Шлях Перамогі

Вилейская районная газета

Што зроблена службай з мэтай навядзення парадку на зямлі?

Калі пачынаецца месячнік па добраўпарадкаванні, мяркуецца, што і ў ім найперш будзе задзейнічана камунальная служба. Яна тут, выкарыстоўваючы тэрміналогію былых часоў, правафланговая. Аб чым сведчыць і распараджэнне старшыні райвыканкама, якім пастаўлены задачы адпаведным раённым структурам у кантэксце правядзення месячніка. Прафесійнае свята таму камунальнікі будуць сустракаць і праводзіць, як кажуць, у поце рук сваіх.

– Што зроблена службай з мэтай навядзення парадку на зямлі? – пытанне адрасавана намесніку дырэктара ўнітарнага прадпрыемства «Вілейская ЖКГ» Марыне Андрыеўскай.
– А хіба не бачна? – пытаннем на пытанне адказвае Марына Браніславаўна. – Ліквідаваны несанкцыяваныя смеццезвалкі ў мікрараёне Паўночным, убрана лесапаркавая тэрыторыя вакол урочышча Дубаўка…
Пакуль наша суразмоўца збіраецца з думкамі, хочацца некалькі «цёплых» слоў адрасаваць стваральнікам вышэйназваных смеццевых зборнікаў. Гэта, напэўна, той рэдкі выпадак, калі паняцце «стварэнне» набывае выяўлены негатыўны сэнс, калі крэатыўнасці мыслення аматара брудных слядоў хапае толькі на патаемную арганізацыю гэтага працэсу. Камунальная служба – своеасаблівы санітар тэрыторый, які кантралюе і ліквідуе сляды людской неахайнасці, безуважных адносін да асяроддзя.
Убіраецца набярэжная Віліі ўздоўж гарадскога парка. Упарадкаваны выгляд набыла веларолікавая траса, – Марына Андрыеўская працягвае пералічваць комплекс адноўленых пасля зімы работ, якія наканавана камунальнікам выканаць напярэдадні іх прафесійнага свята.
Марына Браніславаўна расказвае аб прывядзенні ў парадак міні-палігонаў, якія таксама запатрабавалі сезоннага рамонту. А яшчэ камунальнікі арганізавалі ў горадзе своеасаблівую акцыю па фарміраванню крон дрэў.
І тут вельмі важна не ўпусціць час, паспець, каб лістота выпырхнула з ужо абноўленых галін. Аўтавышку з пад’ёмнікам сёння можна бачыць у розных кутках горада. На вышыні з піламі працуюць людзі ў спецвопратцы работнікаў камунальнай службы. Івана Дашкевіча і Уладзіміра Жыхара, рабочых участка добраўпарадкавання, наш карэспандэнт занатаваў на вуліцы Вадап’янава. У гэты час на вуліцы Савецкай вёўся ямачны рамонт вулічнага пакрыцця. Працэс гэты цікавы для недасведчанага, паколькі звязаны з высокімі тэмпературамі, неабходнымі для разагрэву сумесі і суправаджаецца факельным ззяннем. За гэтай справай заспеў рэдакцыйны фотакарэспандэнт рабочых-камунальнікаў Андрэя Саковіча і Сяргея Манекіна.
Поўным ходам ідзе навядзенне парадку на могільніках, месцах забытых пахаванняў. Няхай загучыць і мінорны матыў у гэтыя перадсвяточныя дні. Паколькі святая наша памяць і самых лепшых слоў ушанавання вартыя тыя, хто яе захоўваюць.
Хочацца ад душы павіншаваць калектыў самай заклапочанай службы – жыллёва-камунальнай гаспадаркі, з яго прафесійным святам і пажадаць чыстага асяроддзя, удзячных людзей, многа сонечнага святла і шчаслівых, напоўненым высокім жыццёвым сэнсам дзён.
Марыя КУЗАЎКІНА.
Фота Аляксея КАМІНСКАГА і Сяргея БЯДРЫЦКАГА

Полная перепечатка текста и фотографий без письменного согласия главного редактора "Шлях перамогі" запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки | Условия использования материалов
Яндекс.Метрика 186 queries