Аўтар гэтых радкоў – ва ўсіх адносінах неардынарны чалавек. Сёння месца жыхарства нашай зямлячкі Іны Берняковіч – далёкая Барселона – Іспанія. А з гэтымі назвамі ў многіх з нас звязаны рамантычныя ўяўленні пра відовішчныя карыды, адважных тарэадораў і мільгаценне над арэнамі іх вогненных чырвоных маланак-плашчоў. Праўда, у эмоцыях падобнага кшталту наша аўтар даволі стрыманая. Хоць па-свойму любіць гэту пяшчотную краіну, што раскінула свае пясчаныя пляжы ўздоўж міжземнаморскага ўзбярэжжа. Па прафесіі – мікрабіёлаг, яна сур’ёзна захапляецца маляваннем. І падчас свайго чарговага вяртання на Радзіму мела творчыя стасункі з нашымі вілейскімі мастакамі. Некалькі такіх сустрэч сталі грунтоўнай асновай для гэтай яе публікацыі.
Вялікая мара маленькіх дзяўчынак – стаць прадаўцом марожанага. Для Вольгі Пескавой з Вілейкі гэта мара ажыццявілася, і менавіта так пачалося яе самастойнае жыццё: атрымаўшы прафесію прадаўца, яна пачала з продажу халоднага ласунку на вуліцах горада.
Але семнаццацігадовай дзяўчыне ўжо хацелася большага. Два разы яна спрабавала прадоўжыць адукацыю ў галіне гандлю, аднак гэта толькі дапамагло ёй зразумець, што сфера таварных паслуг – не зусім яе. А да чаго на самой справе імкнулася душа, было нялёгка вызначыць, бо наша душа, як вядома, выражае сябе не словамі, а пачуццямі. І Вольга пачала шукаць сябе.
Яна спрабавала розныя рэчы: вывучала самастойна замежныя мовы, псіхалогію, займалася фатаграфіяй ды, навогул, шмат чытала і разважала. Перачытвала аўтараў, якія адлюстроўвалі асабістыя свет і свабоду чалавека на фоне складаных жыццёвых абставін: Быкава, Салжаніцына, Гесэ. Захаплялася паэзіяй, яе любімыя паэты жылі ў нялёгкія пераломныя часы пачатку дваццатага стагоддзя, але не адракліся ад сваіх духоўных каштоўнасцей: Пастарнак, Мандэльштам, Ахматава. Паступова Вольга і сама пачала пісаць вершы. А чатыры гады назад дзяўчына паспрабавала сябе ў выяўленчым мастацтве. Вольга нарадзілася ў простай сям’і, і ўвесь яе вопыт у гэтай сферы не выходзіў за межы школьных ўрокаў рысавання. Аднак жа адсутнасць практыкі Вольгу не спалохала, і яна пачала вучыцца як умела і лічыла правільным – старалася вывесці роўныя лініі і правільныя фігуры, спрабавала колеры, фарбы, капіравала, з цягам часу пачала набываць спецыяльную літаратуру,каб глыбей вывучаць розныя тэхнікі, стылі і напрамкамі ў мастацтве, і ў рэшце рэшт прыйшла да жывапісу і спрабавала пісаць працы на розныя тэмы.
Найбольшае ўздзеянне на Вольгу ўсклалі майстры апошняга стагоддзя. Гэта Джэксан Полак, Жан-Мішэль Баскія, Васіль Кандзінскі, Жуан Міро, Пабла Пікаса і Герхард Рыхтэр. Іх аб’ядноўвае тое, што яны перадавалі свой унутраны стан, настрой, бачанне свету, стыль і гармонію не праз усім зразумелыя і знаёмыя вобразы, а праз асабіста вынайдзеныя сугучнасці ліній, колераў, фігур і сімвалаў. З цягам часу Вольга і сама прыйшла да абстрактнага жывапісу, і цяпер у яе багажы знаходзяцца дзесяткі твораў, выкананыя ў стаўшым для яе ўлюбёным жанры абстракцыянізму. Стыль жа яшчэ свой Вольга не вызначыла, і піша ў розных стылях, у залежнасці ад свайго настрою.
Напачатку Вольга не знаходзіла асаблівай падтрымкі сярод сваіх знаёмых, якія дзівіліся,навошта задарма карпець за мальбертам і сляпіць вочы. Але яна нікога не слухала і надалей прадаўжала займацца жывапісам. Яна, навогул, з вялікай пашанай ставіцца да свайго часу і мэт. Вольга не марнуецца ў папулярных сацыяльных сетках, раўнадушная да тэлевізару і бессэнсоўных камп’ютарных гульняў, а лічыць за лепшае выкарыстаць вольны час для творчасці. Яна бярэ прыклад з Ірвінга Стоўна, які штодзённа, і не зважаючы ні на што, распачынаў працу, не чакаючы натхнення, якога, па словах пісьменніка, і за дваццаць год можна не дачакацца. (Варта і многім з нас прыслухацца да гэтых слоў і не транжырыць свой час!) А год назад Вольга завітала ў мастацкую студыю Эдуарда Мацюшонка – і ў яе адкрылася другое дыханне. Яна апынулася ў коле аднадумцаў, якія Вольгу разумелі і падбадзёрвалі, і ў такім творчым асяродку ёй хацелася працаваць больш і больш.
Так, за невялікі час дзяўчына прайшла шлях у мастацтве ад пачаткоўца да творцы. Вольга малюе не для камерцыі, не для таго, каб спадабацца другім, а каб выказаць сябе і свае эмоцыі. Менавіта такія людзі ў выніку і становяцца сапраўднымі мастакамі. Ужо ў наступным годзе плануецца першая персанальная выстава Вольгі Пескавой у Вілейскай выставачнай зале.
Колькі разоў я чула апраўданні, што, маўляў, не магу я выбіцца ў людзі, бо жыву ў правінцыі, бо няма часу, бо няма заможных бацькоў, бо мне не парадзілі, не дапамаглі, не падтрымалі, бо…, бо…, бо… А знаёмства з Вольгай мяне ў каторы раз пераканала ў праўдзівасці выказвання Сакрата: “Хто хоча – шукае магчымасці, а хто не хоча – шукае прычыны”.
Іна БЕРНЯКОВІЧ.
Фота Эдуарда МАЦЮШОНКА






