла быць і Сёмуха, і Купала і неяк інакш.
Вялікая колькасць кропак з салодкімі прысмакамі – «петушкамі» была заўжды асаблівасцю святочнага гандлю ў Касуце. Толькі даўней, гэта было некалькі гандляроў, пераважна дарослых ці бабуль, якія спецыяльна выраблялі і прывозілі свой тавар на касуцкі фэст. Па-гэтаму, усе так і спяшаліся з самай раніцы, за некалькі гадзін да пачатку набажэнства ў царкве, у Касуту, каб паспець набыць прысмакі. Сёння «петушкамі» гандлюе шмат хто, хопіць кожнаму, гандляры запасаюцца загаддзя, каб хапіла з лішкам.
З часам да праграмы фэсту дабаўляюцца новаўвядзенні. Так, апошнія гады культурная праграма, таксама стала традыцыйным дапаўненнем святочнага фэста. Справа ў тым, што вёска Касута з’яўляецца радзімай гетмана Украіны, аўтара першай украінскай канстытуцыі Піліпа Орліка. Родам ён з шляхецкага роду Навіна, нарадзіўся і першыя свае гады жыцця правёў у сяле Касута на Вілейшчыне, а потым, пасля смерці бацькі, разам з маці пераехаў ва Украіну, дзе і стаў знакамітым украінскім дзяржаўным дзеячам, паплечнікам Мазэпы, пасля смерці якога быў абвешчаны гетманам. Менавіта таму, апошнія гадоў дванадцаць на святочны фэст прыязджаюць прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары на Беларусі, каб запаліць свечкі ў гонар Піліпа Орліка і ўскласці кветкі да памятнай дошкі, што месціцца каля агароджы царквы.

У 1886 годзе ў Касуце быў закладзены і пабудаваны з бутавага каменю і цэглы новы каменны храм. Побач, у агароджы царквы захавалася капліца XVIIІ ст. у гонар Св. Георгія Пераможцы, якая была дзеючая, пакуль не была пашкоджана снарадам у 1915 г. З будаўніцтвам вілейскага вадасховішча ландшафт вёскі крыху змяніўся, частка дамоў была перанесена, знік стары вадзяны млын на рацэ Касутцы, дзе ў 1950-я гады на заліўным лузе праходзілі фальклорныя фестывалі.
Асаблівасцю культурнай праграмы гэтага года стала дэманстрацыя на свяце выставы дзіцячых прац шостага раённага пленэра юных мастакоў імя Н. Сілівановіча, што праходзіў на пачатку чэрвеня. Выстаўленыя на вернісажы працы былі спецыяльна намаляваны дзецьмі падчас пленэра і ўсе яны прысвечаны жыццю і дзейнасці гетмана Украіны Піліпа Орліка, выхадца з Вілейшчыны.
Трэба адзначыць, што сама вёска Касута мае даўнюю гісторыю. Першае яе ўзгадванне ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1499 года як уладанне князёўны Гальшанскай. За сваю гісторыю ў вёсцы дзейнічаў базыльянскі манастыр, у XVII стагоддзі існавала першая, па пісьмовых узгадках, драўляная царква Успення Прасвятой Багародзіцы. За сучаснай каменнай агароджай царквы маюцца рэшткі гэтых манастырскіх пабудоў. З 1857 года Касута належыць роду Тукайлаў (галоўная рэзідэнцыя месцілася ў Асцюковічах), якія пабудавалі там маёнтак і заклалі невялікі парк з воднай сістэмай, рэшткі якого захаваліся (уязная ліпавая алея, два ставы, часткова фундамент маёнтка) пры ўездзе ў вёску з боку Крывога Сяла. У 1886 годзе быў закладзены і пабудаваны з бутавага каменю і цэглы новы каменны храм у гонар Святых Апосталаў Пятра і Паўла. Побач, у агароджы царквы захавалася каменна-драўляная капліца XVIIІ стагоддзя у гонар Св. Георгія Пераможцы, якая была дзеючая, пакуль у 1915 годзе ў яе не папаў снарад пад час баёў Першай сусветнай вайны.
З будаўніцтвам вілейскага вадасховішча ландшафт вёскі крыху змяніўся, частка дамоў была перанесена, знік стары вадзяны млын на рацэ Касутцы, дзе ў 1950-я гады на заліўным лузе праходзілі фальклорныя фестывалі.
Змяніўся час, змяніліся людзі, а традыцыя правядзення касуцкага фэста захавалася. Няхай яшчэ і нашы нашчадкі змогуць наведаць старажытны храм «на свята Пятра» і з’ездзіць у Касуту «на петушкі».

Сяргей ГАНЧАР.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

DSCF5369 DSCF5317 DSCF5318

DSCF5331

DSCF5334

DSCF5323DSCF5337 DSCF5338 DSCF5340 DSCF5349 DSCF5354 DSCF5360 DSCF5367

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 128 queries