Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

У гарадскім Палацы культуры адбыўся канцэрт аркестра імя Жыновіча, які яго кіраўнік Міхаіл Казінец прысвяціў юбілею роднай школы

У гарадскім Палацы культуры адбыўся канцэрт аркестра імя Жыновіча, які яго кіраўнік Міхаіл Казінец прысвяціў юбілею роднай школы.
Маэстра зноў сагрэў сваёй прысутнасцю Вілейшчыну. І менавіта напярэдадні той лютаўскай суботы, калі штогоднія традыцыйныя стасункі былых аднакласнікаў захлістваюць школы хваляй першароднай пяшчоты. Да куткоў, дзе гушкалася кожнага з нас маленства. Да настаўнікаў, чыімі клопатамі мы мужнелі, узрасталі і гартаваліся духоўна. Напэўна, так мужнеюць клопатнымі рукамі ўзгадаваныя дрэўцы, каб стаць потым урачыста-цяністым садам.

Міхаіл Казінец, кіраўнік нацыянальнага акадэмічнага Народнага аркестра Беларусі імя Жыновіча, – маэстра з сусветным імем. Пачэсных рэгалій у яго больш чым дастаткова. І адна з іх – званне лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Прафесар музыкі, народны артыст Беларусі, пачэсны рэктар Акадэміі музыкі,узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, ордэнамі Дружбы народаў і «Знак Пашаны». Праўда, за ўвесь час нашага даволі такі працяглага знаёмства мне ні разу не давялося ўбачыць на ім гэтыя ўзнагароды. Прыроджаная сціпласць, уласцівая наогул вясковым людзям, якая аднак не пераходзіць у сарамлівасць, – адна з рысаў характару нашага знакамітага земляка. У гэтым пераканалася падчас нашага першага знаёмства ў Акадэміі музыкі. Мы пілі ў яго прафесарскім кабінеце зялёны чай, які маэстра заварыў па свайму рэцэпту, і гутарылі аб сучаснай музычнай культуры, развіцці аркестравага выканаўства на народных інструментах, рэпертуары яго аркестра. Памятаю, засумнявалася наконт успрыняцця нашых фальклорных матываў музычнымі густамі іншаземцаў. Калектыў часта бывае на гастролях у краінах далёкага замежжа.
– Сапраўдная музыка, яна і ў Кітаі музыка. Безумоўна, мы падбіраем больш папулярны рэпертуар, – нібыта злёгку прысароміў мяне за дылетанцкія падыходы маэстра.
Вынікам нашай колішняй размовы стаў нарыс «І род свой, і народ не разлюбіў». Ён увайшоў у зборнік «Гордость земли Минской», выдадзены ў 2008 годзе пры падтрымцы абласнога выканаўчага камітэта. Памятаю прэзентацыю кнігі ў аблвыканкаме, якая сабрала разам герояў і аўтараў, акрыленага, як заўсёды лёгкага ў рухах, усмешлівага маэстра… Нягледзячы на свой узрост, ён і сёння, нібыта вольны птах, узлятае на сцэну, каб тварыць цуды каля дырыжорскага пульта.
Міхаіл Казінец – вядомы інтэрпрэтатар сімфанічнай музыкі. У праграмах музычнай класікі – творы вядомых беларускіх кампазітараў Багатырова, Вагнера, Глебава, майстроў сусветнай культуры – Брамса, Дж. Вэрдзі, Ж. Бізэ, Дворжака… Яны гучаць на канцэртах, што праходзяць пры поўных аншлагах, ва ўсеабдымнай еднасці слухачоў і выканаўцаў. Адзін з такіх у чарговы раз прайшоў у нашым Палацы культуры. Ён стаў своеасаблівым дарункам маэстра роднай школе – першай вілейскай, якая адзначыла свой 150-гадовы юбілей.
На Вілейшчыну Міхаіл Казінец заўсёды прыязджае са своеасаблівым настроем. Гэта радзіма. Дзе і сёння ў вёсцы Цынцавічы пра яго з гонарам гавораць землякі. Тут музыкант нарадзіўся. Тут закончыў сямігодку, сціплую вясковую школку, дзе ўжо ў тыя пасляваенныя гады была бібліятэка і мастацкія гурткі. А калі сям’я пераехала ў Вілейку, райцэнтр стварыў яшчэ большы патэнцыял для духоўнага развіцця падлетка.
Мне так падаецца, у яго жыцці было толькі ўзыходжанне. І першыя прыступкі, вядома, школьныя. Па іх у чарговы раз падняўся Міхаіл Казінец на юбілей, які і ў яго жыцці пазначаны адметнаю вехай. Была кранаючая сустрэча. Бо вельмі ўжо моцным перавяслам ахоплены стасункі маэстра з роднай зямлёй, з тымі «цынцукамі», якія многія між сабой ці суседзі, ці родныя, ці проста – вельмі добрыя сябры. Яны і сёння захоўваюць у драўляных сценах пад шыфернымі дахамі чалавечае цяпло і ўтульнасць мілага роднага кута. Якія толькі думкі не набягалі на памяць, падчас гэтага вечара ў сценах роднай школы, дзе змяніліся пакаленні настаўнікаў, але застаўся той дух супрацоўніцтва і дружбы, які зараз імкнецца падтрымліваць у сваіх калегах і вучнях цяперашні дырэктар школы Іна Крышкоўская. Яна вітала знакамітага выпускніка на сцэне Палаца культуры, дзякуючы за добрую памяць аб земляках. Яна ж, разам з цэлым калектывам аднадумцаў, адрасавала яму найлепшыя зычэнні падчас школьнага вечара.
А чаму дзесяць год таму я менавіта такі паэтычны радок выбрала для назвы свайго нарыса? Падчас той запамінальнай размовы ў Акадэміі музыкі, дакладней, на яе завяршэнне, Міхаіл Антонавіч працытаваў паэтычныя радкі, якія могуць быць вызначальнымі для асобы чалавека-грамадзяніна:
На ўсё жыццё  малітвай стаць павінна,
Дзе б ты ні жыў  і што б ты ні рабіў:
Не разлюбі Жанчыну і Айчыну.
І Род свой, і Народ не разлюбі.

Словы гэтыя належаць паэту Генадзю Бураўкіну. І… дзякуем, дарагі зямляк, што вы зноў, у чарговы раз ускалыхнулі горад сваім аркестрам. Музыку, маэстра!
Марыя КУЗАЎКІНА.
На здымках: у Палацы культуры і падчас сустрэчы ў СШ №1.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 133 queries