Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Тры тэлевізары і шмат іншых падарункаў атрымалі дзеці з вілейскага інтэрната

Як шмат часу ў сваім паўсядзённым жыцці мы марнуем на здавалася б нязначныя рэчы і праблемы, а тое, што сапраўды патрабуе нашага ўдзелу і дапамогі застаецца па-за ўвагай. Менавіта так пачынаеш разважаць пра сябе, калі пазнаёмішся з той дзейнасцю, якую праводзіць дабрачынны фонд “Белы бусел” і разумееш, якія нязначныя тыя праблемы, што нас турбуюць. А сярод нас ёсць людзі, што думаюць пра чужых дзетак, якім патрэбна дапамога, пра падтрымку хворых і многае іншае.

Дабрачынны фонд дапамогі дзецям «Белы Бусел» створаны ў 2012 годзе для аказання дапамогі дзецям-выхаванцам дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў, дзецям-інвалідам і дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. «Белы Бусел» рэалізуе праграму сацыяльнай адаптацыі і для ДУА «Вілейская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат». Гісторыя фонду пачынаецца з 2012 года, але галоўнае, што пачынаецца яна з неабыякавых людзей. Прадстаўнікі фонду, валанцёры, а таксама ўсе неабыякавыя да дзіцячых праблемах людзі любых прафесій і інтарэсаў і ствараюць гісторыю «Белага бусла».

У мінулую суботу, у чарговы раз, валанцёры фонду выправіліся на Вілейшчыну да дзяцей у школу-інтэрнат. На гэты раз каманда «Белага бусла» прывезла падарункі: тэлевізары, развіваючыя гульні, спартыўны інвентар – усё што традыцыйна ўсталююць у класах для адаптацыі і адпачынку дзяцей, а развіваючыя гульні адправіліся ў рукі самых маленькіх школьнікаў. А таксама фонд прывёз з сабой валанцёраў, што распавялі дзецям пра новыя прафесіі, пагутарылі на розныя тэмы і, нават, зрабілі хлопчыкам стыльныя прычоскі.

Першымі да працы прыступілі майстры модных стрыжак El Cartel. Менавіта яны былі самымі доўгачаканымі гасцямі для хлапчукоў. Да майстроў нечакана хутка з’явілася чарга, бо кожны хлопчык хацеў выглядаць крута да надыходзячага свята мужчын. А спрытныя рукі майстроў ўжо стваралі сапраўдныя шэдэўры – новыя стыльныя і модныя прычоскі.

Сапраўдны патрыятычны «Урок мужнасці» для старшакласнікаў правёў ваенны камісар раённага камісарыята падпалкоўнік Юрый Ганчыеўскі. Сваю сустрэчу з хлопчыкамі Юрый Іванавіч прысвяціў тэме 100-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама распавёў выхаванцам інтэрната пра станаўленне беларускай арміі, пра вехі ў яе гісторыі, удзеле беларусаў у баявых дзеяннях падчас Вялікай Айчыннай вайны і многім іншым. Дзецям быў паказаны фільм пра армію і пра тое, як важна будучым пакаленням захоўваць мірнае неба і аберагаць спакой грамадзян. З вялікай увагай дзеці слухалі Юрыя Іванавіча, а таму пасля яго выступу пасыпаўся шэраг пытанняў. Хлопчыкі цікавіліся знакамі адрознення, як вызначаць воінскае званне па пагонах і многім іншым.

Пакуль хлопчыкі займаліся на «Уроку мужнасці», з дзяўчынкамі працавалі педагог, арт-тэрапеўт Таццяна Пілюцік і псіхолаг Надзея Гарадніцкая. Валанцёры распавялі пра свае прафесіі, больш расказалі пра тое, хто такі псіхолаг, і чым цікава і карысна гэта прафесія для людзей. Дзяўчынкі змаглі на практыцы правесці розныя тэсты, праверыць розныя методыкі, што прымяняюцца ў дадзенай сферы, зразумець, як выяўляюцца лідэрскія якасці, што такое прытрымлівацца і паважаць чужыя асабовыя межы і як складана і важна працаваць у камандзе. Напрыканцы заняткаў, дзяўчынкі атрымалі ў падарунак нататнічкі, хатнія заданні і парады, якімі змогуць скарыстацца, каб палепшыць сваё далейшае жыццё.

Тым часам з малодшымі школьнікамі ўрок жывапісу праводзіла выкладчык Вікторыя Рекуц. Пад яе чулым кіраўніцтвам малыя стваралі сапраўдныя яркія творы мастацтва. Неверагоднай прыгажосці закаты атрымліваліся на малюнках у дзяцей. Аказваецца, ствараць мастацкія шэдэўры так проста, галоўнае з пачуццём падысці да працэсу! А яшчэ з самымі маленькімі дзеткамі правяла майстар-клас «гульнятэка» Яўгенія Паляшчук. Якой радасцю свяціліся хлопчыкі і дзяўчынкі, калі ім у рукі далі новыя прыгожыя скрынкі з гульнямі. Незвычайныя развіваючыя гульні, цалкам новыя і цікавыя, для розных узростаў хутка зацікавілі і дзяцей, і дарослых. Дарэчы, у класах Яўгеніі з дзеткамі гулялі практычна ўсе валанцёры, якія прыехалі ў інтэрнат.

– Кожная такая паездка абыходзіцца немалымі сродкамі для фонду «Белы бусел», – распавялі прадстаўнікі фонду, – але мы лічым, што гэта вельмі неабходна дзецям. Зносіны выхаванцаў інтэрната з валанцёрамі, якія дасягнулі вялікіх вышынь у жыцці, вывучэнне новых карысных прафесій, наладжванне сувязей з навакольным светам дапамагае дзецям іх сацыялізацыі.

Такія сустрэчы сапраўды вельмі карысныя і дапамагаюць дзецям.

– Вынікі такіх паездак вельмі каштоўныя, – адзначыў дырэктар школы-інтэрната Уладзімір Палубятка. – Яшчэ ў мінулым годзе на паступленне ў каледж мы рэкамендавалі толькі адно дзіця з нашага інтэрната. У гэтым годзе ўжо шасцёра хлопцаў мараць атрымаць добрую адукацыю і добрую прафесію. А гэта значыць, што праграма сацыяльнай адаптацыі, якую ў свой час запусціў фонд «Белы Бусел», сапраўды працуе і прыносіць карысць.

Аб’яднаўшыся не ў першы раз, выпадковыя людзі і валанцёры «Белага бусла» дапамагаюць дзецям шматлікіх інтэрнатаў, а таксама дзеткам, што знаходзяцца ў анкацэнтры ў Бараўлянах. Вялікі дзякуй ўсім удзельнікам падобных паездак за любоў і павагу да дзяцей, за імкненне зрабіць гэты свет лепш. А ад імя кіраўніцтва інтэрната і яго выхаванцаў вельмі хочацца падзякаваць ўсіх валанцёрам і прадстаўнікам фонду, што наведалі вілейскі інтэрнат за іх неабыякавасць і спагаду.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота прадстаўлена фондам «Белы бусел»

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 41 queries