Пытанне школьнага харчавання дзіцяці, думаецца, хвалюе кожнага з бацькоў, якія маюць дзяцей-вучняў. Ва ўсялякім разе, павінна хваляваць.
Знаёмая многім карціна. Школьніка, якога ўвечары ледзь выгналі з-за камп’ютара, уранку расштурхалі ў школу. Той хуценька збіраецца (а іншы яшчэ і партфель уранку складае), трывожна пазірае на гадзіннік – не спазніцца б. А тут яшчэ мама са сваёй кашай… «Не хочацца», – кідае на хаду школьнік, а мама працягвае яму грошы: «Купі што-небудзь, паеш…»
Не хачу сцвярджаць, што такое адбываецца часта, але ўпэўнена ў галоўным: далёка не кожны школьнік уранні харчуецца паўнацэнна, апраўдваючыся тым, што не хочацца, няма апетыту. Чай з бутэрбродам – найбольшае, на што ён згаджаецца і ідзе на заняткі. Урокі, гурткі, секцыі – і так ледзь не да вечара. А паміж усім гэтым – то булачка, то чыпсы, то кірыешкі… Якое ж здароўе будзе ў нашых дзяцей?
Тэма правільнага харчавання вучняў хвалюе і дырэктара сярэдняй школы № 3 Мікалая Гіро, і ўвесь педагагічны калектыў установы. Пытанне абмяркоўваецца на кожным бацькоўскім сходзе. Слушныя прапановы бацькоў у школе стараюцца прыняць. Так, таты і мамы пажадалі, каб іх дзеці маглі купляць у школьным буфеце піццу – і гэта магчымасць ужо ёсць: два разы на тыдзень аматары яе могуць купіць у буфеце любімую ежу. Было пажаданне ад некаторых бацькоў не паліваць другія стравы для іх дзяцей соусам – цяпер ён, соус, падаецца асобна: хочаш – палівай сабе «другое», не жадаеш – не трэба.
На днях у школе прайшло мерапрыемства для бацькоў вучняў 7 – 10 класаў – круглы стол «Сакрэты правільнага харчавання». На ім, акрамя бацькоў, адміністрацыі, педагогаў, прысутнічалі і кампетэнтныя ў гэтым пытанні людзі: памочнік урача-гігіеніста цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святлана Салоніна, шэф-повар Ала Завацкая, тэхнолаг аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Захарэвіч.
Мерапрыемства пачалося з наведання школьнай сталовай. Цікава было ўбачыць яе пасля добрага рамонту, але ж галоўнае – удзельнікі круглага стала на свае вочы ўбачылі, як і чым харчуюцца вучні. Ужо пасля многія прызнаваліся, што ўбачаным прыемна ўражаны.
– Яшчэ ў старажытнасці мудрацы прыйшлі да высновы, што ежа ўплывае не толькі на самаадчуванне чалавека, але і на яго настрой, разумовую дзейнасць і нават адказвае за здароўе, – сказаў прысутным дырэктар школы Мікалай Гіро. «Мы ёсць тое, што мы ядзім», – сцвярджаў «бацька» медыцыны Гіпакрат. «Мы жывём не для таго, каб есці, а ядзім для таго, каб жыць», – развіваў гэту думку далей філосаф Сакрат.
Мінулі тысячагоддзі, а тэма здаровага харчавання застаецца вельмі актуальнай. Сёння мы спрабуем з маленства навучыць дзяцей здароваму харчаванню. Толькі ці спрабуем? І ці ўсе?
Арганізацыя якаснага рацыянальнага харчавання з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці школы, падкрэсліў Мікалай Гіро. Для таго, каб абеды былі для бацькоў больш таннымі, установай яшчэ з восені нарыхтавана агародніна – буракі, морква, капуста, бульба. У цэлым у школе харчуецца 475 вучняў, з іх 240 – за кошт раённага бюджэту (вучні 2 – 4-ых класаў). У мінулым годзе ў школе адрамантаваны зала для прыёму ежы, складскія памяшканні, куплены жалюзі, заменены вокны, набыта мэбля. Сталовая ўкамплектавана кадрамі, тэхабсталяваннем, тут устаноўлена вентыляцыя. У школьным буфеце жадаючыя могуць купіць пячэнне, булачкі, сок, ваду.
– Канешне, я за тое, каб дзеці атрымлівалі гарачае харчаванне, – зазначыў дырэктар школы. – Мяркую, што варта вярнуцца да выбару комплексаў, каб дзеці змаглі выбіраць тое, што ім падабаецца. За якасць ежы бацькі могуць не хвалявацца – за ёй пільна сочыць камісія па арганізацыі харчавання. А вось што датычыць яго культуры… На жаль, некаторым бацькам яна, відаць, не знаёма. Вось і бачым дзяцей з чыпсамі і кірыешкамі, якія не прывучаныя есці гароднінныя салаты, а каўбасу ці сасіскі – толькі падавай. Маўляў, смачна. Але ж ці карысна?
Пра тое, што смачна і што карысна расказалі бацькам спецыялісты – Святлана Салоніна, Наталля Захарэвіч,Ала Завацкая. Кашы, гародніна, фрукты, сокі, малочныя прадукты – гэта тое, што дзеці павінны абавязкова ўжываць у ежу. А вось празмерна есці ласункі спецыялісты не раяць, хоць ёсць і карысныя ласункі (той жа зефір, да прыкладу). Думаецца, толькі карысць дзіцяці будзе ад разумнай порцыі шакаладу. Урэшце, дарослыя павінны правільна падыходзіць да кожнага канкрэтнага выпадку, бо хто лепш, як яны самі, ведае іх дзіця.
Падобныя сустрэчы, думаецца, вельмі патрэбны. Яны даюць адказы на многія пытанні. Таму некаторыя з бацькоў нават штосьці канспектавалі падчас мерапрыемства. І гэта радуе, бо культура харчавання ў нашых дзяцей фарміруецца з сям’і. А тое, што ў ёй закладзена юным, яны пранясуць праз усё жыццё. І няхай нашы дзеткі будуць здаровымі!
Ірына БУДЗЬКО.
На здымках: ідзе размова; у школьнай сталовай.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА