Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Вілейскі раённы Дом рамёстваў атрымаў Гран-пры і Дыплом III ступені ў конкурсе «Велікодная пісанка»

Чацверты раз Стаўбцоўшчына сабрала ўдзельнікаў рэгіянальнага свята-конкурсу майстроў аздаблення велікодных яек. Гэтае мастацкае свята традыцыйна праходзіць напярэдадні Вялікадня. Нажаль традыцыі вырабу пісанак у Беларусі на сённяшні дзень часткова забытыя, таму ў мэтах выяўлення традыцыйных і сучасных форм вырабаў, арнаментальных матываў, разнастайнасці тэхналогій і мастацкіх прыёмаў рамяства ў рэгіёне, а таксама пошуку шляхоў адраджэння традыцый аздаблення велікодных яек і было прынята рашэнне правядзення свята-конкурсу майстроў беларускай пісанкі “Велікодная пісанка”.

У Стаўбцоўскім раённым Цэнтры рамёстваў свае мастацкія работы – распісаныя ў розных відах мастацкай творчасці велікодныя яйкі – прадставілі майстры з шматлікіх раёнаў Міншчыны, а таксама Гродненскай і Брэскай абласцей. Усяго ўдзел у конкурсе прынялі больш за 40 майстроў. Гран-пры конкурсу быў прысуджаны майстру-метадысту з Вілейскага раённага Дома рамёстваў Алене Кісялёвай – за зберажэнне, захаванне і папулярызацыю традыцый роспісу беларускіх пісанак. Сваю ўзнагароду на свяце таксама атрымала і кіраўнік гуртка, майстар вілейскага Дома рамёстваў Наталля Данілевіч у намінацыі «Аздабленне натуральных яек тэхнікай роспісу воскам», заняўшы ІІІ месца. Праведзенае свята дало майстрам унікальную магчымасць пазнаёміцца і павучыцца разнастайным тэхнікам роспісу яек, паглядзець, чаго дасягнулі ўмельцы іншых раёнаў і абласцей у гэтым відзе творчасці.

20170410_110626

Знамянальна тое, што нашы майстры ўжо другі год запар бяруць Гран-пры – гэта гаворыць аб высокім узроўні майстэрства, а таксама аб трывалых традыцыях адраджэння тэхнік народнага роспісу і аздаблення велікодных яек. І гэта не выпадкова, бо раённы Дом рамёстваў праводзіць вялікую працу ў накірунку папулярызацыі і адраджэння старажытных відаў рамёстваў і промыслаў, у тым ліку і традыцыйнай велікоднай пісанкі. Падцвярджэнне гэтаму служыць і дзейнасць на базе Дома рамёстваў адзінага ў Беларусі «Музея яйка» такога кшталту, дзе сабрана вялікая калекцыя распісаных і аздобленых у розных тэхніках пісанак, а таксама аўтарскія работы і тут жа праводзяцца шматлікія майстар-класы і семінары.

20170410_110417

Яшчэ з дахрысціянсіх часоў яйка служыла сімвалам вясны і вясенняй энергіі сонца. Яно ўвасабляла народныя ўяўленні пра жыццёвыя сілы, сімвалізавала абуджэнне прыроды пасля зімовага сну, з’яўлялася сведчаннем чалавечага дабрабыту. З прыняццем хрысціянства яйкі як сімвал увайшлі ў абрад святкавання Вялікадня. Гэтыя мініяцюрныя творы народнага мастацтва сімвалізуюць бессмяротнасць і адраджэнне. Для беларусаў яйка з’яўляецца асноўным сімвалам Велікоднай абраднасці, увасабляючы сабой любоў да жыцця. Мастацкае аздабленне пісанак надае ім глыбокае сімвалічнае значэнне. Пісанкі выконвалі спецыяльна для асвячэння на ўсяночнай у царкве ці касцёле, пасля чаго іх раздавалі дзецям, дарылі валачобнікам. Шырока ўключаліся пісанкі ў розныя народныя гульні і забавы, якія аматары народных традыцый Вілейшчыны стараюцца адрадзіць сёння і надаць ім новы подых жыцця.

20170410_1104177 20170410_103535

Важна, што ў свяце-конкурсе прымаюць ўдзел майстры Мінскай вобласці, сярод якіх як дзеці, так і дарослыя. Удзельнікі конкурсу звяртаюць свой погляд на разнастайнасць традыцыйных прыёмаў аздаблення яек і заахвочваюць выкарыстаннем аўтарскіх тэхнік, дапамагаюць зазірнуць у таемны свет велікодных сімвалаў. Канкурсанты ў сваіх работах выкарыстоўваюць традыцыйныя і сучасныя тэхнікі аздаблення велікодных яек: тэхніку роспісу воскам (шпількай, цвіком); тэхніку простай афарбоўкі “крашанкі”, “травянкі”, “капанкі”, “драпанкі”, інкрустацыю саломкай, упрыгоджванне бісерам. Маладыя майстры прадстаўляюць таксама сучасныя тэхнікі дэкаравання, такія як квілінг і дэкупаж, роспіс фарбамі, «пэйп-арт».

Журы свята-конкурсу ўзначаліла загадчыца традыцыйнага аддзела народнай творчасці Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Вольга Хачкова. Самая галоўнае, што  значным вынікам конкурсу стала захаванне і адраджэнне традыцый мастацтва аздаблення велікодных яек і далейшае развіццё гэтай самабытнай з’явы нацыянальнай культуры, яе прасоўванне ў сучасны побытавы асяродак. Свята-конкурс завершана, але яно падаравала  ўсім светлы пасхальны настрой.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота прадстаўлена Ксеніяй Сасонка

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ
Яндекс.Метрика 51 queries