Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Ільі адчыніўся новы харчовы магазін «Мясны дворык»

Днямі ў аграгарадку Ілья адчыніў дзверы для пакупнікоў харчовы магазін пад назваю «Мясны дворык». Месціцца ён у памяшканні, дзе ў савецкія часы гандлявалі мэбляй і рознымі гаспадарчымі таварамі.

Доўгі час будыніна пуставала, развальвалася, ператварылася фактычна ў збіральніцу смецця. Але знайшліся, як кажуць, людзі – зрабілі еўрарамонт і зараз здаюць памяшканне ў арэнду. Гэта і выкарыстала прадпрымальніца Шкурат Галіна Мікалаеўна, якая ў некалькіх пакоях размясціла тут сваю гандлёвую кропку. Справа – рызыкоўная, бо ў Ільі мясам і мяснымі вырабамі ўжо некалькі гадоў гандлююць у пяці крамах. Чым зацікавіць пакупніка? За адказам я звярнуўся да самой Галіны Мікалаеўны. У яе вачах заўважыў іскрынкі стомленасці, відаць, давялося шмат напярэдадні папрадаваць – як-ніяк, першае ўражанне ў пакупнікоў ад новага магазіна павінна скласціся станоўчым і запамінальным. Але ж як толькі Галіна Шкурат пачала гаварыць пра свой бізнес у Ільі, – я адчуў прадпрымальніцкі дух у яе разважаннях, прафесіяналізм, павагу да патэнцыйнага пакупніка:

– Я з мужам даўно займаюся гандлем. А для мяне ільянцы – землякі. Мы разлічваем мець хоць і невялікі, але прыбытак. Наша “фішка” – свежае ахалоджанае мяса, яго рэалізацыя, калі можна так сказаць, з-пад сякеры, бо тут у нас маецца раздзелачны цэх і цэх паўфабрыкатаў і ўсё сучаснае гандлёвае абсталяванне. Персанал – мясцовыя жанчыны – маюць досвед у сваёй прафесіі, калектыў невялікі – чатыры чалавекі. Муж на спецыялізаванай машыне дастаўляе тавар з Аршанскага мясакамбіната, птушкафабрыкі «Гарадок» Віцебскай вобласці, Заслаўскай птушкафабрыкі, з Брэсцкай вобласці, з прадпрыемства «Камароўка». Як бачыце, геаграфія маршрутаў разнастайная. Спадзяёмся гэтым задаволіць густы землякоў-пакупнікоў, каб сталі яны пастаяннымі наведвальнікамі нашага магазіна. А летам плануем на вуліцы ля крамы арганізаваць адкрытыя павільёны для продажу марожанага, шашлыкоў, безалкагольных напояў. Можна будзе да нас прыходзіць усёй сям’ёй – адзначыць нейкую падзею, перакусіць «на прыродзе». Месца, як вы заўважылі, ля «Мяснога дворыка» хапае, можна паставіць і аўтамашыну.

Тое, што першы дзень гандлю ў новым магазіне не стаўся комам, засведчыў і розгалас «мясцовага радыё», як часта называюць чуткі. Дык вось: чуткі-плёткі, скажу з пачутага, станоўчыя.

Мікола КУТАС, жыхар в. Ілья.

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 143 queries