Шлях Перамогі

Вилейская районная газета – свежие и интересные новости

Скарына. Полацк. Свята

Адгучалі мелодыі святочнага канцэрта “Залатая калекцыя беларускай песні”, названы імёны лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне літаратуры. Эстафета Дня беларускага пісьменства з Полацка перададзена ў горад Іванава Брэсцкай вобласці. Мерапрыемствы, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, Дню беларускага пісьменства і 1155-годдзю горада Полацка, сталі гісторыяй.

кажуро

Але засталіся ўспаміны і ўражанні. А ўражанні гэтыя самыя прыемныя і светлыя. Найперш ад таго, што рэклама мерапрыемства, разгорнутая ў сродках масавай інфармацыі, пацвердзіла высокі статус свята. Гэта было бачна ў падрыхтоўцы горада: чысціня, парадак, святочнае афармленне дамоў і вуліц, плакаты, расцяжкі, якія расказвалі пра гісторыю Полацка і яго слаўных ураджэнцаў. А яшчэ – людзі, палачане. Ветлівыя, паважлівыя, гатовыя падказаць, паказаць, даць незнаёмаму чалавеку-госцю патрэбную інфармацыю.

Такім мы, члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, убачылі Полацк, калі прыехалі на Свята. Прыемна, што ў складзе нашай дэлегацыі былі тры прадстаўнікі з Вілейкі: Бажэна Мацюк, Уладзімір Цанунін і аўтар гэтых радкоў.

Пляцоўка “Слова пісьменніка”, на якой мы працавалі (дарэчы, вядучымі праграмы Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі былі Бажэна Мацюк і я), прыцягвала ўвагу гасцей і аматараў літаратуры не толькі сваім афармленнем (а яно адпавядала агульнай тэматыцы: 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, 135-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа), але і духоўнай напоўненасцю. Нашы літаратары сур’ёзна рыхтаваліся да выступлення, і гэта адчувалася ў змесце прачытаных імі твораў. Тут гучала і паэзія, і проза. А яшчэ – песні. І не толькі акрэсленыя рамкамі агульнай тэматыкі, але і выбраныя самімі аўтарамі. Гучала пераважна беларускае слова. Аднак можна было пачуць на пляцоўцы і рускую мову. І гэта – добра, бо Скарына даў кнігу не толькі нам, беларусам, але і ўсім усходнім славянам…

Пасля выступлення была магчымасць бліжэй пазнаёміцца з Полацкам, са Святам. Найперш уразіла шматлікасць, разнастайнасць і рознапланавасць пляцовак, на якіх можна было ўбачыць не толькі выступленні літаратараў, але і паслухаць песні і музыку, палюбавацца танцамі. Тым больш, што ўзрост артыстаў быў ад зусім юных да паважліва-пажылых.

А яшчэ здзівілі гандлёвыя рады. Іх было многа. З розным таварам. Але тавары гэтыя вызначаліся найперш тым, што таксама мелі дачыненне да ўрачыстасцей: на большасці вырабаў красавалася святочная сімволіка. І ўпэўнены, што любая купленая на святкаванні рэч надоўга захавае памяць пра Полацк, Скарыну, Свята.

Але які Дзень беларускага кнігадрукавання, калі не сказаць пра саму кнігу. Іх было многа. З розных выдавецтваў. На розныя тэмы. Бяры, што душа жадае. А нам прыемна, што сярод прапанаванай літаратуры можна было ўбачыць і кнігі вілейскіх аўтараў. І кнігі гэтыя карысталіся попытам.

А потым наступіў вечар. На цэнтральнай пляцоўцы, дзе днём слынныя “Песняры” выступалі з праграмай “Як на свет радзіўся Янка”, пастаўленай па тварах нашага класіка Янкі Купалы, пачаўся святочны канцэрт “Залатая калекцыя беларускай песні”. Што ні артыст, то імя: Леанід Барткевіч, Ядзвіга Паплаўская, Саша Нэма, Вікторыя Алешка, Валерый Скаражонак, “Чысты голас” і многія іншыя. А як гучалі ў іх выкананні песні на словы беларускіх паэтаў! Нават зацяжны дождж не парушыў еднасці спевакоў і гледачоў. Бо апошнія сэрцам успрымалі родную песню, спявалі разам з артыстамі.

І гэта было – Свята.

А для нас яшчэ адным прыемным уражаннем стала тое, як паставіліся арганізатары мерапрыемства, мясцовыя ўлады да запрошаных удзельнікаў. За кожнай дэлегацыяй быў замацаваны свой куратар, у якога ў любы час можна было атрымаць патрэбную інфармацыю. А пасля выступлення кожны з нас атрымаў падарунак. Прыемна! Ад Свята. Ад людзей. Ад магчымасці выступіць на такім слаўным Юбілеі.

Віктар КАЖУРА, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Фота прадстаўлена аўтарам

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 26 queries