Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Сцешыцкаму касцёлу споўнілася 20 год

У суботу, 6 жніўня, у Сцешыцах адбылося прастольнае свята, якое парафія адзначала юбілейны 20 раз. Сёння цэнтр аграгарадка Сцешыцы ўпрыгожвае невялікі касцёл, які быў пабудаваны з 1993 па 1996 год. Над яго галоўным фасадам узвышаецца 3-ярусная вежа-званіца, якая завяршаецца высокім шатром з крыжам. Касцёл асвечаны пад тытулам Перамянення Пана Езуса. Назва касцёла выбрана не проста – гэта вяртанне памяці пра некалі існаваўшы з 1786 года Каменна-Спасскі касцёл.

Зараз пры выездзе са Сцешыц на Даўгінава засталіся каталіцкія могілкі, ды яшчэ адна хата – гэта ўсё, што захавалася ад некалі існаваўшай вёскі Спас. А менавіта тут, яшчэ ў 1786 годзе быў па фундацыі Людвіга і Ізабеліны Камінскіх пабудаваны касцёл пад тытулам Перамянення Панскага, атрымаўшы статут філіі пры парафіі з цэнтрам у мястэчку Даўгінава. Драўляны, на бутавым падмурку касцёл меў «30 аршын даўжыні і 13,5 аршын шырыні», а таксама вежу-званіцу над уваходным фасадам. Інтэр’ер храма ўпрыгожвала тры алтары.

Касцёл дзейнічаў да 1866 года, калі праз пару год пасля падаўлення Паўстання 1863 года быў зачынены і перабудаваны ў праваслаўную царкву. У 1919 годзе будынак быў вернуты каталіцкай абшчыне Спаса. З гэтага моманту тут засноўваецца самастойная парафія, якая налічвала перад Другой сусветнай вайной да 2500 вернікаў. Але Вялікая Айчынная вайна  практычна цалкам знішчыла вёску, а ў 1957 годзе знік і сам касцёл, ад якога зараз можна ўбачыць толькі падмурак з валуноў. На жаль, час не захаваў здымак былога касцёла і пра яго мы можам меркаваць толькі па ўспамінах і апісаннях ў гістарычных крыніцах.

Сёння касцёл мае статут філіяльнага ад Касцяневіцкай парафіі. У 2006 годзе 5 жніўня Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцезіі еп. А. Дземьянка высвяціў новаствораны галоўны алтар святыні, а таксама гранітны крыж перад касцёлам.

Таму ў гэтым годзе двайны юбілей – 20 год пабудовы касцёла і 10 год асвячэння алтара. Няхай сучасны касцёл будзе сапраўдным пераемнікам былой старажытнай святыні.

Сяргей ГАНЧАР.

Фота Дз. Канецкага

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 143 queries