У мінулую пятніцу Прэзідэнт нашай краіны ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды, Падзякі лепшым гаспадаркам і работнікам аграрнай галіны рэспублікі. Сярод узнагароджаных і наш зямляк – трактарыст-машыніст ААТ «Чурлёны» Пётр Крывіцкі, які ўдастоены ордэна Пашаны. Так адзначаны шматгадовая плённая праца, высокі прафесіяналізм, значны ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу людзей, чыё жыццё звязана з нялёгкімі клопатамі ў сельскай гаспадарцы. Адзін з іх – і Пётр Крывіцкі, сумленны працаўнік і сціплы чалавек.

Бываючы на палетках ААТ «Чурлёны», мы, журналісты, з Пятром Іосіфавічам сустракаліся ў розныя поры года: то ён на «Расе», то на кормаўборачнай тэхніцы, а то – на ўборцы ўраджаю. Уся гэта тэхніка замацавана за дбайным працаўніком, і на ёй ён працуе з ранняй вясны, як кажуць, да белых мух. Мінулая восень была спрыяльнай, таму тыдні за два да новага года Крывіцкі яшчэ быў заняты на дзіскаванні глебы. Невялічкая перадышка зімой – і, глядзіш, зноў брацца за прывычнае, адвечнае.
У гаспадарцы Пётр Іосіфавіч з 1984-га. Так атрымалася, што лёс прывёў іх з жонкай, ураджэнцаў Мядзельшчыны, у наш раён. Тут асталяваліся, пусцілі карані і засталіся назаўсёды. «Не з маім характарам насіцца туды-сюды, дзе ўладкаваўся, там і працую», – зазначыў Крывіцкі. Разам з жонкай Ліліяй Лявонаўнай яны выгадавалі дзвюх цудоўных дачок. Тут трэба ўдакладніць: не толькі сваіх, але яшчэ і траіх прыёмных дзетак выправілі ў самастойнае жыццё. А яшчэ адна прыёмная дачушка жыве ў сям’і, вучыцца ў адзінаццатым класе. Усе яны для Крывіцкіх вельмі блізкія, родныя… Напэўна, можна было б пісаць матэрыял і пра гэта, аднак тэма сёння ў нас іншая – вытворча-урачыстая.
У час гутаркі Пётр Крывіцкі шчыра прызнаўся, што ніколі не думаў аб высокіх узнагародах – проста сумленна рабіў і робіць давераную яму справу. І ніколі, адзначыў, не аддзяляе сябе ад калектыву гаспадаркі, у якім працуе. Таму і ўзнагароду сваю лічыць заслужанай не ім, а ўсімі сумленнымі працаўнікамі «Чурлёнаў». Гэта не высокія словы, падкрэсліў Пётр Іосіфавіч, а так яно і ёсць.
З хваляваннем ён адпраўляўся на ўрачыстасць у сталіцу. Нават не мог уявіць, што будзе прымаць узнагароду з рук самога Прэзідэнта!
– Хваляваўся я, а яшчэ болей, мусіць, жонка, – з усмешкай расказвае зараз Крывіцкі. – Яно і зразумела, падзея надзвычайна важная…
Асабліва запомнілася яму выступленне Прэзідэнта, які не проста павіншаваў дастойных аграрыяў краіны, але і закрануў у выступленні важныя тэмы. Так, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што бягучы год у Беларусі аб’яўлены Годам малой радзімы. Гэта значыць, што прыйшоў час кожнаму ўзгадаць пра свае карані і аддаць доўг таму кавалачку зямлі, дзе нарадзіўся і рос. Гэта зямелька шчодра паліта потам нашых працавітых продкаў, аблашчана іх нястомнымі рукамі. Дык як жа не цаніць гэта!
Яшчэ адну важную задачу акрэсліў на сустрэчы кіраўнік дзяржавы – зрабіць прывабным для моладзі жыццё ў сельскай мясцовасці. Ён адзначыў, што ў аграпрамысловым комплексе ўкараняюцца новыя тэхналогіі, на фермы і палі прыходзяць робаты. Каму, калі не маладым і энергічным, уключацца ў гэты сучасны рабочы рытм і працаваць з новым, прагрэсіўным? Безумоўна, патрэбна яшчэ вельмі многае зрабіць у сельскай мясцовасці, каб моладзь ехала не адсюль, а сюды, і гэтыя задачы трэба вырашаць разам і нераўнадушна.
Ужо пасля, калі мерапрыемства закончылася і ўзнагарода з рук Прэзідэнта зіхацела на грудзях, Пётр Іосіфавіч усё яшчэ быў пад уплывам выступлення кіраўніка дзяржавы. Пра самае важнае, жыццёвае гаварыў ён, і кожнае слова даходзіла да сэрца.
– Было вельмі прыемна, што на гэтай урачыстасці былі побач і віляйчане, – падзяліўся Пётр Крывіцкі. – Гэта і кіраўнік ААТ «Нарачанскія зоры» Генадзь Кучко, і ўраджэнец нашага раёна Віктар Каляда, які зараз з’яўляецца старшынёй Лагойскага райвыканкама. З Віктарам Міхайлавічам мы знаёмы даўно, ён пачынаў працаваць у нашай гаспадарцы.
Пазней узнагароджаныя аграрыі пабывалі ў тэатры оперы і балета, паглядзелі выступленне беларускіх зорак. Затым была сустрэча з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Леанідам Зайцам, кіраўніцтвам міністэрства, прадстаўнікамі аблвыканкамаў.
– Калі ехалі дамоў, пачаліся званкі, – падзяліўся Пётр Іосіфавіч. – Павіншавалі кіраўнік нашай гаспадаркі, дзеці. родныя… А я ўсё яшчэ быў пад уражаннем цудоўнага мерапрыемства, якое не забудзецца ніколі.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота БелТА