У Вілейскім раёне працягваюцца мерапрыемствы ў рамках рэспубліканскай акцыі памяці «У гонар агульнай Перамогі!» і святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі.
Капсула з зямлёй са 137 пахаванняў Вілейскага раёна і іншых месцаў пахаванняў загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны будуць закладзены ў крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у дзень святкавання 75-годдзя Перамогі. Нагадаем, у Беларусі праходзіць рэспубліканская акцыя памяці «У гонар агульнай Перамогі!». У красавіку капсулы з усіх рэгіёнаў краіны будуць сабраны ў Мінску і 9 мая ўрачыста закладзены ў крыпту Храма-помніка.
У рамках раённага этапа акцыі чарговае мерапрыемства адбылося на Вілейшчыне ў Людвіноўскім сельсавеце. Тут, у вёсцы Касцяневічы, каля помніка на месцы перапахавання воінаў і партызан, якія загінулі ў гэтай мясцовасці ў гады вайны, прайшла ўрачыстасць. Вучні і настаўнікі Людвіноўскай сярэдняй школы, супрацоўнікі Людвіноўскага Дома культуры, прадстаўнікі сельвыканкама і мясцовыя жыхары аддалі даніну памяці воінам-вызваліцелям. Брацкая магіла ў Касцяневічах была зроблена як курган-маўзалей, дзе ў спецыяльнай нішы былі перапахаваны салдаты і партызаны Вялікай Айчыннай вайны. Першапачаткова тут быў усталяваны абеліск, а сама ніша-маўзалей мела спецыяльнае шкло з падсвятленнем. Затым тут была ўсталявана фігура воіна, а зараз – памятная каплічка.
– Яшчэ у 1980-х гадах у нашым сельсавеце было каля сотні ветэранаў вайны, – адзначыла дырэктар Людвіноўскага Дома культуры Лілія Пратасава, звяртаючыся да школьнікаў. – На сёння засталося толькі два ветэраны: у вёсцы Жары і вёсцы Ерхі, якая адышла да Крывасельскага сельсавета. Надыходзіць час, калі мы на падобных мерапрыемствах не зможам звярнуцца са словамі: «Паважаныя ветэраны!» Але мы павінны памятаць іх подзвіг і ведаць сваю гісторыю. Мы павінны наведваць пахаванні воінаў і партызан, адзіночныя і брацкія магілы. Бо Перамога была здабыта крывавай цаной. Калі аб’явіць хвіліну маўчання па кожным, хто загінуў у Вялікай Айчыннай вайне, то мы павінны маўчаць 50 год запар.
Затым школьнікі правялі цырымонію забора зямлі, якая адправіцца ў Вілейскі краязнаўчы музей, дзе будзе захоўвацца да раённага мерапрыемства, што пройдзе на мемарыяле «Памяці былых вёсак» 9 красавіка. Хвілінай маўчання ўдзельнікі мітынгу-рэквіему аддалі даніну павагі ўсім, хто не вярнуўся з той жахлівай вайны і вызваляў іх малую радзіму. Ганаровую варту ля касцяневіцкай брацкай магілы падчас мерапрыемства неслі мясцовыя піянеры, а вучні, ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, прадставілі літаратурную кампазіцыю па вершах на тэму вайны. «Я не видел войны, я родился значительно позже… но она обожгла и меня», – такімі словамі завяршылася мерапрыемства.
Сяргей ГАНЧАР