Дзіця, якое не мае мабільнага тэлефона альбо не знаёмае з камп’ютарнымі гульнямі, сёння ўявіць сабе цяжка. З аднаго боку, бацькі радуюцца: дзеці абганяюць іх у засваенні тэхнічных навыкаў, яны сапраўдныя «лічбавыя грамадзяне», растуць і развіваюцца ў інфармацыйную эпоху. А з другога – здаецца, дзеці наогул больш не могуць абыходзіцца без сучасных «гаджэтаў», якія вельмі часта сталі замяняць ім цацкі і школьныя падручнікі.
– У мяне дома сапраўдная барацьба з тэлевізарам, – скардзіцца мне на днях знаёмая. – Дастаю з раздыму тэлевізійны кабель і закідваю за шафу вілку. А як інакш? Зато потым назіраю сапраўдны выбух эмоцый: дзеці адліпаюць ад экранаў і – о, цуд – пачынаюць чуць усё тое, што ім кажа маці! Нешта падобнае мне прыходзіцца вырабляць і з тэлефонамі. Варта было дзецям толькі раз паказаць нейкую гульню, як тут жа не стала сродку сувязі: малыя жудасна псіхавалі, тэлефон з рук выпускаць не хацелі. Усе мае спробы адабраць гаджэт заканчваліся словамі: «А ты мне дасі яшчэ пагуляць?» Ды і засыналі дзеці са слязьмі: «Я не хачу спаць, я яшчэ хачу пагуляць і перамагчы». Калі сцёрла ўсе гульні з тэлефонаў – зноў перада мной мілыя дзеці. Пасля гэтага, само сабой, нават думка аб камп’ютарных гульнях, прыстаўках, усё, што зараз модна называць «гаджэтамі», была занесена ў катэгорыю забароненых. І я ўжо загадзя прадбачу: калі мае дашкольнікі дарастуць да камп’ютара, шнур ад яго будзе ездзіць са мной на працу.
Другая знаёмая з першай поўнасцю салідарная.
– Я не супраць тэхнічнага прагрэсу, але і не разумею, калі бацькі ганарацца тым, што іх дзіця ледзь ці не з двух-трох гадоў у камп’ютары засядае, амаль як дарослы. Не разумею, калі тата купляе сыну мабільнік коштам ноўтбука – «каб быў не горш, чым у аднакласнікаў». А неабходнасць безлімітнага інтэрнэту для малодшых школьнікаў, напэўна, не зразумею ніколі, – разважае жанчына.
Засцерагчы сёння малое дзіця ад пабочных эфектаў тэхнічных навінак даволі складана. А тым больш, калі ўсё вакол проста завязана на высокіх тэхналогіях. Урачы амаль кожны дзень нас папярэджваюць аб неабходнасці адганяць дзяцей ад экранаў камп’ютараў, так як гэта шкодна для іх здароўя. І тут справа не толькі ў праблемах са зрокам. Куды большая небяспека – уздзеянне на псіхіку малога. Інфармацыйны стрэс, які раней сустракаўся ў асноўным у людзей пэўных прафесій (дыспетчараў, аператараў), зараз уласцівы і дзецям. Малому цяжка ўседзець на месцы, ён не здольны засяродзіцца на адным занятку. Вынік – дзіця пачынае горш вучыцца ў школе. Менавіта ўменне думаць – вось што пакутуе ў першую чаргу. З аднаго боку, мозг вучыцца працаваць ва ўмовах шматзадачнасці, з другога – перастае пранікаць у сутнасць рэчаў.
Па словах Наталлі Хмарэнка, псіхолага вілейскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, гаджэты ў жыцці дзяцей прысутнічаць усё ж такі павінны, аднак нараўне з прагулкамі на адкрытым паветры, развіваючымі творчымі гульнямі, спортам і зносінамі з аднагодкамі.
– Жыццё сучаснага чалавека ўжо не ўяўляецца нам без такіх рэчаў, як планшэт, тэлефон, камп’ютар. Дзеці, назіраючы за жыццём дарослых, з самага малога ўзросту пачынаюць цікавіцца гаджэтамі: раз мама і тата так шмат увагі надаюць гэтым рэчам, значыць, яны сапраўды цікавыя. Стаўленне бацькоў да ўкаранення гэтых тэхнічных навінак ў жыццё дзіцяці неадназначнае: адны актыўна іх выкарыстоўваюць, а іншыя настойліва спрабуюць засцерагчы ад іх малых. Не варта кідацца ў крайнасці, бо ісціна, як вядома, дзесьці паміж імі. Дзіця нараджаецца і расце ў сучасным свеце, і сучаснае жыццё прад’яўляе да чалавека досыць высокія патрабаванні. Ужо ў пачатковай школе дзіцяці спатрэбіцца веданне камп’ютара, таму не дапускаць знаёмства малога з рознымі электроннымі прыладамі не вельмі разумна. Аднак і бескантрольнае выкарыстанне гаджэтаў таксама прыводзіць да негатыўных наступстваў. Таму адназначна – гаджэты павінны быць у жыцці дзяцей, але дазіравана і пад бацькоўскім кантролем, – упэўнена спецыяліст. – На мой погляд, самае галоўнае памятаць пра раўнавагу. Калі пазбавіць жыццё дзіцяці гаджэтаў, то яно будзе расці не зусім непрыстасаваным да сучасных рэалій, аднак калі ён і «жыць» будзе ў камп’ютары альбо тэлефоне, то з’явіцца шмат праблем: непаўнацэннае фізічнае развіццё, дрэнны зрок, страта цікавасці да рэальнага жыцця. А гэтага дапускаць аніяк нельга. Таму задача бацькоў – стварыць разумны баланс. І хай для іх гаджэт будзе сапраўдным саюзнікам у развіцці дзяцей.
А я ў сваю чаргу задумалася: няўжо праз некалькі гадоў са школ сыдуць папяровыя носьбіты? І хутка дзеці зусім не будуць пісаць ручкай, а ўсе заданні стануць выконваць на планшэтных камп’ютарах? Нават сёння, у век высокіх тэхналогій, я б аддала перавагу звычайнаму падручніку, які можна пакласці пад падушку, каб лепш запомнілася. Пагадзіцеся, што толькі праз жывыя зносіны з кнігай можна прывіць дзіцяці любоў да чытання.
Кацярына КАРПІК
Ці магчымы саюз дзяцей і гаджэтаў? Дзіця, якое не мае мабільнага тэлефона
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ








