Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Светлана Гром: «Я отдала медицине 46 лет»

Менавіта так склалася ў аднаго з самых вядомых, заслужаных і вопытных прадстаўнікоў сваёй прафесіі – загадчыка Нарачанскай урачэбнай амбулаторыі Святланы ГРОМ.

 

У сваю прафесію Святлана Ула­дзіміраўна прыйшла больш за сорак пяць гадоў назад. Немагчыма падлічыць, колькім чалавекам дапамагла яна за гэты час і ўсіх тых, для каго, без перабольшвання, стала выратавальнікам. Чулая, нераўнадушная, чалавечная, сціплая – такой яна была і застаецца зараз. Святлана Уладзіміраўна не з тых, хто прывыкае да чужога болю – яна і цяпер, на пятым дзясятку гадоў працы, абвострана адчувае яго, імкнецца зрабіць усё магчымае, каб аблегчыць, дапамагчы, выратаваць…

– Мой працоўны шлях у медыцыне пачаўся ў далёкім 1974-ым, – прыгадвае Святлана Уладзіміраўна. – Нямала гадоў лячыла людзей у Докшыцкім раёне, пра што засталося многа ўспамінаў і ўражанняў. Напрыклад, пра тое, як бальніцу і амбулаторыю, дзе я была галоўным урачом, наведаў тагачасны міністр аховы здароўя СССР Яўген Чазаў. Канешне ж, хвалявалася перад сустрэчай. А міністр аказаўся вельмі простым, даступным у зносінах чалавекам, які гутарыў з намі на роўных. Хіба такое забудзеш?
І ўсё ж самым шчаслівым перыя­дам сваёй працы Святлана Ула­дзіміраўна лічыць два дзясяткі гадоў, якія яна жыве ў Нарочы. За гэты час амаль роднымі сталі ёй людзі гэтага куточка Вілейшчыны.

– А галоўнае – разуменне, падтрымка кіраўніцтва мясцовай гас­падаркі, – прызнаецца Святлана Уладзіміраўна. – Такіх кіраўнікоў, як Генадзь Кучко, я ніколі не сустракала. Ні адно наша пытанне, ні адна просьба не пакінуты ім без увагі. Патрэбны матэрыял для рамонту? Без праблем. Неабходна нешта з «разумнай» тэхнікі? Гаспадарка дапамагае. Генадзь Мечыслававіч заходзіць да нас, цікавіцца праблемамі, разам з намі радуецца поспехам. Цяпер, у перыяд вакцынацыі, разам з ім стараемся, каб як мага болей людзей зразумелі яе важнасць.

Каля 1300 чалавек, у тым ліку 170 дзяцей, абслугоўвае Нарачанская амбулаторыя. Тут працуюць 10 чалавек. Вяскоўцам у медыцынскай установе прапаноўваецца многае. Стаматолаг, участковая медсястра, фельчар-­акушэр, лабарант прымаюць тут наведвальнікаў. Да іх паслуг – і фізіякабінет, дзе праводзяцца розныя працэдуры. Два разы у год у аграгарадок наведваюцца медработнікі з раёна і праводзяць флюараграфію, рэгулярна прыязджае ўрач-гінеколаг, на прыем да якога загадзя запісваюцца жанчыны.
З цеплынёй расказвала пра свой калектыў Святлана Уладзіміраўна. Усе яны – прафесіяналы сваёй справы, адказныя людзі. Такія, да прыкладу, участковая медсястра Наталля Шайко, акушэрка Дар’я Лях (дзяўчына з дынастыі працаўнікоў аховы здароўя, у свой час была медсястрой яе бабуля). Ды і пра кожнага са сваіх калег, побач з якімі працуе многа гадоў, вопытны ўрач адгукаецца як пра блізкіх і родных людзей.

Працоўны шлях Святланы Гром адзначаны мноствам розных узнагарод. Наўрад ці пералічыш усе іх па памяці. З самых нядаўніх і ганаровых – знак «Отличник здравоохранения Республики Беларусь», якога урач удастоена чатыры гады таму назад. Што і казаць, высокая і заслужаная шматгадовай працай узнагарода.

Ірына БУДЗЬКО/ Фота Вікторыі АПЯЦЁНАК

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 189 queries