Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Свята вуліцы Савецкай стартавала з плошчы Свабоды

За час свайго існавання самая прыгожая і старажытная вуліца нашага горада Савецкая памяняла многа назваў. Яе называлі і «Ад царквы да двара», бо брала пачатак з плошчы, дзе стаяла на той час адзіная ў горадзе царква, і Мінскай, і Мінска-Дзісненскай, і Аляксандраўскай, і Пілсудскага, і Савецкай, і Беларускай, і зноў Савецкай… Вуліца пачынаецца ад плошчы Свабоды (колішняй Рынкавай, затым – Георгіеўскай) і цягнецца ў паўднёвым кірунку ад яе. З пачатку ХХ стагоддзя яна стала галоўнай гарадской вуліцай, пачала інтэнсіўна забудоўвацца адміністрацыйнымі, гандлёвымі, жылымі дамамі. Тут размяшчаліся гімназія імя Генрыка Сенкевіча, казначэйства і банк, аптэкі, крамы, рэстараны, гатэлі з гучнымі назвамі «Асторыя», «Англія», «Еўропа». Святамі ж вуліца пераўтваралася ў базар, дзе ішоў бойкі гандаль… Савецкая моцна пацярпела ў Вялікую Айчынную вайну – згарэлі многія драўляныя пабудовы. Але вуліца адрадзілася, і сёння яна галоўная ў горадзе. Тут многа прыгожых дамоў, устаноў, помнікаў гісторыі, культуры і архітэктуры. І здаецца, што тут дрэмле сама гісторыя. Разбудзіўшы яе і прыслухаўшыся, даведаешся вельмі многа…

Што вы, паважаныя чытачы, уяўляеце, пачуўшы слова «фэст»? Вось-вось: мноства людзей, песні і жарты, бойкі гандаль і, вядома, госці… Менавіта такое мерапрыемства – святочны фэст «Ад царквы да двара» – адбылося ў горадзе на мінулым тыдні. Усе разам – віляйчане і госці горада – ушаноўвалі вуліцу Савецкую.
Свята стартавала з плошчы Свабоды. Тут гасцей песнямі і жартамі сустракалі вілейскія артысты. Праз імправізаваныя веснічкі госці праходзілі на вуліцу толькі тады, калі «плацілі» нам, віляйчанам, шчырымі пажаданнямі нашаму гораду. Цёплыя словы гучалі на рускай, украінскай, польскай мовах. Госці з гарадоў-пабрацімаў з іншых краін знайшлі многа цёплых пажаданняў, шчыра дзякавалі за адкрытасць, гасціннасць і дабрыню. А ў адказ ім гучала мілагучная беларуская мова…
Пад музыку і песні праходзілі людзі па вуліцы Савецкай, прыпыняючыся ля кожнай пляцоўкі. Такіх прыпынкаў, дзе дэманстраваліся творчасць вілейскіх майстроў, іх таленты і дасягненні, прадукты нястомнай працы нашых руплівых землякоў, было многа. І за кожным – нейкі свой эпізод, калі так можна сказаць, этап з гісторыі вуліцы. Толькі такое вось свята можа ўдала спалучыць у сабе карцінкі з часоў жыцця на гэтай зямлі вілейскага старосты Юзафа Паца (а гэта другая палова XVIII стагоддзя) і такі бадзёра-узнёслы марш піянераў; фотавыставу знакамітага фатографа Бермана, які жыў і тварыў на вуліцы Савецкай да 1939-га года, і работы сённяшніх мастакоў і творцаў нашага краю; беларускія песні і танцы, якія спявалі і пад якія танчылі нашы продкі, і музыку і танцы Вілейшчыны маладой… У свяце вуліцы былі задзейнічаны многія творчыя і працоўныя калектывы нашага раёна, таму назваць усіх проста немагчыма. Самае галоўнае, што свята старэйшай вуліцы горада атрымалася. Вядома ж, дзякуючы нашым агульным намаганням. І было яно, гэта свята, узнёслым, светлым, яркім, захапляльным і, безумоўна, пазнавальным. Таму кропку на такога роду мерапрыемствах ставіць нельга – на чарзе святы іншых вуліц горада. А кожная з іх мае сваю, не менш цікавую, гісторыю.
Ірына БУДЗЬКО.
На здымках: такім быў фэст.
Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 185 queries