Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сюжэты для СМІ

Як не дзіўна, але на бярозах, што карагодзяцца па перыметру дзіцячага аздараўленчага цэнтра «Надзея», лістота ўцалела. Адліваючы медзяным водсветам, яна вядзе доўгую гамонку з ветрам, напевы якога напоўнены ашчаднасцю і пяшчотай. Гэту асаблівасць мясцовага пейзажу адразу заўважылі журналісты, прадстаўнікі рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, – удзельнікі своеасаблівага прэс-тура па Вілейшчыне. Забягаючы наперад, адзначу, што наш край уразіў тых, хто трапіў сюды ўпершыню. Сваім прыродным каларытам, людской гасціннасцю, вытворчым патэнцыялам. Падобнага роду ваяжы традыцыйна папярэднічаюць прэс-канферэнцыям, якія рэгулярна праводзіць з мас-медыя старшыня абласнога выканаўчага камітэта Сямён Шапіра. Такое мерапрыемства адбылося ў мінулую сераду на Вілейшчыне. Дзіцячы аздараўленчы цэнтр, які зусім нядаўна адзначыў сваё 20-годдзе, быў першым у маршрутнай карце ўдзельнікаў прэс-тура. Журналістаў прыемна здзівілі шматвектарныя накірункі дзейнасці і развіцця дзіцячай установы. На іх падрабязна спыніўся дырэктар цэнтра Вячаслаў Макушынскі. Аздараўленне і выхаванне дзяцей з тэрыторый, забруджаных радыёнуклідамі, – вызначальны напрамак работы Цэнтра. Яму падпарадкаваны ўсе астатнія. Гэта і вырошчванне экалагічна чыстай прадукцыі, і мэтанакіраваная, плённая праца па энергазберажэнню, і камерцыйная дзейнасць, што дазваляе мець сродкі на развіццё. Многімі арыгінальнымі навацыямі ўстановы здзівіў і зацікавіў журналістаў Вячаслаў Макушынскі. Некаторыя выказвалі жаданне прыехаць сюды яшчэ раз, каб больш падрабязна ўнікнуць у клапотнае і такое ўнікальнае па сваёй змястоўнасці жыццё Цэнтра.
Безумоўна, нікога не пакінула раўнадушным Заброддзе, напоўнены аўрай высокага духоўнага кшталту куточак вілейскай зямлі. Менавіта там, у адноўленай памяці пра вялікі подзвіг і самаахвяраванне бацькоў – наша спадчына. Цені мінулага абуджаюць людскую свядомасць, вымушаюць дбаць аб тым святым і запаветным, што мы пакінем нашчадкам. Мае рацыю Валянціна Цітовіч (яна сустрэла гасцей у вобразе сястры міласэрнасці часоў Першай сусветнай вайны), калі гаворыць пра непераходзячую вартасць памяці.
Барыс і Валянціна Цітовічы, заснавальнікі дабрачыннага фонду «Крокі», уразілі журналістаў сваім бескарыслівым падзвіжніцтвам у імя ідэі. Былі нікім не абвешчаныя хвіліны маўчання ў царкве Барыса і Глеба. Калі прысутныя моўчкі запальвалі свечкі, адчуваючы сябе ўдзельнікамі кранаючай дзеі вяртання ў мінулае, датыкнення да каранёў, на якіх сёння расце і гартуецца патрыятызм славянства.
Эмоцыі іншай якасці атрымалі прадстаўнікі СМІ пры наведванні прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі – завода будаўнічых дэталей і мэблевай дабрыні. Першае прадпрыемства ўжо тры гады, як выйшла на рынак з новай гандлёвай маркай «Vilario». Як адна са з’яў мадэрнізацыі – інвестыцыйны праект з арганізацыяй новай вытворчасці выпуску паліўных брыкетаў. На яго выдаткавана 3,6 мільёна долараў ЗША. Наогул жа, усе мерапрыемствы па мадэрнізацыі ажыццяўляюцца за кошт уласных сродкаў акцыянернага таварыства, – такую інфармацыю паведаміў журналістам яго дырэктар Сяргей Жук. Экскурсія пачалася ад Дошкі гонару, якая служыць не толькі каларытным аб’ектам вытворчага дызайну, але і дэманструе наяўны працоўны патэнцыял прадпрыемства. Дзе выпускаецца прадукцыя высокай якасці і сучаснага дызайну. Дзякуючы пастаяннаму ўдасканальванню тэхналогій, мадэльны рад міжпакаёвых дзвярэй, асноўнага вырабу буддэталеўцаў, дастаткова шырокі, разлічаны на розныя густы. Буйнейшы экспарцёр раёна, завод будаўнічых дэталей штомесяц у сярэднім 42,7 працэнта сваіх вырабаў адпраўляе на рынкі блізкага і далёкага замежжа.
Асноўныя адрасы паставак прадукцыі вілейскіх мебельшчыкаў – Расія, Казахстан, Грузія, краіны Балтыі, Бельгія, Чэхія, Турцыя, Польша, Францыя. Прадпрыемства таксама развіваецца за кошт уласных сродкаў. Мікалай Піскуноў, дырэктар мэблевай фабрыкі, пазнаёміў журналістаў з галоўнымі напрамкамі яе развіцця, інвестыцыйнай палітыкай, перспектывай. Апошняя – у пастаяннай тэхнічнай пераўзброенасці, нарошчванні экспарту. Трэба адзначыць, што ў асартыменце, які пастаянна абнаўляецца, звыш 350 відаў і мадыфікацый вырабаў, што ўлічваюць тэндэнцыі сучаснай мэблевай моды. Каларытныя сюжэты вілейскага краю ўразілі прадстаўнікоў СМІ, даўшы новы штуршок журналісцкаму пошуку ў плане перспектывы развіцця яшчэ аднаго рэгіёна Міншчыны.
Пра сучаснае на Вілейшчыне ў кантэксце будучага расказалі журналістам падчас прэс-тура старшыня райвыканкама Віктар Кот і яго намеснікі Генадзь Касцевіч, Святлана Дзяруга.
Марыя КУЗАЎКІНА.
На здымках: моманты прэс-тура.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 185 queries