Менавіта пад такой назвай прайшло свята ўраджаю для былых працаўнікоў сельскай гаспадаркі ў Даўгінаўскім Доме культуры. Гэта свята стала тут традыцыйным. Яно ўжо каторы год праводзіцца для тых, хто нажываў свае працоўныя мазалі на саўгаснай ніве, на ферме, за баранкай трактара, альбо грузавіка. Зараз гэтыя людзі знаходзяцца на заслужаным адпачынку, але ж яны таксама дастойны павагі і ўшанавання.
Пачыналася свята з прывітальнай песні і вынасу караваю, бо якія ж дажынкі без караваю? Часцінку гэтага сімвалічнага хлеба атрымаў кожны ўдзельнік свята.
Падчас свята былі арганізаваны дзве выставы. Першая прадстаўляла дарункі гарода і сада, другая – творы мясцовых вышывальніц. Вельмі цікава прадставіў выставу садавіны і гародніны Дзевяцень Віктар, які ў вершавальнай форме расказаў пра кожны экспанат.
Надоўга запомніцца ўрачысты і хвалюючы момант рэгістрацыі залатога шлюбу Анішкевічаў Улімы і Браніслава. Пяцьдзясят год гэта пара ідзе разам па жыццёвым шляху. Браніслаў Аляксандравіч усё сваё жыццё працаваў у мясцовым саўгасе. Не сядзела злажыўшы рукі і Уліма Аляксандраўна – ходзячы на працу, яна паспявала гадаваць дзетак і весці сваю дамашнюю гаспадарку. Рэгістрацыю залатога шлюбу правяла кіруючы справамі Даўгінаўскага сельвыканкама Ханашчак Галіна. Тут было ўсё: і вясельнае “горка”, і вальс, і віншаванні ад прадстаўнікоў гаспадаркі, даўгінаўскіх валанцёраў, работнікаў Дома культуры. Але ж самым цёплым і хвалюючым стаў момант, калі раптоўна адчыніліся дзверы і з’явілася ўся іх сям’я – з кветкамі і вясельным караваем зайшлі дзеці, унукі і нават праўнук. Гэты каравай быў падзелены пасля сімвалічнай перадачы сямейнага ачага ад пакалення да пакалення.
Віншаванні на свяце атрымалі і юбіляры гэтага года. Добрыя цёплыя словы, вясёлыя песні і невялікія падарункі атрымалі тыя, каму ў гэтым годзе споўнілася 60, 65, 70, 75, 80, 85 год.
Цікавым і крышачку гумарыстычным быў абрад прыняцця ў “маладыя” пенсіянеры. Людзі, якія ў гэтым годзе пайшлі на пенсію, атрымалі сімвалічныя пасведчанні пенсіянераў, дзе былі прапісаны ўсе іх абавязкі і правы. Дадатковай падставай для радасці сталі невялікія сувеніры і музычныя віншаванні.
У кожнага традыцыйнага мерапрыемста ёсць свой звычай, якім і стаў конкурс на званне “ народнага артыста”. Тут кожны мог праявіць свае творчыя здольнасці. Гэта і песні, і вершы, і байкі, і жыццёвыя гісторыі – хто на што здольны.
Усё свята перамяжоўвалася песнямі ў выкананні работнікаў Даўгінаўскага Дома культуры. Яны прыклалі ўсе намаганні, каб удзельнікам мерапрыемства было цікава, утульна і весела. Гойлік Алена, Сыракваш Ірына, Ляшковіч Галіна, Анішкевіч Валерый – гэта культработнікі, якія заўсёды гатовы стварыць свята дзеля людзей. Здзіўляла і радавала сваім чароўным голасам прысутных удзельніца мастацкай самадзейнасці Любоў Ляшковіч.
Хочацца сказаць пра перапоўненых энергіяй і творчым запалам валанцёраў-актывістаў, якія таксама нясуць радасць людзям. Гэта Дзевяцень Галіна Аляксандраўна, Валуева Кацярына, Брыцько Тамара, Гамановіч Яніна і іншыя. Як добра, што ёсць яшчэ такія людзі, якім не ўсё роўна, як праводзяць свой вольны час пенсіянеры. Карыстаючыся момантам, словы падзякі хочацца сказаць тым, хто падтрымаў гэта мерапрыемства матэрыяльна. Гэта гаспадар крамы “Крыніца” Руслан Станкевіч і кіраўніцтва ААТ “Даўгінава”.
У народзе кажуць: “Жыццё пражыць – не поле перайсці”. Гэта сапраўды так. Але ж як цёпла і добра робіцца на душы, калі помняць і заўважаюць тых, хто ўжо прайшоў сваё жыццёвае поле працы. І вельмі хочацца, каб у наш нялёгкі час знаходзілі месца простыя хвіліны шчасця, калі зал напоўнены атмасферай радасці і павагі да людзей, якім крыху за…
Удзельнікі свята
/a











