Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Іжскую школу завіталі пісьменнікі Уладзімір Цанунін і Віктар Кажура

«Я на паэзіі магутных крылах не раз да зор далёкіх далятаў, але мяне з непераможнай сілай зямля цягнула да штодзённых спраў». Гэтыя радкі належаць Максіму Танку. Чаму менавіта з іх вырашыла пачаць? Тады чытайце.
Незвычайная сустрэча адбылася нядаўна ў Іжскай школе. Арганізатарам яе стала настаўніца гісторыі Людміла Леанідаўна Гатоўка, якая запрасіла ў школьную гасцёўню цікавых людзей – членаў Саюза пісьменнікаў Уладзіміра Яфімавіча Цануніна і Віктара Віктаравіча Кажуру.
Прадставіўшы гасцей, Людміла Леанідаўна звярнула ўвагу прысутных на выставу твораў вядомых беларускіх паэтаў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка, а яшчэ пазнаёміла з паэзіяй нашых землякоў Ганны Новік, Івана Лашуткі, Галіны Кутас.
Вельмі цікавымі былі выступленні гасцей. Віктар Кажура чытаў свае вершы пра Беларусь, родную зямлю. Шмат твораў паэт напісаў для дзяцей, і гэтыя вершы таксама гучалі на сустрэчы. А яшчэ Віктар Віктаравіч правёў з хлопчыкамі і дзяўчынкамі займальныя гульні, загадваў загадкі ў вершаванай форме. Школе паэт падарыў сваю кніжку «Азбука ў вершах і малюнках».
Не словамі, а душой чытаў свае творы Уладзімір Цанунін. У іх – пра ўсё, што паэт перажыў: Афганістан, чарнобыльская навала… Больш за два дзясяткі гадоў Уладзімір Яфімавіч выкладаў гісторыю ў дзіцячым цэнтры «Надзея-XXI». Нагадваць пра гэту сустрэчу ў школе будзе зборнік твораў паэта «Хто ж адкажа». А яшчэ Уладзімір Цанунін зачараваў усіх нас сваімі спевамі пад гітару. А тэмы самыя розныя – Афганістан, Чарнобыль, горы, куды ён вадзіў у паходы сваіх вучняў. Трэба было бачыць і чуць, як слухалі прысутныя, якая цішыня стаяла ў класным пакоі!
Высока ацаніла творчасць паэтаў былая настаўніца гісторыі нашай школы Лія Цімафееўна Хадановіч, якая назвала Уладзіміра Цануніна «беларускім Высоцкім».
Узгадала настаўніца і тутэйшых паэтаў – былога дырэктара школы Мікалая Мікалаевіча Кунавіча, яго сына Ігара, якія таксама маюць невялічкія зборнічкі сваіх твораў. А заслужаная настаўніца школы Ніна Львоўна Касяк на працягу ўсяго жыцця піша вершы, без якіх не абыходзіцца ні адно школьнае мерапрыемства. Пісалі вершаваныя радкі на конкурсы і вучні школы Любоў Пальчонак, Яна Хадановіч, Алена Занкавіч, Кацярына Казановіч. Сёння яна, Кацярына Міхайлаўна Бандарэнка, працуе ў роднай школе, выкладае беларускую мову і літаратуру, мае сваіх паслядоўнікаў. Адна з іх – вучаніца Таміла Анкудовіч, у якой ужо ёсць свой паэтычны сшытак з добрымі творамі на розныя тэмы.
Цёплыя словы ўдзячнасці арганізатарам сустрэчы, гасцям выказала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Валянціна Васільеўна Путырская. А юным паэтам, якія толькі спрабуюць пісаць, яна пажадала смеласці і настойлівасці.
Надзіва цёплай атрымалася сустрэча. Атмасфера дабрыні, сяброўства, павагі панавала тут. І над усім гэтым гучала цудоўнае паэтычнае слова.
Інга ЗАНКАВІЧ,  педагог-арганізатар УА «Іжскі НПК дз/с базавая школа».
Фота Мікіты КЛЯПЦА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 132 queries