Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У Год малой радзімы

Пра тое, што ў Гродне 27 мая бягучага года адбудзецца гістарычны забег «Гарадзенская вандроўка-2018», мне стала вядома яшчэ восенню мінулага года, у час правядзення Мінскага Міжнароднага марафона. Адразу з’явілася жаданне прыняць удзел у гістарычным забегу. Калі 2018 год быў аб’яўлены Годам малой радзімы, усе сумненні аб удзеле ў старце адпалі самі сабой. Адна з прычын такога рашэння наступная. У маім паслужным спісе стартаў у масавых легкаатлетычных забегах адзначаецца сталіца маёй Радзімы. Тады гэта быў Савецкі Саюз, г. Масква; мноства стартаў было ў сталіцы маёй Радзімы, незалежнай Рэспублікі Беларусь, г. Мінску і па іншых адрасах. Але да апошняга часу гэты спіс не ўключаў маю малую радзіму, якой з’яўляецца Гродзеншчына. На жаль, калі сышлі з зямнога жыцця бацькі, родныя мясціны наведваю не так часта, як гэтага хацелася б.

Гродна для мяне, калі можна так казаць, сталіца маёй малой радзімы. Каб дабрацца непасрэдна да сваіх вытокаў, неабходна наведаць г. Свіслач, раённы цэнтр, і тады ўжо мой родны кут – вёску Вердамічы.

За тыя няпоўныя два дні, што правёў у родных мясцінах, на Гродзеншчыне, я ўжо не памятаю, калі столькі разоў гаварыў слова «дзякуй», столькі разоў выказваў самыя светлыя і чыстыя чалавечыя пачуцці. Мабыць, нічога асаблівага не адбывалася. Звычайныя чалавечыя суадносіны. Пры гэтым сутыкнуўся з тым, што ў паўсядзённым жыцці, на жаль, часам стала забывацца.
Калі казаць пра спартыўную старану Гарадзенскай вандроўкі, дзе я прыняў старт на дыстанцыі 10 кіламетраў, дык гэта быў адзін з забегаў, дзе першапачаткова час пераадольвання дыстанцыі быў не на першым плане. Дыстанцыя бега праходзіла па гістарычнай частцы горада. І гэты момант сустрэчы з даўніной хацелася прадоўжыць.

Кажуць, дома, на радзіме, і сцены дапамагаюць. На фінішы дыстанцыі секундамер адліку часу паказаў вынік 52 хвіліны 33 секунды. Адзначу, тым самым я «скінуў» з графіка вызначанага для сябе бегу больш за 6 хвілін (разлік наступны: у 50 гадоў ставіў задачу пераадолець 10 км за 50 хвілін . Цяпер мне 59 гадоў – значыць, 59 хвілін. Каб было зразумела, у 100 гадоў – 1 час 40 хвілін. Так атрымалася, што і сам не заўважыў, як перакрываў свой графіка бегу? Мабыць, сыграў ролю той самы «Дым Айчыны»— псіхалагічны стан, добразычлівасць людзей, непасрэдна на дыстанцыі і за яе межамі, што служылі «допінгам».

Гістарычны забег «Гарадзенская вандроўка» пакінуў такі эмацыйны след, што ўжо па дарозе дадому на Вілейшчыну, якая для мяне стала роднай з 1982 года, а гэта ўжо болей за 35 гадоў, самі сабою прыйшлі на памяць паэтычныя радкі, якія я і запісаў:

Два чувства равно близки нам,
В них обретает сердце пищу,
Любовь к родному попелищу,
Любовь к отеческим гробам.
В них основано от века,
По воле Бога самого,
Самостоянье человека –
Залог Величия его.
Животворящая святыня,
Земля была без них мертва,
Без них наш целый мир – пустыня,
Душа – алтарь без божества.

Прайшло амаль два стагоддзі, як з-пад пяра А. С. Пушкіна ўбачылі свет прыведзеныя радкі. Лічу, больш лепшага і такога ёмкага сэнсу паняцця малой радзімы, яе прадвызначэння, што сказаў паэт, цяжка знайсці.

Не так важна, у якой форме вызначаюцца адносіны да малой радзімы. Галоўнае, каб заўсёды ў адносінах да яе прысутнічала любоў.

Сяргей НЯХАЙЧЫК

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 143 queries