Шлях у прафесію ў Іны Лазар, бібліятэкара Ізбіноўскай сельскай бібліятэкі дзяржаўнай установы культуры «Вілейская раённая цэнтральная бібліятэка імя Г.Новік», свой. Па прафесіі педагог, яна пэўны час адпрацавала ў гімназіі № 1 «Логас». Так склаўся лёс, што ў 2007 годзе трапіла ў бібліятэку. Прафесія вельмі блізкая да настаўніцкай, але ж, згадзіцеся, іншая. І вось ужо сем гадоў, як Іна Анатольеўна ў ёй. Тэрмін, на першы погляд, немалы, але ж і не вялікі, каб дасягнуць пэўных вышынь. У Іны Лазар гэта атрымалася. За гады працы яна назапасіла пэўны вопыт, які ўжо ацэнены. Так, у мінулым годзе ў абласным конкурсе бібліятэцы было прысуджана першае месца. А сёлета – новы поспех: другая прэмія ў XXII рэспубліканскім конкурсе «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» ў намінацыі «За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем».
На разгляд журы конкурсу былі прадстаўлены 34 работы. Сярод іх – і работа Іны Лазар, бібліятэкара Ізбіноўскай сельскай бібліятэкі. Кампетэнтнае журы разглядала работу ўстаноў на працягу трох гадоў. Быў адзначаны праект Іны Лазар «Нефармальнае краязнаўства: мультымедыйная дзейнасць бібліятэкі сяла», дзякуючы якому быў створаны цыкл электронных вітрын для дзяцей і дарослых, заснаваных на матэрыялах па гісторыі Вілейшчыны «Вайна 1812 года ў гісторыі Вілейшчыны», «Вялікія імёны малой Радзімы», «Падарожжа ў музей г.Вілейкі».Таксама журы адзначыла і яшчэ адзін праект, які рэалізуецца ў Ізбіноўскай бібліятэцы – «Беларуская бібліятэка», галоўнай мэтай якога з’яўляецца папулярызацыя сярод дзяцей і дарослых літаратуры на роднай мове.
Асяродак нацыянальнай культуры. Гэта пра яе, бібліятэку. Сюды з задавальненнем прыходзяць дарослыя, з радасцю прабягаюць дзеці. І кожны знаходзіць занятак па душы, бо бібліятэка сёння – гэта ўжо не проста чытальня, якой яна была калісьці. Гэта, хутчэй, цэнтр культуры – нашай, нацыянальнай, зберагчы якую і перадаць нашчадкам – наша задача.
На днях Іна Лазар адзначала свой чарговы дзень нараджэння. Думаецца, найлепшы падарунак да яго яна зрабіла сабе сама – стала пераможцай конкурсу. Падарунак арыгінальны і назаўсёды.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота прадастаўлена Таццянай КАМІНСКАЙ
У абласным конкурсе бібліятэцы Іне Лазар было прысуджана першае месца
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ



