У маленькую вёсачку Путрычы, дзе нарадзіліся і жывуць мае бацькі, дзе расла і я, вайна прыйшла грозным водгукам падзей, якія адбываліся недзе. Тут і немцаў бачылі ўсяго толькі некалькі разоў. Першы – у самым пачатку вайны, калі яны, задаволеныя, гаргочучы штосьці на незразумелай сяльчанам мове, заехаліся ў вёску на матацыклах. Тады яны падаліся зусім нястрашнымі – нават цікаўную малышню частавалі нейкімі ласункамі. А яшчэ – гралі на губных гармоніках, нават зладзілі на вялікім гумне нешта накшталт вечарынкі, на якую сабралі вясковых дзяўчат. Гэта быў толькі пачатак…
Дзіцячая памяць учэпістая. Вось і мая мама прыгадвае некаторыя эпізоды той вайны так, нібы яны былі толькі ўчора.
– Памятаю, як непадалёк ад вёскі быў бой, – расказвае яна. – Я з татам была ў хаце. Было страшна, бо здавалася, што куля вось-вось праб’е ці шыбу, ці дзверы. Старэйшыя сёстры, памятаю, так спалохаліся, што пабеглі хавацца ад куль… у жыта за хатай. І смех і грэх. А мы з бацькам кінуліся да ямы, якую ён выкапаў для сховаў, прытаіліся ў ёй. Бацька, памятаю, быў вельмі перапалоханы, усё шаптаў словы малітвы, захінаў мяне. А я – дзіця яно і ёсць дзіця – села на мяшок з гарохам ды пачала цягаць яго патроху і есці…
Тады, у ваенныя гады жыхары маленечкай вёскі зразумелі сэнс слова «бежанцы». Гэта людзі, якія, ратуючыся ад жахаў вайны, вымушаны былі пакінуць свае дамы і шукаць хоць нейкага спакою і кавалачка хлеба для сябе і для сваіх дзяцей тут, у Беларусі.
– Памятаю, сямей з пяць прыехала ў вёску, – узгадвае мама. – Жанчыны з дзецьмі, а іх гаспадары ваявалі. У нашай хаце жыла жанчына са Смаленска з трыма дзецьмі. Як назвалася яна Наташкай, так і звалі яе вяскоўцы. А дзеці – Нінка, Дунька і Колька. Мой тата зрабіў вялізны палок, на якім гэта сям’я і спала. Добрыя людзі, нічога не скажу: і нам па гаспадарцы дапамагалі, і ў заработкі хадзілі. Радыя былі, што не галодныя. А прыехалі ж, бедныя, з некалькімі сухарамі ў торбе… Тады брат мой старэйшы прынёс ім вялікую лубку гароху, які яны варылі і з такім апетытам елі! Паступова і акрыялі.
Сям’і бежанкі Наташкі пашчасціла – іх муж і бацька Несцер вярнуўся з вайны жывым, знайшоў сваіх. І яшчэ некалькі часу пасля вайны сям’я жыла ў нашай вёсцы. Тут пахавалі і старэйшую дачку. А пасля захацелася дадому, і бацькі з дзецьмі вярнуліся ў родны Смаленск.
Пасля вайны адна з былых бежанцаў – Дуня – прыязджала ў вёску ўжо са сваім мужам. Расказвала пра далейшы лёс сваіх родных, пра жыццё-быццё на радзіме. І ўсё дзякавала і дзякавала простым беларусам за шчырасць, чалавечнасць і за іх выратаваныя жыцці. Тыя цяжкія ваенныя гады зрабілі іх, раней незнаёмых людзей, братамі і сёстрамі, якія жылі адной дружнай сям’ёй і дзяліліся апошнім кавалкам хлеба. Тады людзей з’яднала агульнае гора, якое і перамаглі таму, што былі разам.
Ірына БУДЗЬКО








