У мінулую пятніцу Маладзечанскі Палац культуры сустракаў герояў. Менавіта гэта паняцце пасуе да кожнага з тых, хто прысвяціў жыццё сваё служэнню зямлі. Здаецца, высокія словы. Але людзі, якіх ушаноўвалі падарункамі і кветкамі, заслугоўваюць самых шчырых пахвал. І іх пачулі ветэраны сельскагаспадарчай вытворчасці ад старшыні абласнога выканаўчага камітэта Сямёна Шапіры:
– Зусім нядаўна мы адзначалі Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Гэтае свята праходзіла ў цудоўным і абноўленым горадзе Узда, дзе шмат гаварылася пра тых, хто расціў хлеб, араў зямлю, атрымоўваў прадукцыю жывёлагадоўлі. Але кожнаму зразумела, што ўсё пачыналася не з нуля. Добраўпарадкаваныя фермы, майстэрні, тэхніку, адбудаваныя вёскі мы атрымалі ад вас, паважаныя ветэраны сельскагаспадарчай вытворчасці. І вельмі шкадавалі, што не змаглі запрасіць вас на гэтае мерапрыемства… Таму вырашылі, што ў будучым усе прафесійныя святы будзем праводзіць у два этапы. Менавіта вы нас вучылі, што ветлівасць, дабрыня, увага, якія практычна нічога не каштуюць, на самой справе цэняць вышэй любых узнагарод. І, гаворачы сёння аб дасягненнях сталічнага рэгіёна краіны, мы ў першую чаргу павінны памятаць пра людзей, якія стаялі ля іх вытокаў. – Аднолькава ўражлівай была рэакцыя залы на гэтыя словы кіраўніка абласной выканаўчай улады.
Унікальнае па маштабнасці мерапрыемства, якога, сведчаць самі яго ўдзельнікі, яшчэ не было на Міншчыне, дазволіла заслужаным людзям адчуць усю глыбіню павагі ад сваіх нашчадкаў. Былі сярод ушанаваных і нашы землякі. Дэлегацыю Вілейшчыны вы бачыце на гэтым фотаздымку. Сюжэт занатаваны перад ад’ездам ветэранаў сельгасвытворчасці на іх абласное свята. Сярод тых, каму пашчасціла ў ім удзельнічаць – камбайнер былога саўгаса «Даўгінава» (цяпер – адкрытае акцыянернае таварыства з аднайменнай назвай) Віктар Развадоўскі. Пра яго, «Заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларускай ССР», неаднойчы расказвала сваім чытачам і наша раёнка. Віктар Іванавіч – кавалер двух ордэнаў Працоўнай Славы. Ён і сёння жыве клопатамі сваёй гаспадаркі, роднай вёскі Еськаўка, дзе прайшло яго жыццё, з якой падзелены лёс, дзе ўсё, што дорага і міла сэрцу.
Неаднаразовым героем нашых журналісцкіх публікацый быў і механізатар калгаса «XXI з’езд КПСС» (ААТ «Нарачанскія зоры») Уладзімір Плёска. На свята ў Маладзечна ён апрануў святочны гарнітур з высокімі ўзнагародамі – ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Тая краіна, якую мы памятаем, таксама ўмела ўшаноўваць сваіх герояў. Яны і сталі той асновай, той соллю зямлі, якая сілкуе сёння маладыя парасткі родавага дрэва хлебаробаў.
«Паважаныя ветэраны! Нашы настаўнікі! Я сёння вельмі хвалююся, таму што стаю перад людзьмі, якія вучылі нас хлебаробскай справе і сваім асабістым прыкладам паказвалі, як трэба шанаваць людскую працу, хлеб і жыццё, – усім і кожнаму адрасаваў гэтыя словы старшыня аблвыканкама, уручаючы заслужаныя ўзнагароды на сцэне Маладзечанскага Палаца культуры».
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Сяргея БЯДРЫЦКАГА
Соль зямлі Міншчыны
Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
НОВОСТИ РУБРИКИ









