Складана ўявіць сабе школу без звонкіх дзіцячых галасоў, нават калі гэта вячэрні час або вольны ад вучобы дзень. Але ў мінулую суботу ўсіх здзівіла незвычайная цішыня школьных калідораў. Толькі гэта не таму, што школа апусцела… Наадварот, поўная актавая зала застыла ў чаканні сустрэчы. І сустрэча гэта адбылася…
Сярэднюю школу № 5 наведалі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Цанунін і Віктар Кажура – людзі, якімі сапраўды ганарыцца наш невялікі, але багаты талентамі горад.
Распачалася сустрэча песняй “Вiлейка” ў выкананні Казіміра Талстыкі. І гэты цудоўны музычны ўступ стаў першай прыступкай у лесвіцы шматлікіх тэм і пытанняў, якія былі закрануты ў поўнай неабыякавых і трапяткіх сэрцаў зале. Віктар Віктаравіч і Уладзімір Яфімавіч расказвалі дзецям пра сваё багатае на падзеі жыццё і творчасць, чыталі вершы, дзяліліся думкамі і жартавалі. Уладзімір Яфімавіч праспяваў некалькі песень на ўласныя словы і музыку, чым заваражыў кожнага, хто прысутнічаў у зале.
Увогуле, праз усё мерапрыемства чырвонай ніткай прайшла тэма радзімы, малой і вялікай, той радзімы, якая назаўсёды ў нашых сэрцах. У кожным радку верша ці песні, у кожным слове і дзеці, і дарослыя адчувалі боль за свае і чужыя страты, гонар за тое, што маюць права называцца беларусамі, пяшчоту і любоў да родных і блізкіх, сум за пражытыя гады. Самае прыемнае, што вочы ні аднаго дзіцяці не засталіся абыякавымі: яны гарэлі, свяціліся, глядзелі ў мінулае і будучае разам з паэтамі. Словы запрошаных гасцей прымусілі задумацца над жыццём сучасным і даўно мінулым, над тым, якой цаной дасталася перамога над фашызмам нашым дзядам і прадзедам, колькі страт прынёс нам жудасны Чарнобыль.
Больш таго, было вельмі прыемна, што ўвесь час у зале чулася толькі родная мова. На жаль, яе мілагучнасці не хапае ў паўсядзённым жыцці, і многія з дзяцей былі здзіўлены тым, што так прыемна чуць на беларускай мове самыя звычайныя і самыя блізкія сэрцу кожнага чалавека словы – матуля, радзіма, каханне…
Нягледзячы на тое, што тэмы, закранутыя ў час мерапрыемства, былі сур’ёзныя (ад некаторых пачутых радкоў слёзы міжвольна каціліся па шчоках), сустрэча закончылася весела і аптымістычна.
Працяглыя апладысменты доўга не адпускалі гасцей са сцэны залы. І, канешне, лепшым падарункам для паэтаў сталі шчырыя словы ўдзячнасці і расчуленыя дзіцячыя сэрцы.
Асобна хочацца выказаць словы падзякі арганізатару гэтага мерапрыемства – намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяне Беляўцовай, якая адчула, што сустрэча з таленавітымі людзьмі, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню і праслаўленню Беларусі, стане глытком свежага паветра для маладога пакалення.
Наталля ЛЮБАВІЦКАЯ.
Фота Казіміра Талстыкі



