Што такое малая радзіма? Адназначнага адказу на гэтае пытанне няма. Таму што кожны адказвае на яго па-рознаму. Для аднаго чалавека гэта тое месца, дзе ён нарадзіўся і вырас, для іншага — сяло або горад, дзе ён жыве, а для трэцяга — бераг рачушкі, старая таполя ў ваколіцы… Падобных меркаванняў існуе мноства, і ўсе яны па-свойму верныя. А ўсё з-за таго, што чалавек абірае сваёй радзімай тое, што дорага яго душы, што дорага яго сэрцу.
Сярод палёў і лясоў, на беразе маляўнічай ракі жыве і квітнее вёска Слабада. У нядзелю 12 ліпеня адзначылі свята роднай вескі. “Мілы куточак роднага краю”— у адрас вяскоўцаў было сказана шмат цёплых слоў падзякі за іх спагадлівасць, дабрыню, працавітасць і душэўную цеплыню. Па традыцыі адзначылі самых старэйшых жыхароў вёскі гэта-Кісель Галіна Стэфанаўна і Касовіч Валянціна Мікалаеўна, у гэтым годзе ім спаўняецца 92 гады, а Павел Каркотка — самы маленькі жыхар вёскі.Таксама віншавалі жыхароў, якія ў гэтым годзе адзначаюць свой юбілей , а іх было аж 11, у падарунак гучалі музычныя віншаванні.
З прывітальным словам да землякоў звярнуўся старшыня Іжскага сельвыканкама Дзітрый Субач . Ён адзначыў, што вельмі важна, ідучы па жыццёвай сцежцы, не губляць сваіх каранёў, сустракацца з людзьмі, якія былі побач у дзяцінстве, паказалі дарогу ў вялікі свет.
І якое ж свята без добрай песні? На працягу мерапрыемства гучалі музычныя нумары, якія дарылі жыхарам удзельнікі мастацкай самадзейнасці Іжскага сельскага клуба. Вяскоўцы актыўна падтрымлівалі артыстаў, падпявалі, танчылі і дарылі ўсім свой выдатны настрой. А ўсё таму, што вось такія яны добрыя, працавітыя і вясёлыя — жыхары вёскі Слабада.
Жыхар вёскі, воін-інтэрнацыяналіст,
палкоўнік у адстаўцы
Аляксандр Віктаравіч Лашук/Фота аўтара