Стойлавы перыяд для жывёлагадоўчай галіны сур’ёзнае выпрабаванне. Я б нават сказала, своеасаблівая праверка на сапраўднага гаспадара. Нават чалавеку, які не вельмі разбіраецца ў сельскай гаспадарцы, многае становіцца зразумелым, калі ён прыходзіць на ферму, бачыць, які тут парадак і ў якім стане каровы ці цяляткі. Яшчэ большае ўяўленне аб парадку і гаспадарлівасці спецыялістаў даюць зводкі надояў і прывагаў. Ды яшчэ калі параўнаць гэтыя паказчыкі з лічбамі, якія значацца ў зводках лідараў… Карацей, паглядзіш – і многае ўбачыш.
Адной з формаў работы ў нашым раёне сталі выязныя семінары кіраўнікоў і спецыялістаў на канкрэтныя прадпрыемствы, у арганізацыі. Выехаўшы на месца, можна бачыць работу канкрэтнай гаспадаркі, дзяліцца вопытам, адмятаць негатыўнае, хваліць за прагрэсіўнае – адным словам, ацэньваць і рабіць пэўныя вывады.

На днях такое мерапрыемства пад кіраўніцтвам старшыні раённага выканаўчага камітэта Віктара Ката прайшло на базе ААТ «Новая Любанія» і «Чурлёны». У рабоце семінара прымалі ўдзел спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, кіраўнікі раённых сельгаспрадпрыемстваў і ўстаноў. Чаму менавіта гэтыя гаспадаркі былі выбраны, так сказаць, пляцоўкамі для семінара? Адказам на гэтае пытанне стануць статыстычныя даныя. Так, у «Новай Любаніі» ў лістападзе значна знізіліся паказчыкі валавой прадукцыі жывёлагадоўлі ў параўнанні з адпаведным перыядам 2015 года: вытворчасць малака склала 90,4%, надой на карову па гаспадарцы быў 241 кілаграм (гэта на 25 кілаграмаў меней, чым у лістападзе мінулага года). Усяго ў гаспадарцы налічваецца 3195 галоў, у тым ліку 1321 дойная карова. «Мінусуюць» і валавыя прывагі буйной рагатай жывёлы, якія склалі 66,3%, сярэднесутачныя прывагі галавы складаюць 432 грамы, што на 183 грамы ніжэй, чым было летась у гэты перыяд.
Тры жывёлагадоўчыя фермы гаспадаркі наведалі спецыялісты ў час мерапрыемства: «Каловічы», «Цынцавічы» і «Цэнтр». На кожнай з іх у лістападзе значна знізіліся вытворчыя паказчыкі. Сярэднесутачны надой у «Каловічах» склаў 6,9 кілаграма малака (мінус 0,9 да мінулага года); у «Цынцавічах» – 6,1 кілаграма (мінус 1,8 да леташняга); у «Цэнтры» – 8,9 кілаграма (мінус 0,6 кілаграма). Не радуюць і паказчыкі сярэднесутачных прывагаў. У чым жа справа? Адказ на пытанне кожны са спецыялістаў убачыў сам: непрыгожае становішча ў гаспадарцы склалася з-за парушэнняў тэхналогіі вытворчасці малака, рацыёна кармлення кароў, іх неналежнага догляду. Тут няякасна праводзяцца санітарныя дні, патрабуюць рамонту малочнае і мыйнае аддзяленні… І ўжо зусім незразумелымі выглядаюць сітуацыі, калі на ферме недапрацоўкі, «бо захварэла загадчыца» і калі не прывозяцца апілкі на подсцілку, «бо шафёр у водпуску». На многія такія важныя «дробязі», якія не патрабуюць вялікіх выдаткаў, а толькі гаспадарскага падыходу, было ўказана адказным спецыялістам гаспадаркі падчас мерапрыемства. Думаецца, гэтыя рэкамендацыі стануць ім добрым штуршком для выпраўлення становішча.
У ААТ «Чурлёны», куды ўдзельнікі семінара наведаліся таксама, налічваецца 4267 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 1665 – дойных кароў. Валавая вытворчасць малака ў лістападзе склала 349 тон (гэта 95,6% да ўзроўню адпаведнага перыяду мінулага года). Надой на карову – 206 кілаграмаў (мінус 7 да леташняга). Валавыя прывагі склалі 369 цэнтнераў (гэта 107% да мінулагодняга) – і гэта радуе. Сярэднесутачныя прывагі 458 грам, і гэта таксама невялічкі «плюс» у параўнанні з леташнім.

Удзельнікі мерапрыемства наведалі фермы «Муляры», «Золькі» і «Іжа» гэтай гаспадаркі. Агульны парадак, як адзначылі спецыялісты, на фермах падтрымліваецца, тэхналагічныя працэсы тут на больш высокім узроўні ў параўнанні з папярэдняй гаспадаркай, памяшканні, хоць і эксплуатуюцца даўно, дагледжаны лепш.

Семінар прайшоў, пакінуўшы літаральна ўсім яго ўдзельнікам нямала падстаў для роздуму. Так, час сёння няпросты, трымацца на плыву вельмі цяжка, на многае нярэдка не хапае самага галоўнага – сродкаў. І ўсё ж яшчэ цяжэй, калі бракуе элементарнага гаспадарскага падыходу да справы, якую даверана выконваць. Без гэтага, згадзіцеся, не будзе толку нідзе – ні на ферме, ні ў самым прэстыжным офісе.
Ірына БУДЗЬКО.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА










